wd wp Пошук:

Ян Караль Хадкевіч

.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst a,.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst span.iw{display:inline-block}.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst a::first-letter,.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst span.iw::first-letter{text-transform:capitalize}

Ян Караль Хадкевіч (1560 — 24 верасня 1621[3], Хоцін) — вайсковы і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Гетман вялікі літоўскі[3] (1605), ваявода віленскі (1616). Прадстаўнік старажытнага магнацкага роду Хадкевічаў, што паходзіў ад кіеўскіх баяраў (XV ст.). Належаў да найстарэйшай, быхаўскай, галіны роду і ад бацькі атрымаў у спадчыну тытул графа «на Шклове, Мышы і Быхаве».

Адзін з самых таленавітых вялікалітоўскіх палкаводцаў 17 ст. Прадстаўнік старажытнага магнацкага роду Беларусі і Літвы, што паходзіў ад праваслаўскіх баяраў 15 ст. Ян Караль Хадкевіч належаў да старэйшай, быхаўскай, галіны роду і ад бацькі атрымаў у спадчыну тытул графа на Шклове, Мышы і Быхаве. Вучыўся ў Віленскай і Інгальштацкай (Германія) акадэміях. Падчашы літоўскі (1596—1599), генеральны стараста жамойцкі (1599—1616), адначасова гетман польны (1601—1605), адміністратар Інфлянтаў з 1603, вялікі гетман літоўскі з 1605, ваявода віленскі з 1616; стараста дорпацкі, вяленскі, любашанскі.

У 1596 удзельнічаў у падаўленні паўстання Налівайкі (1595—1596). У вайну Рэчы Паспалітай са Швецыяй (1600—1629) вызначыўся ў бітве пад Кокенгаўзенам (1601), Дорпатам (1603), Белым Каменем (1604) і асабліва ў бітве пад Кірхгольмам (1605), дзе перамог з меншымі сіламі. Спачатку быў праціўнікам вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй (1609—1618), пасля камандваў войскам у паходах 1611 на Маскву, прывозіў у 1611—1612 харчаванне і боепрыпасы для гарнізона ў Крамлі. У жніўні-верасні штурмаваў Маскву, але не прабіўся на дапамогу гарнізону. У 1613—1615 абараняў Смаленскае ваяводства ад расійскіх войскаў. У 1617—1618 узначаліў войска, якое пайшло з каралевічам Уладзіславам (фармальна царом Расіі з 1610) здабываць маскоўскі трон. Разам з украінскім казацкім войскам гетмана П. Канашэвіча-Сагайдачнага заняў Тушына. У 1621 узначаліў беларуска-літоўскае, польскае і казацкае войска, супраць туркаў і крымскіх татар, у час пераможнай Хоцінскай бітвы памёр.

Доўгі час сакратаром у Я. К. Хадкевіча служыў Шыман Старавольскі.

Продкі Хадкевіча

У сям’і Хадкевічаў была традыцыя актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці Вялікага княства Літоўскага. Яго бацька, Ян Геранімавіч Хадкевіч (15371579), быў кашталянам віленскім (сенатарам) і адміністратарам Інфлянтаў (Лівоніі). Дарэчы, бацька ў 1568 г. атрымаў ад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фердынанда тытул графа з назвамі галоўных гарадоў і маёнткаў, якія належалі Яну Хадкевічу. Дзед вядомага беларускага палкаводца, Геранім Хадкевіч (15001561), быў кашталянам віленскім і ўваходзіў у склад паноў рады Вялікага княства Літоўскага. А брат дзеда, Рыгор Аляксандравіч Хадкевіч, які памёр у 1572 г., быў кашталянам віленскім і гетманам вялікім літоўскім. Гэтыя традыцыі роду, багатыя латыфундыі, галоўным чынам на Беларусі, і сваяцкія сувязі з магнацкімі сем’ямі Беларусі і Польшчы давалі магчымасць здольнаму і амбіцыйнаму чалавеку рабіць сваю кар’еру.

Ян Караль Хадкевіч быў сынам Яна Хадкевіча, у той час яшчэ стольніка літоўскага, і Крысціны Збароўскай, дачкі польскага магната Марціна Збароўскага, ваяводы пазнаньскага, а потым кашталяна кракаўскага. Адзін з братоў маткі, Ян Збароўскі, быў гетманам надворным у Польшчы; іншыя яе браты займалі пасады ваявод і кашталянаў.

Дзяцінства і юнацтва

Дзяцінства Яна Караля праходзіла ў гады Лівонскай вайны. Ён быў сведкам ваенных дзеянняў у Беларусі і Прыбалтыцы і вельмі цікавіўся вайсковай справай. Калі хлопчыку было некалькі гадоў, бацька ўзяў яго ў паход супраць маскоўскіх войскаў Івана Грознага, што ўварваліся ў Беларусь. Беларуска-літоўскім войскам камандавалі гетманы вялікі Мікалай Радзівіл і польны Рыгор Хадкевіч, дзядзька яго бацькі. Асобным атрадам камандаваў і сам Ян Хадкевіч, які раней удзельнічаў у бітве над Улай у 1564 г. Такім чынам, 8-гадовы хлопчык пабачыў, як жаўнеры ездзяць падчас паходу, як становяцца на месцы лагерам і, галоўнае, як удзельнічаюць у баях.

Пасля папярэдняй хатняй адукацыі ў 1573 г. Ян Караль разам са сваім старэйшым братам Аляксандрам (каля 15601626), які потым стаў ваяводам троцкім, пачаў вучобу ў Віленскім езуіцкім калегіуме, а потым і ў Віленскай акадэміі. Калі кароль Стэфан Баторый у сакавіку 1579 г. праязджаў праз Вільню з войскам, каб здабыць Полацк, ад імя студэнтаў акадэміі яго вітаў малады Ян Караль Хадкевіч урачыстай прамовай. Ён вылучаўся сваёй здольнасцю да навукі і ўжо тады вылучаўся моцным характарам, хаця і без перашкоды ўстанаўліваў кантакты з людзьмі. Пасля смерці бацькі атрымаў у спадчыну не толькі маёнткі, але і тытул графа на Шклове, Мышы і Быхаве.

У 15861589 гг. малады Ян Караль Хадкевіч разам з братам вучыўся ў езуіцкай акадэміі ў Інгальштаце (Баварыя), дзе вывучаў філасофію і права. У верасні 1589 г. яны атрымалі пасведчанні аб паспяховым заканчэнні курса вучобы. Потым браты паехалі ў Італію, у Падую. Аляксандр Хадкевіч застаўся ў Італіі, а Ян Караль наведаў Мальту, дзе ў мальтыйскіх рыцараў азнаёміўся з дзеяннямі артылерыі, з агнястрэльнай зброяй, фартыфікацыяй і правіламі аблогі крэпасцей. За мяжой Ян Караль Хадкевіч, апрача акадэмічнага курса, шмат увагі прысвячаў вайсковым ведам і тэорыі вайсковай справы.

Пачатак кар’еры

Пасля вяртання на радзіму ў 1590 г. Хадкевіч стаў вайскоўцам. Ужо ў 1595 г. Хадкевіч камандаваў уласнай ротай з 50 коннікаў, а потым камандаваў ротай у 100 коннікаў на Украіне.

Паўстанне Налівайкі

Асноўны артыкул: Паўстанне Налівайкі У канцы 1594 года на Украіне падняліся казакі на чале з Севярынам Налівайкам, парабаваўшы на Валыні шляхту, рушылі на Палессе. Заняўшы Петрыкавічы, казакі заказалі «подарки собе давать». Калі ж з суседняга Слуцка не прыслалі адкупнога, дык сваявольная шайка ў дзве тысячы ліхадзеяў 6 лістапада штурмам здабыла слуцкі замак. У няволю трапіла з двума дзецьмі і сваячніца Хадкевіча, жонка ягонага стрыечнага дзядзькі Гераніма. Нарэшце на чале 600 вершнікаў да горада падышоў Мікалай Буйвід. Але з-за звычайнага ўжо свавольства шляхты военачальнік нічога годнага не дабіўся. Казакі заселі ў абкружаным вазамі табары і адтуль адстрэльваліся з гармат і пулгакаў (мушкетаў). Шляхта адступіла.

Нарэшце ў Капыль сабралася тры тысячы шляхціцаў, якія гатовыя былі зброяй паслужыць Бацькаўшчыне. Да іх далучыўся са сваім почтам і Ян Кароль Хадкевіч. Па дарозе ён наведаў у Станькаве Крыштофа Радзівіла. Вялікі гетман даручыў начальстваваць над аддзелам Хадкевічу.

Польскае 17-тысячнае войска было разбіта мяцежнікамі каля Белай Царквы. Аднак Налівайка не скарыстаўся перамогай і заняўся рабаваннем паноў і шляхты. А да Станіслава Жулкеўскага, падаспелі з новымі сіламі камянецкі староста Патоцкі і Хадкевіч. Налівайка ўпусціў свой шанц. Два тыдні, засеўшы ў табары каля Лубнаў, адбіваліся мяцежнікі ад урадавага войска. Па адных звестках, яны пацярпелі паражэнне. Але па другіх — Налівайка паверыў Жулкеўскаму, які ад імя караля абяцаў дараванне мяцежнікам, калі яны складуць зброю. Налівайка заключыў з Жулкеўскім перамір’е і адправіўся ў Варшаву для падпісання поўнага міру, дзе яго схапілі і пакаралі смерцю.

У першай бітве пад Каневам, які быў узяты 14 красавіка 1596 г., Я. К. Хадкевіч выявіў свой вайсковы талент. Вызначыўся ён і падчас аблогі казацкага табара пад Лубнамі (25 мая-7 чэрвеня 1596 г.). За свае вайсковыя заслугі Ян Караль Хадкевіч атрымаў пасаду падчашага літоўскага, а праз тры гады, у 1599 г., яму было нададзена Жамойцкае староства, што раўнялася ваяводскай пасадзе, і ён увайшоў, такім чынам, у склад сената Рэчы Паспалітай.

Паход у Малдову

У 1600 годзе Ян Караль Хадкевіч разам з братам Аляксандрам на чале ўласнай коннай роты ўдзельнічаў у паходзе гетмана вялікага кароннага Яна Замойскага ў Малдову, якую заняў гаспадар Валахіі Міхай Мужны (Вітязул), каб аб’яднаць Дунайскія княствы. Рэч Паспалітая намагалася захаваць палітычную залежнасць ад яе Малдовы і ўстанавіць там уладу залежнага ад яе гаспадара. Бітва войска Яна Замойскага з арміяй Міхая Мужнага адбылася ў ваколіцах Плаешці 20 кастрычніка 1600 г. і закончылася перамогай Замойскага. Хадкевічы былі ў перадавым атрадзе добраахвотнікаў, якія ўдарылі па сілах гаспадара Міхая і зрабілі ўклад у перамогу. Гетман Ян Замойскі сярод лепшых воінаў вылучаў Яна Караля Хадкевіча. У выніку перамогі ў Валахіі ў кастрычніку 1600 г. быў пасаджаны на трон стаўленнік Рэчы Паспалітай Сымон Магіла з малдаўскага баярскага роду. У тым жа годзе Яну Каралю Хадкевічу быў нададзены тытул гетмана польнага літоўскага.

Зноскі

  1. Ходкевич Ян Кароль // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  2. (unspecified title) Праверана 7 мая 2020.
  3. 1 2 Анатоль Грыцкевіч. Ян Караль Хадкевіч Архівавана 1 сакавіка 2012.. Гісторыя Беларусі, асобы.

Літаратура

Спасылкі

Папярэднік:
Крыштоф Радзівіл Пярун
Гетман вялікі літоўскі
16051621
Пераемнік:
Леў Сапега
Тэмы гэтай старонкі (21):
Нарадзіліся ў 1560 годзе
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Старосты дорпацкія
Старосты жамойцкія
Старосты вялёнскія
Нарадзіліся ў Вільнюсе
Памерлі ў 1621 годзе
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Старосты любашанскія
Хадкевічы
Асобы
Ваяводы віленскія
Пахаваныя ва Украіне
Гетманы польныя літоўскія
Вікіпедыя:Запыты на пераклад з тарашкевіцы
Вікіпедыя:Старонкі з неадназначнымі геаланцужкамі
Гетманы вялікія літоўскія
Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта
Памерлі 24 верасня
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Падчашыі вялікія літоўскія