У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Лошыца (значэнні).
Ло́шыца, або Лошыца 1-я — былая вёска на правым беразе ракі Лошыцы, цяпер мясцовасць у паўднёвай частцы Мінска, у сутоках Лошыцы і Свіслачы.
Напэўна, у X—XIII стст. мясцовасць басейна ракі Лошыцы складала аднайменную воласць, пра засяленне таго часу сведчаць Лошыцкія селішчы (цяпер у парку) і Лошыцкія курганныя могільнікі (вышэй па цячэнні, каля Лошыцы 2-й). З часам воласць раздрабілася на шэраг маёнткаў.
Магчыма, воласць цалкам («са ўсім, што да Лошыцы слухае») у 1440—1447 гадах вялікі князь Казімір надаў князю Аляксандру Сангушкавічу і загадаў «усім лашычанам» быць яму паслухмянымі. Больш пра наданне нічога не вядома, а князь Аляксандр Сангушкавіч дзейнічаў у іншым рэгіёне[1], таму атаясненне названай Лошыцы з менскай гіпатэтычнае.[2]
У валадарства ж вялікага князя Казіміра «іменейца» (маёнтачак) «на рацэ… на Лошыцы» ў Пятра Дзержкавіча купіў пісар гаспадарскі Пятрашка Любіч, што ў 1493 годзе яму пацвердзіў вялікі князь Аляксандр[3], тым самым дакументам яму ж пацверджана і купля «зямлі» на рацэ Лошыцы ў Станкі Біцевіча, але гэтыя маёнтачак і зямля не тычыцца пазнейшых «двароў» Лошыцкіх[4] (гл. Пятроўшчына). Таксама вядома Лошыца Скіндзераўская, якая да 1574 года ўжо належала Яну Курашу (гл. Курасоўшчына), яе сувязь з «дварамі» Лошыцкімі не прасочваецца.
Першыя пэўныя ўладальнікі Лошыцы — Хадкевічы, калі і як атрымалі ўладанне невядома, але з судовай справы 1511 года вынікае, што Лошыца была вотчынным маёнткам Аграфены, дачкі менскага намесніка Івана Хадкевіча і жонкі пазнейшага менскага намесніка князя Багдана Заслаўскага[2]. Князь Багдан атрымаў на ўладанне пацвярджэнне вялікага князя Аляксандра[5], а ў 1511 годзе судзіўся за Лошыцу з вялікай княгіняй Аленай, да якой маёнтак або яго частка нейкім чынам трапіла[2].
Прынамсі дзве дачкі князя Багдана — князёўны Марыя і Фядора, атрымалі ў спадчыну па бацьку долі ў Лошыцкім уладанні. Доля Марыі ў 1557 годзе названа як Лошыцкі двор князя Талачынскага (князя Толочинского двора Лошицкого), яе першага мужа. Пазней ён называўся Лошыцай Гарнастаеўскай, па другім мужы Марыі — Іване Гарнастаі. Доля Фядоры, вышэй па рацэ Лошыцы, у 1557 годзе названа як «двор» Сухая Лошыца князя Адзінцэвіча, яе другога мужа (пазней вядомы як Лошыца Адзінцоўская, Лошыца Немаршанская і ўрэшце вёска Лошыца 2-я).
Пасля смерці маці і сясцёр Марыі, Ганны і Фядоры, які памерлі без нашчадкаў, Лошыцкі вотчынны маёнтак цалкам спадкавала князёў Таміла Багданаўна, жонка князя Рыгора Друцкага-Горскага. Пазней маёнтак зноў быў падзелены, ужо паміж іх дзецьмі — 4 сынамі і 4 дочкамі. Першая згадка князёў Друцкіх-Горскіх у сувязі з Лошыцай датавана 1574 годам. Урэшце, у 1597 годзе, пасля раздзелу айчызны і мацярызны з братамі, Лошыцу Гарнастаеўскую як долю спадчыны атрымаў сын Тамілы — князь Фёдар Друцкі-Горскі[5], Лошыца была яго асноўным маёнткам. Затым ёй валодалі нашчадкі князя Фёдара — сын Рыгор, унук Тэадор Караль, праўнук Міхал Антоні князі Друцкія-Горскія.
У 1703 годзе маёнтак перайшоў да Ежы Антонія Прушынскага, потым да яго з Тэрэзай Ратомскай сына — маршалка Галоўнага трыбунала Юзафа Прушынскага (1709—1790), кавалера ордэнаў Белага Арла і Св. Станіслава. З Юзафам звязана фарміраванне барочнай сядзібы 2-й паловы XVIII ст. У гэты час Лошыца вядома па інвентарах 1772, 1777, 1785 гадоў. У 1779 годзе ўладанні падзелены паміж сынамі Юзафа, Лошыцу з фальваркам Весялоўка пад Менскам атрымаў малодшы (шосты) сын Казімір; Новы Двор і Трасцянец — Антоні; Каралішчавічы — староста менскі Станіслаў (1753—1800).
Ад Казіміра Прушынскага Лошыцу ўспадкаваў сын брата Антонія — Станіслаў-Ксаверый (пам. 1807), пасля яго смерці ўладальніцай стала жонка Ганна з Сямашкаў, потым іх сыны — Ірэні, які памёр маладым, і за ім Яўстах Прушынскі (1797—1877), мінскі губернскі маршалак (1863—1877)[6]. Гэтым часам у Лошыцы часта бываў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, які сябраваў з Яўстахам[6]. Пры Прушынскіх у XVIII—XIX ст. Лошыца дасягнула найбольшага росквіту, нанава была пабудавана сядзіба з шэрагам гаспадарчых будынкаў.
Пасля смерці Яўстаха Прушынскага, Лошыцкі маёнтак успадкаваў яго пляменнік — Ян Янавіч Любанскі (1820—1884), сын сястры Яўстаха — Тэклі Прушынскай, жонкі Яна Любанскага.
Найбольш паспяховы перыяд развіцця маёнтка звязаны з сынам Яна Янавіча Любанскага і Аляксандры Юзафаўны з Сулістроўскіх — Яўстахам Любанскім (1859 — пасля 1913). Маёнтак стаў адной з найлепшых гаспадарак Мінскай губерні, а Лошыца вядомым месцам свецкага жыцця[7], тут збіраліся заможныя дваране (Эдвард Вайніловіч, Ежы Чапскі і інш.) і прагрэсіўная інтэлігенцыя губерні. Яўстах Любанскі быў членам камітэта па будаўніцтве касцёла Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску, выбіраўся ў мінскую гарадскую і Дзяржаўную думу I-га склікання, быў актыўным членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, старшынёй камітэта Мінскай лясной біржы, добра ведаў стан сельскай гаспадаркі. Пры Яўстаху канчаткова сфарміраваны сядзібна-паркавы комплекс, у тым выглядзе, што захаваўся да цяперашняга часу. У развіцці маёнтка вялікую ролю адыграла і яго жонка Ядвіга (пам. 1905), дачка Гераніма Кеневіча. Пасля трагічнай смерці Ядвігі ў 1905 годзе, у 1913 годзе Яўстах пакінуў сядзібу і выехаў на Каўказ, дзе знік без вестак. Апошнім прыватным уладальнікам Лошыцкай сядзібы быў яго брат Аляксандр Янавіч Любанскі (1863—1932) з Любані[7].
У 1920-я гады НКУС арганізаваў у Лошыцы школу падрыхтоўкі дыверсійных груп для закідвання ў Заходнюю Беларусь.
У 1925 годзе на базе саўгаса «Лошыца-1» адкрыта беларускае аддзяленне Усесаюзнага інстытута прыкладной батанікі і новых культур.
Лошыцкі яр (Чорны Яр) — месца ў Лошыцы, дзе расстрэльвалі ў Першую сусветную вайну, у 1918 годзе, у перыяд сталінскіх рэпрэсій. Гінулі тут салдаты, якія трымалі абарону Мінска ў 1941 годзе. На думку Зянона Пазняка, у гэтым месцы знаходзяцца рэшткі 7—10 тысяч чалавек.
У гады Вялікай Айчыннай вайны з ліпеня да лістапада 1944 года ў Лошыцы размяшчаўся Беларускі штаб партызанскага руху.
У 1985 годзе вёска Лошыца 2-я была ўключана ў склад Мінска.
З 2000 года пачалося будаўніцтва жылога раёна «Лошыца» побач МКАД, ад якой аддзелены вуліцай Прушынскіх. Мікрараён разлічаны на 50 тысяч жыхароў. Таксама захаваны кварталы індывідуальнай забудовы.
Паводле візітаў уніяцкіх цэркваў Менскага і Ашмянскага паветаў 1680—1682 гадоў, Лошыца (польск.: Łoszyca) належала да парафіі Каралішчавічаў[8], што сведчыць пра пэўнай колькасці вернікаў уніяцкай царквы ў Лошыцы. Як частка парафіі ўваходзіла ў Менскую пратапопію Менскага сабора[8].
У Лошыцкім парку захаваліся руіны каталіцкай капліцы 1788 года, узарванай у 1935 годзе, дзе знаходзіўся фамільны склеп Прушынскіх.
З 1997 года ў Лошыцы дзейнічае рымска-каталіцкая парафія Маці Божай Ружанцовай, пабудавана капліца на вуліцы Гашкевіча 1, збіраюцца сродкі на будаўніцтва касцёла «Маці Божай Ружанцовай».
Дзейнічае Богаяўленскі прыход Беларускай праваслаўнай царквы, будуецца храм Яўлення Гасподняга.