wd wp Пошук:

Лясныя фіны

Лясны́я фі́ны (саманазва Metsäsuomalaiset) — субэтнічная група фінаў у Швецыі і Нарвегіі, нашчадкі фінскіх перасяленцаў канца XVI — пачатку XVII ст.

Гісторыя

Выжыганне лесу, мал. 1893 г.

З’яўленне лясных фінаў звязана з палітыкай шведскіх каралёў, якія ў XVI — XVII стст. стымулявалі ўнутраную каланізацыю мала населеных рэгіёнаў. Лясныя фіны паходзілі ад перасяленцаў з розных кутоў Фінляндыі, у тым ліку з поўдня. Яны займаліся падсечна-агнявым земляробствам, прадавалі танны драўняны вугаль на металургічныя прадпрыемствы і вырошчвалі жыта. Перасяленне ў асноўным адбывалася на поўнач сучаснай Фінляндыі, Інгерманландыю, поўнач Швецыі. У 1686 г. 1225 лясных фінаў жыло на ўсходзе Нарвегіі, дзе яны атрымоўвалі большыя ўраджаі жыта, чым самі нарвежцы.

Аднак перасяленне з Фінляндыі прывяло да сутыкнення інтарэсаў з мясцовым насельніцтвам і знішчэнню лясоў у час, калі будаўніцтва флота і патрэбы паўднёвых краін і Англіі прывялі да хуткага росту коштаў якаснай драўніны. Таму ў другой палове XVII ст. улады Швецыі і Даніі, якой тады належыла Нарвегія, пачалі прадпрымаць крокі да спынення фінскай міграцыі і выправаджэння лясных фінаў далей на поўнач, дзе тыя сутыкаліся з саамамі. Для таго, каб павялічыць збор падаткаў, пачалі сталы перапіс перасяленцаў. З канца XVIII ст. у Швецыі праводзілася палітыка, накіраваная на асіміляцыю выхадцаў з Фінляндыі. Скарачэнне магчымасцей падсечна-агнявога земляробства вымушала лясных фінаў таксама змяняць лад жыцця — будаваць фермы, займацца жывёлагадоўляй, гандляваць, здабываць руду, наймацца на перапрацоўку жалеза.

Значны ўнёсак у даследаванне і адраджэнне цікавасці да своеасаблівай культуры лясных фінаў зрабіў Карл Аксель Готлунд (17961875 гг.). Ён нават марыў пра стварэнне ў цэнтральнай Скандынавіі спецыяльнага аўтаномнага адміністрацыйнага ўтварэння лясных фінаў.

Сучасны стан

У канцы XIX — першай палове XX ст. большасць лясных фінаў была асімілявана шведамі і нарвежцамі, прыняла іх мову і культуру, аднак працягвала вылучасць сябе з шэрагаў іншаэтнічнага насельніцтва, у тым ліку квенаў Нарвегіі і новых перасяленцаў з Фінляндыі. У Швецыі захавалася група торнедаленцаў, якія збераглі сваю арыгінальную мову меянкіелі. У Нарвегіі лясныя фіны маюць статус нацыянальнай меншасці. У Швецыі ў 1999 г. такі статус прызнаны за торнедаленцамі. У абедзьвюх краінах створаны грамадскія арганізацыі нашчадкаў лясных фінаў, працуюць этнаграфічныя музеі.

Культурныя традыцыі

Музей культуры лясных фінаў у Швецыі

Асноўны перыяд перасялення лясных фінаў у Цэнтральную Скандынавію прыпаў на 15801630 гг. У асноўным перасяленне адбывалася на каралеўскія і дзяржаўныя землі, на якія не распаўсюджвалася права прыватнай маёмасці. Лясныя фіны апынуліся ў ізаляцыі ад іншых груп фінскага насельніцтва, што спарадзіла арыгінальнае далейшае развіццё іх культуры.

Асноўным заняткам лясных фінаў доўгі час лічылася падсечна-агнявое земляробства, якое прадугледжвала выпальванне лесу ўвесну або загадзя ўвосень, збор драўнянага вугля і попелу, якія з’яўляліся каштоўнымі таварамі, пасеў жыта і іншых сельскагаспадарчых культур і нагляд за ўраджаем. У канцы XVIII ст. у эканоміцы перасяленцаў важную ролю стала адыгрываць бульба. Паколькі створаныя такім чынам палеткі хутка трацілі натуральныя ўгнаенні, то іх праз 2 або 3 гады пакідалі, каб спыніцца на новым месцы. Гэта вымушала займаць вялікія па плошчы надзелы, так што адно паселішча знаходзілася на адлегласці да 30 км ад іншага. Жыццё ў лесе прадугледжвала таксама іншыя гаспадарчыя заняткі — жывёлагадоўлю (трымалі авечак, аленяў, кароў), рамёствы, узімку секлі лес, наймаліся на сезонную працу і г. д.

Жытло будавалі на ўзгорках недалёка ад крыніц пітной вады. Важнай пры заснаванні сядзібы была праверка мясцовай глебы, якую часцяком спрабавалі на смак. Добрая глеба павінна была ўтрымоўваць дастатковую колькасць вільгаці, не быць занадта сухой або мокрай. Лясныя фіны верылі, што месца, выбранае імі, можа аказацца занятым звышнатуральнымі падземнымі істотамі. Суседства з імі пагражала хваробамі і няўдачамі. Таму перасяленцы доўга ляжалі на зямлі і прыслухоўваліся да старонніх гукаў. Часам падземным істотам прапаноўвалі ласункі і манеты. На месцы будучага паселішча выпускалі пеўня, які павінен быў спяваць, што значыла, што яно сапраўды добрае. Сядзібы складаліся з доўгай хаціны savupirtti, дзе абавязкова мелася гаспадарчая прастора. Там захоўвалі прылады працы, майстравалі, узімку трымалі свойскую жывёлу, і свіран riihi для захоўвання ўраджаю. У адрозненні ад фінаў Фінляндыі лясныя фіны рэдка будавалі лазні. Гэта тлумачыцца ўплывам лютэранскіх прапаведнікаў, якія лічылі фінскія саўны месцам паганскіх рытуалаў і распусты.

Ня гледзячы на старанні святароў, многія рысы паганскай культуры захоўваліся сярод лясных фінаў да пачатку XX ст. Яны шанавалі мядзведзяў. Вылучаўся пласт шаманаў, якія выступалі то як арганізатары старажытных абрадаў, то як лекары, то як суддзі. Знутры пашыраных сем’яў практыкавалі культ продкаў.

Распаўсюджаныя музычныя інструменты — арфа kantele і скрыпка. Фальклор лясных фінаў адметны вялікай колькасцю чарадзейных казак, замовамі і прымаўкамі.

Цікавы факт

Амерыканскія генеолагі сцвярджаюць, што сярод продкаў прэзідэнта Джорджа Буша быў лясны фін Монс Андэрсон, які перасяліліся ў Новы Свет ў сярэдзіне XVII ст.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Народы Швецыі
Катэгорыя·Фіна-ўгорскія народы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Народы Нарвегіі
Катэгорыя·Народы Еўропы