Інспектар ДАІ лейтэнант міліцыі Яўген Патаповіч знік у Магілёве 16 мая 2019 года, праз некалькі гадзін яго знайшлі ў лесе мёртвым. Здарэнне выклікала рэзананс з прычыны меркаванага выкрадання і забойства міліцыянера, супрацоўнікі праваахоўных органаў пераследавалі цыганоў. Пазней следчыя прыйшлі да высновы, што міліцыянер інсцэніраваў сваё забойства і здзейсніў суіцыд[1].
Яўгену Патаповічу было 22 гады. Нарадзіўся ён у 1996 годзе ў г. Магілёве. У 2018 годзе скончыў Магілёўскі інстытут МУС Рэспублікі Беларусь, пасля чаго праходзіў службу ў батальёне дарожна-патрульнай службы ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама. Пражываў у мікрараёне каля завода імя Кірава ў Задняпроўі.
16 мая 2019 года ў Магілёве ўвечары, каля 18:00-18:30, невядомымі на «Волзе» быў выкрадзены і пазней знойдзены забітым супрацоўнік ДАІ Магілёва. Як стала вядома з расшыфроўкі аўдыёзапіса арыентоўкі міліцыі, каля 18 гадзін ён выбыў для разгляду на ДТЗ. У 18:27 даслаў паведамленне па Viber: «Тэрмінова. Чорная „волга“. Тры цыганы. Рэгістрацыйны знак — рускі». Пасля гэтага ён знік з табельнай зброяй[2].
Увечары ў Магілёўскай вобласці міліцыю паднялі па трывозе, у рэгіёне быў уведзены ў дзеянне план «Сірэна», на дарогах па ўсёй Беларусі выставілі блокпасты.
Пазней у лесе за два кіламетры ад Магілёва, у лесапаласе на скрыжаванні аб’язной дарогі Р123 (Прысна — Масток — Дрыбін — Горкі)[3] і шашы Р76 (Магілёў — Шклоў)[4] былі выяўлены зброя і цела інспектара з кайданкамі на руках[2]. У тэлеграм-канале Nexta з’явіліся фота забітага — раздзетага і са слядамі здзекаў[5].
На месца, дзе было выяўлена цела прыехала перасоўная крыміналістычная лабараторыя, якая працавала ўсю ноч. Раніцай 17 мая прыбыў першы намеснік старшыні Следчага камітэта Аляксей Волкаў[6].
Следчы камітэт завёў крымінальную справу паводле арт. 362 КК — забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў пры выкананні ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку[3]. Ход расследавання ўзяў на асабісты кантроль глава камітэта Іван Наскевіч[7].
Вышук забойцаў працягваўся ўсю ноч і на наступны дзень. У Магілёўскай, Гомельскай і Віцебскай абласцях на вуліцах і дарогах знаходзіцца шмат міліцыі, усе «Волгі» спыняюць, да агляду некаторых прыцягваюць АМАП[2].
Увечар і ўначы ў магілёўскім раёне Чапаева працавала міліцыя: прадстаўнікоў цыганскай дыяспары дапытвалі, некаторых затрымоўвалі[2]. Сярод затрыманых былі жанчыны, старыя людзі і нават падлеткі. Па расказах людзей, сілавікі паводзілі сябе агрэсіўна, крычалі, пагражалі цыганам тым, што «жыцця ім не будзе»[8].
Па словах уласніка аўтамабіля «Волга» з рэгістрацыйным нумарам «У694ОР98», Васіля Н. (ураджэнец Смаленскай вобласці), які мае беларускае грамадзянства і жыве ў Віцебску, «машына цэлы дзень стаяла пад вокнамі інтэрната, дзе мы жывём разам з жонкай. Учора ўвечары прыйшла міліцыя, машыну забралі. Цяпер яна ў іх на экспертызе»[9].
20 мая на брыфінгу ў Мінску начальнік галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта Яўген Архірэеў заявіў, што асноўная версія смерці — суіцыд. Следства ўстанавіла што ў дзень гібелі Патаповіч на спадарожным аўтамабілі дабраўся да чыгуначнага пераезду ў раёне вуліцы Першамайскай і Вакзальнай. У гэты дзень супрацоўнік самастойна прыняў рашэнне выбыць ва ўказанае месца, праігнараваўшы ўказанні аператыўнага дзяжурнага выбыць для афармлення дарожна-транспартнага здарэння на завулку Арлоўскім. Паводле следчых, згаданы раней аўтамабіль «Волга» з расійскімі нумарамі ў перыяд з 18 да 21 гадзіны 16 мая на відэазапісах з камер вонкавага назірання па вуліцах Першамайскай і Крупскай не зафіксаваны[10].
На целе супрацоўніка не знойдзена цялесных пашкоджанняў, акрамя агнестрэльнага ранення. Прадстаўнікі Следчага камітэта і МУС назвалі дэзінфармацыяй паведамленні, што рукі супрацоўніка былі «далонямі вонкі». Таксама акцэнтавалі ўвагу на тым, што ніякіх раненняў у вобласці пахвіны не было, кроў на ніжняй бялізне апынулася там з-за позы цела. Адсутнасць на міліцыянце штаноў у патлумачылі тым, што яны былі наўмысна спалены загіблым з дапамогай вадкасці для распальвання. Паводле следчых, падчас агляду месца здарэння знойдзены табельны пісталет, два магазіны, 15 патронаў, тры пакеты дроў, вадкасць для распальвання, іншыя асабістыя рэчы. Каля 11 гадзін у адной з крамаў Магілёва Патаповіч купляў дровы, вадкасць для распальвання агню і рыдлёўку, пра што сведчыць запіс з усталяванай у краме відэакамеры[10].
Следства пацвердзіла інфармацыю пра факт спробы супрацоўніка ДАІ Яўгена Патаповіча звесці рахункі з жыццём у красавіку. У выніку вывучэння ноўтбука Яўгена Патаповіча аператыўнікі ўстанавілі, што 1 красавіка ён падрыхтаваў шэраг паведамленняў сваім супрацоўнікам і сваякам, якія ўтрымлівалі звесткі пра яго суіцыдальныя намеры[10].
Бацькі загінулага лейтэнанта не прызнаюць версію з самазабойствам.[11]
16 мая былі затрыманы дзясяткі цыганоў у магілёўскіх пасёлках Грабянёва і Чапаеўка, дзе яны кампактна пражываюць. Супрацоўнікі праваахоўных органаў урываліся ў дамы цыган гвалтам, гаспадароў збівалі, пасля чаго везлі ў раённыя аддзелы міліцыі. Кожны быў дапытаны па справе забойства Патаповіча, некаторыя сцвярджаюць, што з іх спрабавалі выбіць паказанні. Цыганоў утрымлівалі пад вартай, як дробных хуліганаў. 19 мая іх вызвалілі з ізалятара часовага ўтрымання[12].
Паводле старшыні грамадскага аб’яднання «Беларуская дыяспара цыганоў» Алега Казлоўскага, затрыманні былі не толькі ў Магілёве: да цыганоў прыходзілі міліцыянеры ва ўсіх рэгіёнах Беларусі[12].
Цыганы з магілёўскага пасёлка Чапаеўка звярнуліся да памочніка прэзідэнта па Магілёўскай вобласці Міхаіла Русага, каб той абараніў іх ад «ціску і пагрозаў з боку праваахоўных органаў». 21 мая першы намеснік міністра ўнутраных спраў Іван Падгурскі на пытанне БелаПАН, ці не лічыць ён, што МУС павінна папрасіць прабачэння перад цыганамі, адказаў: «Можа быць, і трэба. Не ведаю, ці будзем»[12].
23 мая міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, адказваючы на пытанні журналістаў перад пасяджэннем у парламенце, заявіў, што «ў міністра няма ні нагоды, ні падставаў прасіць прабачэння ў цыганоў» Ён таксама ацаніў дзеянні сваіх падначаленых у гэтай частцы як абсалютна абгрунтаваныя, якія адпавядаюць тым абставінам, у якіх праводзілася раскрыццё гэтага асабліва цяжкага злачынства[13].
У той жа дзень па даручэнні галавы дзяржавы кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава ў Магілёве сустрэлася з прадстаўнікамі мясцовай цыганскай дыяспары. Падставай для размовы сталі скаргі, агучаныя ў сродках масавай інфармацыі, на парушэнні ў ходзе праверачных мерапрыемстваў па факце гібелі інспектара ДПС Яўгена Патаповіча. Наталля Качанава за сітуацыю, што здарылася, прадстаўнікам мясцовай дыяспары прынесла прабачэнні, «калі сапраўды ў час расследавання абставін справы мелі месца факты некарэктных дзеянняў». Таксама яна акцэнтавала ўвагу, што па ўсіх скаргах і зваротах будуць праведзены разборы, і асабліва адзначыла, што міжэтнічны мір і згода ў Беларусі з’яўляюцца безумоўным прыярытэтам[14].
18 мая адбылося ўрачыстае развітанне з Яўгенам Патаповічам, прыехалі сілавікі з усёй Беларусі, а таксама кіраўніцтва МУС, нябожчыка адпеў праваслаўны святар[15]. Яўгена Патаповіча пахавалі ў вёсцы Вішоў Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.