Дуброўка гусіная, Гусіная лапка[3] (Potentilla anserina) — від кветкавых раслін сямейства Ружавыя (Rosaceae).
Дуброўка гусіная, срэбнік[4], срэбрык[5], дуброўка[6], гарлянка белая, гусіная лапка, сярэбранік[7][8][9], гарлянка, лапкі[10][11], маркоўка, мяккая трава[7].
Гэта шматгадовая травяністая расліна, з моцным стрыжневым коранем, пакрытым бурымі рэшткамі прылісткаў. Сцеблы дугападобна прыўзнятыя, 10-30 см даўжынёй, пакрытыя гэтак жа, як хвосцікі і кветаножкі, белым або сівым лямцам з прымешкай рэдкіх простых валасінак. Прыкаранёвыя і ніжнія сцябловыя лісткі доўгачарашковыя, складаюцца з 6-7 лісточкаў, сярэднія і верхнія з 3-5 лісточкаў. Лісточкі зваротнаяйкападобныя, з вузкаклінападобным аснаваннем, на верхавіне з 2-5 зубцамі з кожнага боку ліста, зверху голыя або з досыць доўгімі рэдкімі валасінкамі, зялёныя, бліскучыя, знізу — белалямцавыя, серабрыстыя. Кветкі з прыемным пахам, трохі даўкаватыя на смак, 1,5—2 см у папярочніку, жоўтыя, на тонкіх кветаножках. Плады — тонкапарэпаныя, дробныя яйкападобныя сямянкі. Цвіце ў чэрвені — верасні.
Расце на схілах, лугах, пашах, палях, пакладах, каля жылля, часам невялікімі зараснікамі на ўзлесках, палянах, у зарасніках кустоў, па абочынах дарог.
Збіраюць усю траву — падчас цвіцення (сушаць на скразняку, на гарышчы пад жалезным дахам), насенне — увосень.
Ужываюць як звязальны, мачагонны, кровааздараўленчы, кроваспыняльны, болесуцішальны сродак пры спазмах і страўнікавых і маткавых болях і пры хваравітых менструацыях, для рэгуляцыі функцыянальнай дзейнасці тоўстых кішак, пры запорах; пры жоўцевакаменнай хваробы і хваробах печані (дзейнічаюць дубільныя рэчывы, горычы, смолы, слізь, солі).
Ужываюць пры страўнікавых коліках, ванітах.