wd wp Пошук:

Калоднае

Кало́днае[1] (трансліт.: Kalodnaje, руск.: Колодное) — вёска ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Радчыцкага сельсавета. Размешчана на шашы Р6, за 9 км на поўнач ад Гарадной, за 5 км на ўсход ад Фядораў, за 6 км на поўдзень ад Аўсямірава, за 28 км на захад ад Століна.

Гісторыя

Упершыню згадваецца ў 1507 годзе, належала Марыі Ровенскай. Пазней Калоднае перайшло да Плотніцкай лініі Скірмунтаў, чый продак — літоўскі баярын Скірмунт яшчэ ў 1460 годзе атрымаў ад вялікага князя Казіміра Ягелончыка маёнтак у Плотніцах на Палессі.

Існуе два падання пра паходжанне назвы Калоднага. Першае звязана з знішчэннем татарамі замка ў Гарадной, жыхары якога ратаваліся ў лесе за калодамі. Другая распавядае аб крыніцах у гэтых мясцінах. Спакон веку такія мясціны шанаваліся і аберагаліся і каб упарадкаваць такую крыніцу палешукі прыдумалі каладзень — пустую калоду, звычайна дубовую, якую ўстаўлялі ў крыніцу замест зруба. Магчыма, звязаўшы два гэтыя факты разам і атрымаем усю карціну паходжання назвы.

Росквіт маёнтка пачаўся з 1820 года, калі ўладанне атрымаў Аляксандр Скірмунт. Быў пабудаваны драўляны палац, які ўяўляў сабой прамавугольны будынак на высокім падмурку з традыцыйным порцікам у цэнтры галоўнага фасада. Пад палацам знаходзіўся вялікі цагляны склеп, дзе захоўваліся запасы харчавання. Палац акружала штучнае возера, насупраць сядзібы размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы. Пасля смерці Аляксандра ў 1847 годзе, Гартэнзія Скірмунт прадала (скарэй за ўсё ў арэнду) маёнтак шляхцічу Восіпу Зміцеравічу Глябовічу на пачатку 1860-х гадоў.

Паўстанне 1863 года

Паўстанне сялян за адмену прыгоннага права не абмінула і Палессе. Паспяхова вызначыўся атрад паўстаўшых пад кіраўніцтвам Рамуальда Траўгута, які тройчы нанёс значны ўрон карным войскам Расійскай імперыі. Супраць паўстанцаў царскі ўрад паслаў карную экспедыцыю ў складзе чатырох рот стралкоў, дзвюх сотняў казакоў і дзвюх гармат. Атрад Траўгута, падмацаваны сотняй паўстанцаў з Брэсцкага павета, прыведзеных Янам Ваньковічам, атрымаў загад рухацца на Валынь. Пераначаваўшы ў Століне, ранкам паўстанцы паромам пераправіліся праз раку Гарынь і спыніліся ў лесе пад Варанямі. Ведаючы, што за імі ідуць карныя ўрадавыя войскі, Рамуальд Траўгут арганізаваў засаду, на якую ўрэшче і трапілі тры роты салдат пад кіраўніцтвам маёра Кемера. У выніку боя загінула 19 карнікаў і 17 былі паранены, а страты паўстанцаў склалі толькі 2 чалавекі.

29 чэрвеня 1863 года паруччык Пятроўскі з дзвюмя ротамі салдат нечакана напаў на адпачываючы атрад, у выніку чаго паўстанцы страцілі 4 вазы з харчаваннем і 8 верхавых коней. На паляне, абкружанай лесам, ля Калоднага зрабілі чарговы прывал. 12 ліпеня 1863 года адрад зноў быў атакаваны. Пасля гэтай падзеі баявыя дзеі на чале з Рамуальдам Траўгутам скончыліся, але атрад яшчэ існаваў нейкі час. Траўгут перад пераправай праз Стыр падзяліў атрад на дзясяткі і загадаў прабірацца на Кобрыншчыну.

У ліпені 1863 года Рамуальд Траўгут пры дапамозе Элізы Ажэшка міграваў у Польшчу, аднак там быў арыштаваны царскімі жандармамі і 5 жніўня 1864 года павешаны. Ян Ваньковіч выехаў у Галіцыю. Уладальніка маёнтка за падтрымку паўстанцаў выслалі ў Сібір. Дачыненне Алены Скірмунт да паўстання не даказалі, але на тры гады саслалі ў Тамбоў. Яе муж, Казімір Скірмунт, адмовіўся пацвердзіць лаяльнасць цару і за гэта быў сасланы ў Кастраму таксама на тры гады. Так Скірмунты страцілі сваё права на валоданне маёнткам у Калодным.

Асваенне вёскі

Маёнтак у Калодным быў перададзены рускімі ўладамі барону Гартынгу Мікалаю Густаву Адаму, але праз некаторы час ён падаў у газету аб’яву аб продажу маёнтка. Гэтая аб’ява і трапіла на вочы валасному пісару Якаву Іванавічу Сазановічу, што ведаў пра намер сялян вёсак Шчорсы, Жукаў, Харошыя, Карэлічы, Падкасоўе і некаторых іншых вёсак Навагрудскага павета набыць зямлю для сельскагаспадарчых патрэб. Знайшоўшы зацікаўленых такой прапановай, сяляне абралі прадстаўнікоў, якія паехалі ў Калоднае каб агледзецца, а галоўнае ўпэўніцца ў добрай якасці глебы, жменю якой узялі з сабою дадому каб паказаць астатнім. Наваградчукі задаволіліся якасцю глебы і вырашылі прыдбаць зямлю ў Калодным.

Умовы пакупкі былі наступныя. Сяляне куплялі ўсе землі якія належалі маёнтку Калоднае. Іх дзялілі на ўчасткі па 60 дзесяцін, і за кожны надзел уносіўся задатак па 10 рублёў. На астатнія грошы ў суме 37800 рублёў была аформлена пазыка тэрмінам на 20 гадоў. Падзел зямлі на іншыя ўчасткі патрабаваў новых грошай, а іх у сялян было мала.

Восенню 1886 года ў Калоднае прыехалі 170 мужчын і 175 жанчын, якія за зіму вывучылі свае ўладанні, даведаліся пра назвы асобных мясцін. Вясной 1889 года прыбылі яшчэ 336 чалавек. Вось прозвішчы каладнянцаў, якія прыехалі з Наваградчыны: Амяшкевіч, Аржахоўскі, Базар, Барэйка, Вішнеўскі, Война, Ворсіч, Гурын, Дзяшкевіч, Дубовік, Жарыч, Жук, Карась, Каляда, Карлюк, Краскоўскі, Лецка, Лічко, Ложачнік, Ляўковіч, Моніч, Рубан, Русак, Сазановіч, Самайловіч, Сачко, Стасевіч, Цішук, Шарыкала, Шасцель, Шышэя, Яваровіч.

Славутасці

Царква ў імя святога вялікапакутніка Дзімітрыя Салунскага
Млын

Вядомыя асобы

Памятны знак Гелене Скірмунт

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Кало́днэ, Кало́дняе

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Калоднае
Катэгорыя·Радчыцкі сельсавет
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Артыкулы са спасылкамі на Глобус Беларусі
Катэгорыя·Населеныя пункты Столінскага раёна
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных