wd wp Пошук:

Dzieciuki

«Dzieciuki» (Дзецюкі) — беларускі фолк-панкавы гурт з Гродна. Заснаваны 10 красавіка 2012 года. Гурт мае тры студыйныя альбомы: «Гарадзенскі гармідар»[1], «Рэха»[2] і «Радыё “Harodnia”». Гурт пазіцыяніруе сябе як асветніцкая фолк-панк брыгада, якая распавядае пра невядомыя старонкі беларускай гісторыі. Частка складу «Дзецюкоў» адначасова з’яўляецца ўдзельнікамі гурта «Людзі на балоце».[3] У 2014 годзе музыкі сталі пераможцамі музычнай прэміі ад партала Тузін Гітоў у намінацыі «Героі году».[4]

Ад пачатку актыўнай канцэртнай дзейнасці гурт сутыкнуўся са шматлікімі забаронамі выступаў.[5] Так, былі забаронены канцэрты ў Брэсце[6] і ў Мінску[7].

Гісторыя гурта

Гурт быў створаны ў Гродна ў 2012 годзе удзельнікамі гуртоў «КальЯн» і «Людзі на балоце». Амаль адразу музыкі выдалі міні-альбом з чатырох спеваў.[8] Першы паўнавартасны альбом гурта выйшаў у лютым 2014 года пад той жа назвай што і папярэдняя праца — «Гарадзенскі гармідар». Частка тэкстаў альбома была прысвечаная беларускім паўстанцам і партызанам розных часоў: каліноўцам, балахоўцам, «лясным братам» (магчыма памылка, ці проста супадзенне прыдуманай назвы для спева і ляснымых братоў з краін Балтыі. Спеў «Сумнае рэгі» была аб масавых расстрэлах у Курапатах і Хатыні. У плане гучання крытыкі знайшлі музыку падобнай да ірландскага панк-рока. Матэрыял альбома крытыкавалі за пэўную «сыраватасць» і «няроўнасць». На думку музычнага крытыка Сяргея Будкіна гурт стаў ўлюбёнцамі публікі па той прычыне, што заняла нішу нацыянальнаарыентаванага панку, чаго раней не было.[9] Прэзентацыя альбома прайшла ў Мінску ў клубе «Re:Public», аднак наступны канцэрт у Брэсце быў адменены мясцовым аддзяленнем КДБ[10][11]. Затым музыкі адправілася з гастролямі ў Польшчу, Германію, Чэхію, Славакію і Аўстрыю.

У 2014 годзе споўнілася 45 гадоў ансамблю «Песняры» і музычным парталам «Тузін Гітоў» быў арганізаваны запіс трыб’ют альбома «Re:Песняры». Сучасныя беларускія музыкі павінны былі запісаць свае версіі спеваў «Песняроў». «Dzieciuki» ўзялі ўдзел у праекце і запісалі кампазіцыю «а хто там ідзе?» па аднайменым вершы Янкі Купалы. Гэты спеў на верш Янкі Купалы лічыцца рарытэтным, бо ніколі не выдаваўся і быў запісаны «Пяснярамі» спецыяльна для фільма «Раскіданае гняздо» 1982 года. Пазней кампазітар, народны артыст Рэспублікі Беларусь і аўтар арыгінальнай музыкі для гэтага спева Сяргей Картэс запрасіў музыкаў выканаць яе ў Белдзяржфілармоніі на афіцыйным святочным вечары з нагоды свайго 80-годдзя[12].

У сярэдзіне лістапада 2014 года у полі недалёка ад Заслаўя музыкі здымалі кліп на спеў «Хлопцы-балахоўцы». Пасля завяршэння здымак на месца прыехаў аўтазак з АМАПам і павёз усю здымачную каманду з 18 чалавек у аддзяленне міліцыі. Па словах міліцыянтаў іх выклікаў мясцовы жыхар, якога напалохалі ўзброеныя людзі. Музыкі сапраўды былі ўзброеныя рознымі муляжамі і былі апранутыя ў ваенную форму часоў Грамадзянскай вайны ў Расіі. Музыкам таксама было абвешчана, што на арганізацыю гэтага мерапрыемства трэба мець дазвол, без якога іх дзеянні лічацца несанкцыянаванай акцыяй. Затрыманыя былі апытаныя і адпушчаныя праз 3 гадзіны. Зняты матэрыял супрацоўнікі міліцыі забралі на 10 дзён «для высвятлення зместу»[13][14].

Музычны партал «Тузін Гітоў», які па выніках года штогод прысуджае ўзнагароды ў намінацыях «Адкрыццё года» і «Героі года», назваў «героямі года—2014» гурт «Dzieciuki».

На пачатку 2016 года выйшаў другі альбом гурта — «Рэха». У адрозненне ад папярэдняга гэты альбом быў цалкам прысвечаны гістарычнай тэматыцы. Гукарэжысёрам выступіў Андрэй Баброўка, які працуе з гуртам «Brutto». Крытыкі аднагалосна адзначылі творчы рост гурта. Конрад Ерафееў асобна вылучыў гумар, які звычайна не ўласцівы беларускаму нацыянальнаарыентаванаму року. Канцэрт-прэзентацыя новага альбома ў Мінску адмянялася і пераносілася тры разы. У рэшце рэшт ідэалагічнае кіраванне Мінгарвыканкама запатрабавала тэксты спеваў гурта, а пасля прыняло рашэнне не дазваляць канцэрт па прычыне «экстрэмізму»[15][16]. На працягу 2016 года неаднаразова выступалі ў Польшчы з сумеснымі канцэртамі з гуртам «Brutto».

Таксама ў пачатку 2016 года «Dzieciuki» прынялі ўдзел у міжнародным трыб’юце «Tribute To The Pogues« прысвечаным англа-ірландскаму фолк-панк-гурту «The Pogues», якія лічацца заснавальнікамі кельцік-панка. Для альбома была запісаная кампазіцыя «Не саскочу!» (беларуская версія спева «Streams of Whiskey«.

25 сакавіка 2017 года бралі ўдзел у здымках праграмы «Belsat Music Liv» на канале «Белсат».

У кастрычніку 2017 года споўнілася 80 гадоў з дня расстрэлаў 29 кастрычніка 1937 года НКУС больш за сотню дзеячаў беларускай культуры. Партал «Тузін Гітоў» падрыхтаваў трыб’ют-альбом «(Не) расстраляная паэзія», куды ўвайшлі спевы на вершы забітых паэтаў. «Dzieciuki» ўзялі ўдзел у праекце і запісалі спеў «Бунтар» на верш Міхася Чарота.

27 красавіка 2019 года гурт прэзентаваў кліп на спеў «Калі над лугам бусел праляцеў» з будучага новага альбома. Відэа было знятае ў польскай вёсцы Чарна Бухта на мяжы Польшчы, Літвы і Беларусі. На наступны дзень 28 красавіка ў мінскім клубе «Re:Public» адбыўся вялікі сольны канцэрт гурта. Гэта быў першы за апошнія тры гады сольны канцэрт гурта «Dzieciuki», дазволены ў Мінску. На канцэрце музыкі прэзентавалі спевы з новага альбома. Сам альбом пад назвай «Радыё «Harodnia»» павінен быў выйсці ў гэтыя ж дні, аднак з-за тэхнічных прычын, рэліз быў перанесены на пачатак восеня. Альбом стаў даступны для праслухоўвання 2 верасня. Павел Трублін, адзін з вакалістаў гурта, пасля завяршэння працы над запісам альбома, пакінуў калектыў, каб пачаць працаваць над сольным праектам. Яго месца заняў Улад Бернат.

Дыскаграфія

Удзел у зборніках

Відэаграфія

Склад

Былыя ўдзельнікі

Паша «Трабл»: вакал, валынка, бэк-вакал (2012-2018)

Зноскі

  1. 1 2 КАРОТКІ КУРС ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ АД ГАРАДЗЕНСКІХ ПАНКАЎ Архівавана 26 лютага 2019. / Tuzin.fm
  2. 1 2 Dzieciuki выдалі канцэптуальны альбом “Рэха” (+слухаць/+спампаваць) / Experty.by
  3. DZIECIUKI: «КРЫТЫКІ ПРОЙДУЦЦА ПА НАШЫМ АЛЬБОМЕ НАЖДАКОМ» / Tuzin.fm
  4. “Героі 2014”: Leibonik і Dzieciuki (+слухаць) / Experty.by
  5. DZIECIUKI ПАПОЎНІЛІ «ЧОРНЫ СЬПІС» (+КАМЭНТАР ГУРТУ) / Tuzin.fm
  6. КАНЦЭРТ ГУРТА DZIECIUKI ЗАБАРОНЕНЫ БЕРАСЬЦЕЙСКІМ КДБ (ВІДЭА І КАМЭНТАР ГУРТА) / Tuzin.fm
  7. ІДЭОЛЯГІ ПРАЦЯГВАЮЦЬ ВАЙНУ СУПРАЦЬ «ДЗЕЦЮКОЎ», А BRUTTO ПАДТРЫМАЛІ ДЗЯРЖАЎНЫЯ ПРАФСАЮЗЫ / Tuzin.fm
  8. Будзьма беларусамі! Dziеciuki: нараджэнне супергурта (фотарэпартаж)
  9. Dzieciuki «Гарадзенскі гармідар» (+аўдыё) | Experty.by — белорусская музыка(нявызн.) (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 23 чэрвеня 2017. Праверана 13 чэрвеня 2017.
  10. Канцэрт гурта Dzieciuki забаронены берасьцейскім КДБ (відэа і камэнтар гурта). Тузін Гітоў. Слушны музычны партал
  11. У Брэсце адмянілі канцэрт гурта «Dzieciuki» Архівавана 1 мая 2021.
  12. Кампазітар Сяргей Картэс запрасіў гурт Dzieciuki выступіць на сваім юбілеі | euroradio.fm
  13. Милиция объяснила, почему задержала музыкантов во время съемок клипа Архівавана 1 мая 2021.
  14. Гурт Dzieciuki ў поўным складзе затрымаў АМАП (онлайн, фота, аўдыё). Тузін Гітоў. Слушны музычны партал
  15. Dzieciuki папоўнілі «чорны сьпіс» (+камэнтар гурту). Тузін Гітоў. Слушны музычны партал
  16. Ідэоляг Скалабан адкажа за «Дзецюкоў» у судзе. Тузін Гітоў. Слушны музычны партал
  17. ПАША ТРАБЛ: «ВЕЛЬМІ ДРЭННА, КАЛІ З ГІСТОРЫІ НЯ РОБЯЦЬ ВЫСНОВАЎ» (ВІДЭА) / Tuzin.fm

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Музычныя калектывы паводле алфавіта
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Гурты з Гродна
Катэгорыя·Рок-гурты Беларусі
Катэгорыя·Музычныя калектывы, якія з’явіліся ў 2012 годзе
Катэгорыя·Панк-рокавыя гурты Беларусі