wd wp Пошук:

Вацлаў Костак-Бярнацкі

Вацлаў Костак-Бярнацкі (польск.: Wacław Kostek-Biernacki; 28 верасня 1884, Люблін, Расійская імперыя — 25 мая 1957, Варшава, ПНР) — дзяржаўны дзеяч міжваеннай Польшчы.

Біяграфія

Маладыя гады

З 1904 года дзеяч Польскай сацыялістычнай партыі. У 1909 годзе ўступіў ва Французскі Замежны легіён. Падчас Першай сусветнай вайны яго полк апынуўся на фронце, Костак-Бярнацкі быў паранены і патрапіў у нямецкі палон, адкуль бег у Кракаў. У Польшчы ўступіў у Польскую вайсковую арганізацыю Юзафа Пілсудскага. Быў салдатам I Брыгады Легіёнаў Польскіх, дзе ў 1918 даслужыўся да афіцэра. У часцях устанаўліваў дысцыпліну па ўзоры Замежнага легіёна, арганізоўваў ваенную жандармерыю[1].

Дзейнасць у мірны час

У мірны час быў афіцэрам польскай арміі і ўвесь час знаходзіўся пры Пілсудскім, якога абагаўляў[1]. Пасля майскага перавароту 1926 года ўлада перайшла ў рукі прыхільнікаў Пілсудскага.

У 1930 Костак-Бярнацкі быў прызначаны камендантам Брэсцкай крэпасці, якая служыла турмой для палітвязняў, праціўнікаў Пілсудскага, у тым ліку былых парламентарыяў, асуджаных у час Брэсцкага працэсу.

З 1 ліпеня 1931 па 8 верасня 1932 быў ваяводам Навагрудскага ваяводства, а з 8 верасня 1932 па 2 верасня 1939 — ваяводам Палескага ваяводства. Пры ім нацыянальная палітыка польскіх улад на Палессі набыла выразны асіміляцыйны характар з выкарыстаннем рэпрэсіўных метадаў[2].

Паколькі беларускую мову назвалі сваёй толькі 6,6 %, а ўкраінскую — 4,8 % жыхароў, то была зроблена спроба трактаваць Палессе як адметны рэгіён, а сама назва «паляшук» стала моцна прапагандавацца. Ваявода Костак-Бярнацкі настойваў на неабходнасці асаблівай палітыкі адносна Палесся. У прыватнасці, на Палессі жыло шмат праваслаўных (77,6 %) з моцнымі прарускімі настроямі і культам цара, а таксама з рускай мовай, таму ў мэтах польскай дзяржавы было надаць праваслаўнай царкве польскі характар праз пэўныя захады. Сярод апошніх найбольш важным бачылася ўвядзенне польскай мовы ў праваслаўнае набажэнства і навучанне рэлігіі ў школе. Такія змены не выклікалі вялікага супраціву, і таму наступным крокам уладаў стала патрабаванне вядзення метрычных кніг толькі па-польску. Костак-Бярнацкі быў праціўнікам пашырэння ўплыву ўніятаў, бо бачыў у грэкакаталіцкай царкве чыннік, які «русіфікаваў палешукоў і ўзмацняў украінскі сепаратызм»[3].

У палескага ваяводы ўзніклі пэўныя непаразуменні з пінскім біскупам Зыгмунтам Лазінскім, які быў супраць выкарыстання рэлігіі з мэтай паланізацыі нацыянальных меншасцей, аднак, наступны біскуп Казімір Букраба (1933—1939) падтрымаў палітыку ваяводы[3].

У красавіку 1933 года Костак-Бярнацкі звярнуўся ў Міністэрства ўнутраных спраў[pl] з просьбай надаць яму надзвычайныя паўнамоцтвы «для барацьбы са шкоднымі элементамі», якія замінаюць хуткай асіміляцыі палешукоў[4]. Ужо ў справаздачах ваяводы за лістапад — снежань 1934 года адзначаецца, што «беларусы за паўтары гады не правялі на Палессі ніводнай акцыі». Уплыў украінскага руху на Палессі ад 1932 года таксама няўхільна змяншаўся. Былі зліквідаваныя ўсе вясковыя бібліятэкі-чытальні «Просвіти на Поліссі»[uk], а таксама зачынена адзіная ўкраінская школа гэтага таварыства ў Брэсце[2].

У лютым 1937 года палескі ваявода накіраваў сакрэтны ліст міністру ўнутраных спраў, дзе выказаў свае прапановы адносна кадравай палітыкі, школьнай адукацыі, каланізацыі Палесся і паланізацыі праваслаўнай царквы. Характэрным з’яўляецца тое, што ваявода ў чарговы раз звярнуў увагу на неабходнасць каланізацыі палескіх гарадоў і мястэчак. Палітыка вайсковага і цывільнага асадніцтва прызнавалася немэтазгоднай да моманту меліярацыі Палесся. Рабіліся спробы вылучэння сярод мясцовага насельніцтва груп, больш лёгкіх да паланізацыі, напрыклад, нашчадкаў «даўняй засцянковай шляхты», чые прадстаўнікі вызнавалі ў асноўным праваслаўе і не атаясамлялі сябе з польскасцю. Польскія ўлады лічылі магчымым, што пры адпаведнай дзяржаўнай палітыцы «засцянковую шляхту» можна зрабіць саюзніцай у справе ўмацавання польскасці на Палессі[2]. У яе ўладаннях мусілі дзейнічаць школы, каб «уваскрэсіць даўнейшыя традыцыі і абудзіць пачуццё прыналежнасці да польскага народа». З мэтай працы з мясцовай шляхтай утвараліся спецыяльныя асветніцкія арганізацыі[3].

Будучы Палескім ваяводам адказваў за працу канцлагера ў Бярозе-Картузскай.

Другая сусветная вайна

3 верасня 1939 года Костак-Бярнацкі прызначаецца Галоўным грамадзянскім камісарам у рангу міністра. Яму падпарадкоўваліся ўсе грамадзянскія адміністрацыі на тэрыторыі аператыўных дзеянняў арміі. Бярнацкі-Костка стаў трэцім чалавекам у дзяржаве пасля прэзідэнта Ігнацы Масціцкага і маршала Эдварда Рыдз-Сміглы[1].

У верасні 1939 знаходзіўся ў акружэнні маршала Рыдз-Сміглы. Разам з усім штабам прыбыў у Брэсцкую крэпасць, якая павінна была стаць стаўкай галоўнакамандуючага. Калі 17 верасня 1939 года Чырвоная Армія ўварвалася ў межы II Рэчы Паспалітай, Костак-Бярнацкі быў ужо на граніцы з Румыніяй. У той жа дзень штаб арміі перайшоў граніцу.

Жыццё ў Румыніі

У Румыніі палякі, якія перайшлі граніцу былі інтэрнаваны і паселены ў мясцовасці Краёва без права выезду. Усю вайну Костак-Бярнацкі вёў ціхае жыццё ў Румыніі і не ўдзельнічаў у палітычнай дзейнасці[1].

Арышт і зняволенне

Пасля заканчэння войны новы польскі ўрад запатрабаваў ад Румыніі выдаць «злачынцаў», у тым ліку і Костку-Бярнацкага. Яго падвяргалі жорсткаму следству на працягу 8 гадоў, у выніку чаго яго здароўе было сапсавана (рэўматызм дайшоў да такой ступені, што ён нават не мог трымаць лыжку). У сакавіку 1953 года яму ўручылі абвінаваўчы акт, па якім ён вінаваціўся ў здрадзе Радзіме, супрацоўніцтве з немцамі на шкоду польскаму народу, фашызацыі краіны да 1939 года, здзеках над палітвязнямі, падтрымцы Рыдз-Сміглы ў перамовах з немцамі і іншых злачынствах.

Пасля нядоўгага працэса Костку-Бярнацкага прысудзілі да смяротнага пакарання, аднак замянілі яго на пажыццёвае зняволенне. У выніку дзвюх амністый, тэрмін быў скарочаны спачатку да 15 гадоў, а потым да 7,5 гадоў. З прычыны таго, што да гэтага моманту Костак-Бярнацкі ўжо правёў у зняволенні 11 гадоў, ён быў вызвалены.

Бярнацкі-Костка памёр у Варшаве ў 1957 годзе.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Оремус Ф. Воспоминания о Бернацком-Костке.
  2. 1 2 3 П. А. Абламскі. РЭГІЯНАЛІЗМ У НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ПАЛІТЫЦЫ II РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ (НА ПРЫКЛАДЗЕ ПАЛЕСКАГА ВАЯВОДСТВА)
  3. 1 2 3 Юрась Бачышча. Польская школьная палітыка на Палессі: вядомае і невядомае.
  4. Gomółka, K. Polityka rządów polskich wobec mniejszośći białoruskiej 1918—1939 / K. Gomółka // Białoruskie zeszyty Historyczne. — 1995. — № 4. — S. 106—120.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Узнагароджаныя Залатым Крыжам Заслугі
Катэгорыя·Кавалеры крыжа Храбрых
Катэгорыя·Памерлі 25 мая
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1884 годзе
Катэгорыя·Афіцэры ордэна Адраджэння Польшчы
Катэгорыя·Ваяводы навагрудскія (Польская Рэспубліка)
Катэгорыя·Памерлі ў 1957 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Любліне
Катэгорыя·Памерлі ў Варшаве
Катэгорыя·Нарадзіліся 28 верасня
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Ваяводы палескія
Катэгорыя·Камандоры ордэна Адраджэння Польшчы