wd wp Пошук:

Радашковіцкая беларуская гімназія

Радашковіцкая беларуская гімназія імя Ф. Скарыны — навучальная ўстанова сярэдняга тыпу, гуманітарнага кірунку. Існавала ў мяст. Радашковічы ў 19221928 гг.

Гісторыя

Гімназія заснавана Радашковіцкім Таварыствам Беларускай школы (ТБШ) па ініцыятыве беларускага грамадска-палітычнага дзеяча А. Уласава і педагога П. Крачкоўскага. У пачатку 1922 г. атрымана канцэсія на ўтрыманне гімназіі, дырэктарам яе бьіў ксёндз Ф. Абрантовіч. Пазней дырэктарамі гімназіі выбіраліся А. Вернікоўскі і Ф. Стацкевіч. У гімназіі вучылася моладзь з навакольных вёсак і мястэчак. У 1925/26 навучальным годзе ў 1—7-м і падрыхтоўчым класах займалася 150 вучняў. Меўся інтэрнат для хлопцаў і дзяўчат, закладзены пры падтрымцы місіі амерыканскіх і беларускіх метадыстаў. Настаўнікі і вучні сумесна з Радашковіцкім ТБШ праводзілі работу па прапагандзе беларускай культуры сярод жыхароў мястэчка і навакольных вёсак. 3 лістапада 1923 г. вучні пастаянна ладзілі тэатральныя прадстаўленні, выдавалі рукапісныя часопісы «Да сонца!» і «Гудок». На базе гімназіі ў час летніх канікул 1926/27 і 1927/28 навучальных гадах праводзіліся курсы для настаўнікаў беларускіх пачатковых школ. Уздым нацыянальна-вызваленчага руху ў сярэдзіне 1920-х г. у Заходняй Беларусі садзейнічаў радыкалізацыі поглядаў педагогаў і вучняў гімназіі, што прывяло да закрыцця яе ў верасні 1928 па загадзе Маладзечанскага старасты з прычыны «небяспекі публічнага спакою». Большасць навучэнцаў Радашковіцкай беларускай гімназіі прадоўжылі вучобу за мяжой, пераважна ў БССР; некаторыя скончылі вышэйшую школу ў Чэхаславакіі.

Пэўны час у гімназіі вучыўся Я. Скурко (Максім Танк).

Сучасны стан

Ад гімназіі на сёння захаваўся будынак былога інтэрната, які знаходзіцца па Віленскай, 1. На мясцовых могілках маецца недагледжаная магіла выкладчыка Мікалая Чараняўскага. Помнік з надпісам «Сьветлай памяці вучыцель Радашкаўскае беларускае гімназіі Мікалай Іванавіч Чэрняўскі. Радзіўся 22.05.1883 г., памёр 02.03.1926 г. Вечная памяць дарагому настаўніку і другу» — павалены.

Літаратура

Ліс, А. Радашковіцкая беларуская гімназія / Арсень Ліс // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 50. — ISBN 985-11-0214-8.

Тэмы гэтай старонкі (9):
Радашковіцкая беларуская гімназія
Навучальныя ўстановы, заснаваныя ў 1922 годзе
Вікіпедыя:Навучальныя ўстановы без геаграфічных каардынат
Навучальныя ўстановы з беларускай мовай навучання
З’явіліся ў 1922 годзе
Школы паводле алфавіта
Аб’екты, названыя ў гонар Францыска Скарыны
Колішнія навучальныя ўстановы Беларусі
Арганізацыі Заходняй Беларусі