Ваўня́нка ружовая, Вяўнянка[1][2][3], Малачай моташны[2], Ваўнуха (Lactarius torminosus) — шапкавы базідыяльны грыб з роду Млечнік (Lactarius) сямейства Сыраежкавыя (Russulaceae).
Ваўнянка, розавая ваўнянка, гаўнянка, дурны рыжык, воўненка, ваўнушка, валнушка, салдацкі рыжок, воўненха, воўнех, валнянка, валавянка[4], валвяк, валовік, каровеха, малочнік, кабыленка, малачай, кароўка, каза, лосеў грыб, ваўненка, валнушка, валняшка, гарашка, гарашачка, валнуха, ваўнячка, красненькая, ваўнейка, валнейка, валанянка, валненка, ваўняначка, вайлушачка, мачонка, мачоначка, мачонік, салёнік, адсаліванік, горкі грыб, вавёнка, ваўняк, воўленка, волненка, валойка, валасянка, каза, таварычы рыжок, вужаўка, каровенка, воўнянка[5], воўненіца, воўнік, воўчы рыжок, ваўнянак, валнуха, валаўяк, валмянік, валамянка[6], баран, мачонка, падалешка, падалешнік, малачайка, воўчанак, валвянка, ваўнёнка, валэвінка, ваўнюнка, валжанка, кабыла, малачанік[2].
Пладовае цела грыба — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 4—10 см, пукатая, потым шырокалейкападобная, з падагнутым уніз пушыстым краем, чырванавата-ружовая, з выразнымі канцэнтрычнымі зонамі, сухая або слізкаватая, лямцава-валасістая. Мякаць шчыльная, светла-крэмавая, з белым едкім млечным сокам, са слаба смалістым пахам. Пласцінкі прырослыя або зыходзячыя, белаватыя, потым жаўтавата-ружаватыя. Ножка цыліндрычная, пустая, гладкая, святлейшая за шапку.
Пашырана ў Еўропе, Усходняй Азіі, Паўночнай Амерыцы. На тэрытоыі Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі ў лясах розных тыпаў, асабліва ў бярэзніках (утварае з бярозай мікарызу). Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліпені—кастрычніку.
Ядомы грыб (спажываецца салёны пасля вымочвання або адварвання). У некаторых краінах (Германіі, Польшчы) лічыцца ядавітым.