wd wp Пошук:

Весялоўка

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Весялоўка (значэнні). Весяло́ўка, Басалаўка, Бейсалаўка, Басіялаўскае прадмесце — гістарычная мясцовасць і колішняя вёска Мінска, размешчаная ў паўночнай частцы горада на правым беразе Свіслачы.

На паўднёвым захадзе ад Басіялаўкі месціцца прадмесце Людамонт, на паўночным захадзе — Кальварышкі і Крупцы, на ўсходзе — Пярэспа[1][2].

Гісторыя

Фальварак Басіялаўка вядомы з гістарычных крыніц XVIII ст.. У 1703 годзе ксёндз М. Круковіч набыў яго ў валоданне Менскага кляштара бенедыкцінаў.[3]

Назва мясцовасці мае татарскае паходжанне — гістарычна гэту мясціну насялялі беларускія татары. Праз складанасць назвы менскія ўраднікі штораз называлі фальварак па-рознаму: Бейсалаўка, Басалаўка, Басіялаўка, Бесіялаўка. Пазней гэту мясцовасць пачалі называць Весялоўкай[4]. У чэрвені 1875 года ферму ў Весялоўцы выкупіў прускі садавод Ю. І. Голаш, які ўзяўся за арганізацыю штучнага садаводства. Увосень таго ж года былі збудаваныя жылы дом, аранжарэя, цяпліца і заведзеныя парнікі, гадавальнікі пладовых ды іншых парод дрэў, кустарнікаў і да т.п. У 1883 годзе ферма займала 36 дзесяцін, была адкрытая лаўка на Захар’еўскай вуліцы ў доме Кругліка[5]. У пачатку XX ст. да Весялоўкі далучаныя Кальварышкі[6].

У красавіку 1919 года ў былым лецішчы банкіра Браўдэ ў Весялоўцы была заснаваная адна з першых у БССР моладзевых камун. З ініцыятывы гаркама камсамола тут распачала працу калонія працоўнай моладзі імя Г. Фейгіна, якая налічвала каля 500 чалавек[7]. За савецкім часам вёска, цэнтр калгаса Савецкая Беларусь Ждановіцкага сельсавета Мінскага раёна[8]. Вёска мела вуліцы Алейную (па далучэнні да горада пераназваная ў Садовы завулак), Крывую, Набярэжную і Садовую[6]. У 1970 годзе 192 двары, 800 жыхароў[8]. У 1972 годзе ўключаная ў межы горада Мінска, Цэнтральны раён. У пачатку 1980-х у часе будаўніцтва развязкі АрлоўскаяПаркавая магістраль і выставачнага цэнтра Белэкспа вёска была знесеная[6].

Сучаснасць

Пра колішняе прадмесце да 2006 года нагадвалі два Басіялаўскія завулкі з некалькімі вясковымі дамамі. Апошнія дамы па Басіялаўскіх завулках былі знесеныя ў часе рэканструкцыі Парка Перамогі. На поўнач ад іх, вакол выставачнага комплексу Белэкспа на вуліцы Арлоўскай, знаходзіцца другая частка раёна, які і ў наш час мае народную назву Весялоўка.

Зноскі

  1. «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Мінск: БелЭн, 2006. C. 196—197
  2. «Формирование территории г. Минска (1800 — 2004)» // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Мінск: БелЭн, 2006. C. 550—551
  3. Дзянісаў У. Мінскі кляштар бенедыкцінцаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 292. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  4. Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Мінск: БелЭн, 2006. С. 229—230
  5. Памятная книжка Минской губерніи на 1884 г.. — Минскъ. Типо-Литографія Р. Дворжецъ: Изданіе Минскаго Губернскаго Статистическаго Комитета, 1883. — С. 256. — 332 с.
  6. 1 2 3 Сацукевіч І. І., с. 5
  7. Гужалоўскі А., 2017, с. 85
  8. 1 2 Минск : энциклопедический справочник, 1983, с. 119

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Гістарычныя раёны Мінска
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Населеныя пункты, якія ўвайшлі ў склад Мінска