Анексія акупаваных тэрыторый Украіны Расіяй была абвешчаная 30 верасня 2022 года пасля правядзення ў чатырох акупаваных рэгіёнах Украіны фіктыўных рэферэндумаў аб уваходжанні ў склад Расіі[1][2]. Імітацыя рэферэндумаў была арганізавана акупацыйнымі адміністрацыямі Расіі і не адпавядала заканадаўству Украіны і міжнароднаму праву[3]. Сфальсіфікаваныя[4][5][6] галасаванні праводзіліся па адным сцэнары з адсутнасцю прыватнасці і ў суправаджэнні ўзброеных людзей[7][8].
Расія заявіла аб далучэнні тэрыторый Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай абласцей Украіны, як кантраляваных УС РФ і самаабвешчанымі ДНР і ЛНР, так і не кантраляваных (цэнтр Запарожскай вобласці — горад Запарожжа, у Данецкай вобласці — горада Славянск, Краматорск і інш.).
У 2014 годзе прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін у звароце ў сувязі з «далучэннем Крыма да Расіі» запэўніваў, што РФ не збіраецца анексаваць іншыя тэрыторыі Украіны[9]. 21 лютага 2022 года Расія прызнала незалежнасць ДНР і ЛНР, а раніцай 24 лютага пачалося уварванне Расіі ва Украіну. У звароце да нацыі «аб спецаперацыі» Уладзімір Пуцін запэўніваў, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторый не плануецца[10]. Аднак падчас ўварвання былі захопленыя шырокія тэрыторыі Украіны, у прыватнасці вялікая частка тэрыторыі Херсонскай, Запарожскай і Луганскай абласцей. 23—27 верасня 2022 года на акупаваных тэрыторыях без выканання мінімальных дэмакратычных норм былі спешна праведзеныя так званыя «рэферэндумы аб далучэнні да РФ», якія не былі прызнаныя сусветнай супольнасцю[11][12][13].
Далучэнне тэрыторый было аформлена як адначасовае падпісанне Прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным дагавораў з кіраўнікамі «ДНР» і «ЛНР» Дзянісам Пушыліным і Леанідам Пасечнікам, а таксама кіраўнікамі расійскіх акупацыйных адміністрацый Херсонскай і Запарожскай абласцей Уладзімірам Сальда і Яўгенам Баліцкім[14]. Раней, у ноч з 29 на 30 верасня, Пуцін падпісаў указ аб фармальным прызнанні незалежнасці Херсонскай і Запарожскай абласцей[15].
2 кастрычніка Канстытуцыйны суд Расіі прызнаў адпаведнымі Канстытуцыі РФ усе чатыры дамовы аб далучэнні да Расіі тэрыторый Луганскай, Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцей[16].
2 кастрычніка кіраўнік камітэта Дзяржаўнай Думы па дзяржбудаўніцтве і заканадаўству Павел Крашаніннікаў зрабіў шэраг заяў аб тым, як з пункту гледжання Расійскай Федэрацыі будзе адбывацца «далучэнне да Расіі» гэтых рэгіёнаў: на іх да канца 2022 года будзе дапускацца зварот грыўны; жыхары дадзеных абласцей будуць атрымліваць грамадзянства Расіі пасля падачы заявы і прынясення прысягі грамадзяніна РФ; мясцовыя ўзброеныя сілы прапануецца ўнесці ў склад Узброеных Сіл РФ і іншых сілавых ведамстваў. Таксама, паводле яго слоў, мясцовыя органы федэральных органаў выканаўчай улады павінны з’явіцца да 1 чэрвеня 2023 года[17].
3 кастрычніка спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін абвясціў, што ніжняя палата парламента «аднагалосна» ухваліла ратыфікацыю дамоваў аб «прыняцці ў склад Расійскай Федэрацыі» самаабвешчаных ДНР і ЛНР і акупаваных Запарожскай і Херсонскай абласцей Украіны. Галасаванне праводзілася чатыры разы — па кожнай анэксаванай тэрыторыі асобна[18][19]:
ДНР | ЛНР | Запарожская вобласць |
Херсонская вобласць | |
---|---|---|---|---|
«За»[20][21] | 413 | 412 | 409 | 411 |
«Супраць»[20][21] | 0 | 0 | 0 | 0 |
Устрымалісь[20] | 0 | 0 | 0 | 0 |
Усяго галасавалі (па афіцыйных даных Дзярждумы РФ)[20][21] |
413 | 412 | 409 | 411 |
Усяго зарэгістраваных на момант пачатку пасяджэння[21][22] |
408 | 408 | 408 | 408 |
Працэнт галасоў «За» Па дадзеных Дзярждумы РФ (ад агульнага ліку дэпутатаў)[20][21] |
92 % | 92 % | 91 % | 92 % |
Працэнт галасоў «За» Па дадзеных Дзярждумы РФ (ад колькасці галасаваўшых дэпутатаў)[20][21] |
100 % | 100 % | 100 % | 100 % |
Працэнт галасоў «За» па падліках СМІ (ад колькасці зарэгістраваных на момант пачатку пасяджэння)[21][22] |
101,2 % | 100,9 % | 100,2 % | 100,7 % |
Валодзін апраўдаў разыходжанне ў лічбах, якія галасавалі «тэхнічным збоем»[18][23] і заклікаў дэпутатаў быць больш уважлівымі[19][24].
4 кастрычніка Савет Федэрацыі прагаласаваў за далучэнне да Расіі Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай абласцей Украіны. Пасля гэтага дакументы вяртаюцца ў Крэмль для канчатковага падпісання Уладзімірам Пуціным[25][26].
Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў 3 кастрычніка на фоне наступаў УСУ не змог адназначна адказаць адносна межаў анексаваных тэрыторый Запарожскай і Херсонскай абласцей і сказаў, што працягнецца абмеркаванне гэтага пытання з іх насельніцтвам[27].
5 кастрычніка Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб уключэнні ў склад Расіі чатырох абласцей Украіны[28].
Прафесар міжнароднага права юрыдычнай школы Універсітэта Джорджыі Дзіяна Мары Аман мяркуе, што прававы пераход статусу тэрыторый ад акупаваных да анэксаваных быў неабходны Расіі для таго, каб юрыдычна адмовіцца ад выканання нормаў міжнароднага права на акупаваных тэрыторыях. Згодна з чацвёртай Жэнеўскай канвенцыі ад 12 жніўня 1949 года, акупаваная тэрыторыя лічыцца суверэннай тэрыторыяй акупаванай краіны — такім чынам, жыхары гэтых тэрыторый захоўваюць ўкраінскае грамадзянства і падпадаюць пад дзеянне ўнутранага заканадаўства Украіны, і абараняюцца Жэнеўскімі канвенцыямі ад замахаў на іх годнасць і правы. Заявай аб тым, што акупаваныя тэрыторыі належаць Расіі, акупант адхіляе выкананне ў адносінах да мясцовага насельніцтва норм міжнароднага гуманітарнага права, замяняючы яго унутраным расійскім заканадаўствам, што, як адзначае Аман, само па сабе супярэчыць міжнароднаму праву[29].
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі неўзабаве пасля выступу Пуціна ў Крамлі заявіў, што Украіна неадкладна падасць заяўку на ўступленне ў НАТА у паскораным рэжыме. ЗША ўвялі новы пакет санкцый супраць Расіі. Пад іх трапілі сваякі высокапастаўленых расійскіх чыноўнікаў, у тым ліку Дзмітрыя Мядзведзева, Міхаіла Мішусціна, Сяргея Шайгу і Сяргея Сабяніна. Кіраўнік ЦБ Эльвіра Набіуліна была ўключана і ў амерыканскі санкцыйны спіс, і ў брытанскі[30].
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў[30]:
ЗША асуджаюць распачатую сёння ашуканскую спробу Расіі анексаваць суверэнную тэрыторыю Украіны. Расія парушае міжнароднае права, парушае статут ААН і дэманструе сваю пагарду да міралюбных народаў па ўсім свеце.
30 верасня 2022 года прайшло пасяджэнне СБ ААН паводле праекта рэзалюцыі, прадстаўленай ЗША і Албаніяй, аб асуджэнні Расіі за анексію гэтых тэрыторый, завяршылася з 10 галасамі «за», 4 «устрымаліся» (Бразілія, Кітай, Габон, Індыя) і голасам «супраць» ад Расіі. Прадстаўнік РФ Васіль Небензя абвінаваціў складальнікаў рэзалюцыі ў «нізкасортнай правакацыі» з мэтай прымусіць Расію прымяніць права вета[31]. Намеснік Генеральнага сакратара ААН па пытаннях палітыкі і ўмацавання міру Размары Дзікарла асудзіла рэферэндум і заявіла[32]:
Аднабаковыя дзеянні, накіраваныя на тое, каб надаць бачнасць легітымнасьці спробе захопу сілай адной дзяржавай тэрыторыі іншай дзяржавы, якія суправаджаюцца заявамі аб прадстаўленні волі людзей, не могуць лічыцца законнымі па міжнароднаму праву.
Таксама ўвечары 30 верасня генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг у адказ на просьбу Украіны аб «паскораным уступленні» у гэтую арганізацыю ўхіліўся ад прамой падтрымкі заяўкі Украіны і пацвердзіў нязменную пазіцыю альянсу аб тым, што ён адкрыты для новых членаў. Ён заявіў, што рашэнне аб прыёме павінны прыняць усе 30 саюзнікаў на аснове кансенсусу. Разам з тым Столтэнберг паведаміў, што цяпер увага НАТА засяроджана на аказанні неадкладнай падтрымкі Украіне[33]. Па меркаванні выдання Politico, гэты крок Уладзіміра Зяленскага быў закліканы адцягнуць увагу ад старанна зрэжысаванай прамовы Уладзіміра Пуціна[33].
4 кастрычніка Міністэрства замежных спраў Паўночнай Карэі заявіла, што КНДР падтрымлівае заяўленую Расіяй анексію ўкраінскіх тэрыторый[34]; КНДР сталі першай краінай, якая падтрымала вынікі «рэферэндумаў аб далучэнні да Расіі»[35].
Ужо на наступны дзень пасля абвяшчэння далучэння да Расіі чатырох абласцей, 1 кастрычніка горад Лыман Данецкай вобласці, часткова блакаваны УСУ з 23 верасня, быў узяты пад кантроль Украіны[36][37].
Міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў заявіў, што для падтрымкі абласцей выдзелены сродкі з расійскага бюджэту[38].