wd wp Пошук:

Бандароўна

«Бандароўна» — паэма Янкі Купалы, завершаная 24 чэрвеня 1913 года. Першая з паэм, напісаных Янкам Купалам улетку 1913 года ў Акопах. Упершыню надрукаваная ў газеце «Наша Ніва» 19 ліпеня 1913 года. Чарнавы аўтограф паэмы з закрэсленым аўтарскім прысвячэннем: «Паўліне Мядзёлцы» захоўваецца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы.[1]

Вытокі

У аснове сюжэту паэмы — тры варыянты народнае песні пра Бандароўну, запісаныя на Гарадзеншчыне, Ашмяншчыне і Случчыне.[2] Моцны матывамі гераізацыі, гарадзенскі варыянт твора ўяўляе сабой гістарычную песню аб пагібелі сумленнай прыгажуні Бандароўны. У ашмянскім і слуцкім варыянтах расповяд пра Бандароўну — гэта сямейна-побытавая песня маралізатарскага зместу.[1]

Асноўныя сюжэтныя звенні паэмы ўзятыя з гарадзенскага варыянту, вядомага яшчэ па запісах Я.Чачота.[3] Гродзенскі варыянт абумовіў і рытміка-інтанацыйную аснову паэмы, якая стала адным з класічных узораў засваення Купалам фальклорнае спадчыны, ідэйна-мастацкага яе асэнсавання і пераўтварэння ў новую ідэйна-эстэтычную каштоўнасць. Акцэнты асуджэння Бандароўны як нявернай палюбоўніцы пана ўзятыя з ашмянскага і слуцкага варыянтаў, як і шэраг сюжэтных элементаў і матываў, асабліва выкарыстаных для характарыстыкі вобразу пана Патоцкага.[1]

Апісанне

«Дужы ты з сваім багаццем,
А я сілы большай. —
За мной праўда і народ мой,
За табой жа — грошы!»

Я. Купала

З паэмы «Бандароўна»

Па сваёй форме паэма — гераічнае паданне, песня-сага. На аснове сюжэтных вузлоў, вобразаў і матываў усіх трох варыянтаў народнае песні Я.Купала заглыбіў пачатковы сюжэт фальклорнае першакрыніцы сацыяльна, псіхаэмацыянальна, нязмерна ўзмацніў яго экспрэсію. Паэма ўяўляе сабой нацыянальны эпас героікі з апафеозам гераічнай смерці і справядлівай помсце, з узвялічэннем і паэтызацыяй цнатлівасці і гордае непакорнасці, з услаўленнем народу-бунтара. У аснову паэмы аўтар паклаў не канфлікт паміж героямі, як у народных песнях пра Бандароўну, а канфлікт паміж народам і прыгнятальнікам, паміж тыранам і свабодай.[1]

Аўтар захаваў народна-песенны прыём зацікаўленага, але старонняга апявання падзей і лёсу. Пры гэтым Я.Купала не ўхіляўся ад увядзення ў плынь аб’ектывізаванага апявання элементаў суб’ектыўнага суперажывання з гераіняй. Эмацыянальная сіла паэмы ў багацці паэтычных фарбаў. Яна ўвабрала ў сябе як традыцыйна-народную фальклорную вобразнасць, так і арыгінальную, характэрную Купалу рамантыку. Аўтар выкарыстаў у паэме традыцыйна-народныя выслоўі, устойлівыя словазлучэнні, паэтычныя формулы, характэрныя народнай казцы або гутаркавай мове. Шырока ўведзены ў паэму прыём паралелізму.[1]

Водгукі

Канчатковы вынік, які выцякае з аналізу кампазіцыйнага пабудавання і стылю… паэм [«За што», «На куццю», «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»], зводзіцца да таго, што гэтымі творамі Я. Купала ўвёў беларускую літаратуру ў галіне гэтага жанру ў агульнае рэчышча літаратуры еўрапейскай.
Андрэй Вазнясенскі[4]

Пераклады і мастацкія ўвасабленні

На рускую мову паэму пераклалі А. Пракоф’еў і С. Родаў, на ўкраінскую — А. Малышка, Т. Масэнка. Ілюстравалі паэму Ф. Бараноўскі, М. Басалыга, М. Бельскі, Ю. Герасіменка, А. Кашкурэвіч, Я. Раманоўскі, В. Шаранговіч. Паводле матываў твору Г. Гарэлава напісала сімфанічную паэму.[1] Вобразы паэмы ляглі ў аснову спектаклю «Янка Купала. Кругі раю» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Бандароўна (паэма)». — C. 62—63.
  2. Змешчаныя ў «Матэрыялах для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга края» П.Шэйна.
  3. «Вясковыя песенькі з-над Нёмана і Дзвіны», Вільня, 1846.
  4. Янка Купала. «Магіла льва» (з народнага падання). 1913(нявызн.). Праверана 3 лістапада 2012.(недаступная спасылка)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
З’явіліся ў 1913 годзе
Паэмы Янкі Купалы
Літаратурныя творы паводле алфавіта
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі