wd wp Пошук:

Ушацка-Лепельскае ўзвышша

Ушацка-Лепельскае ўзвышша (2001)
Ушацка-Лепельскае ўзвышша (1977)
Від на возера Крывое, Ушацкі раён

Ушацка-Лепельскае ўзвышша — фізіка-геаграфічны раён, узвышша на поўначы Беларусі, у цэнтральнай частцы Беларускага Паазер’я.

Займае частку Глыбоцкага, Лепельскага, Мёрскага, Полацкага і Ушацкага раёнаў Віцебскай вобласці. Мяжуе з Полацкай нізінай на паўночным захадзе, поўначы і ўсходзе, Чашніцкай раўнінай на паўднёвым усходзе, Верхнебярэзінскай нізінай на поўдні і захадзе, Свянцянскімі градамі на захадзе. Працягласць з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход 115 км, з захаду на ўсход ад 22 да 45 км, плошча 3,4 тыс. км². Максімальная вышыня 279 м.

Прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Асадкавы чахол складзены з адкладаў пратэразою, кембрыю, дэвону і антрапагену. Найбольш пашыраны адклады жывецкага і эйфельскага ярусаў дэвону (гліны, пяскі, мергелі, алеўрыты). У фарміраванні Ушацка-Лепельскага ўзвышша вялікае значэнне маюць антрапагенавыя адклады (магутнасць да 120 м) усіх ледавіковых эпох і міжледавікоўяў. Марэнныя ўзвышшы і раўнінныя ўчасткі складзены з чырвона-бурых валунных суглінкаў паазерскага ледавіка; у паніжэннях, паблізу азёр, у будове камаў і озаў пашыраны пяскі і пясчана-жвіровыя сумесі.

У сучасным рэльефе ўзвышша вылучаюць: Кубліцкае ўзшшша і Пышнагорскае ўзвышша на захадзе і Лукомскае ўзвышша на крайнім паўднёвым усходзе з вышынямі больш за 200 м. Большую частку тэрыторыі з вышынямі 150—200 м займае пласкахвалісты рэльеф з адноснымі перавышэннямі 8-10 м. На мяжы з Полацкай нізінай рэльеф найбольш парэзаны і кантрасны, дзе паміж азёрнымі і балотнымі катлавінамі ўзвышаюцца озы і камы з адносным перавышэннем 30-40 м.

Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, сапрапель.

Найбольшыя рэкі Ушача, Дзіва (Тураўлянка), Нача, вытокі Улы. Шмат азёр, якія злучаюцца пратокамі і невялікімі рэкамі, у т.л. Лепельскае возера, Ушацкая група азёр. Гідралагічны заказнік Крывое.

Характэрна драбнаконтурнасць глеб, расліннасці, сельгасугоддзяў. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя слаба- і сярэднеападзоленыя глебы, у нізінах — тарфяніста-глеістыя. Пад лесам да 30 % тэрыторыі. Найбольш захаваліся лясы на вяршынях узгоркаў, озавых градах, стромкіх схілах азёрных катлавін. Яловыя і ялова-шыракалістыя лясы пераважна заменены другаснымі — бярозавымі, асінавымі, чорнаальховымі, ёсць невялікія масівы хваёвых лясоў. У шматлікіх паніжэннях лугі і балоты. Пад ворывам да 60 % тэрыторыі.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Геаграфія Глыбоцкага раёна
Катэгорыя·Геаграфія Ушацкага раёна
Катэгорыя·Геаграфія Віцебскай вобласці
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Узвышшы Беларусі
Катэгорыя·Геаграфія Мёрскага раёна
Катэгорыя·Геаграфія Лепельскага раёна
Катэгорыя·Геаграфія Полацкага раёна