У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Латыпаў. Сцяпа́н Сярге́евіч Латы́паў (11 красавіка 1980, Кішынёў, Малдаўская ССР) — беларускі бізнесмен, палітычны вязень, спрабаваў здзейсніць акт самагубства ў зале суда, заявіўшы пра катаванні падчас следства.
Нарадзіўся 11 красавіка 1980 года ў другім раддоме горада Кішынёва (Малдова) па вуліцы Маскоўскай. Унук Анвара Латыпава, ганаровага члена татарскай дыяспары ў Беларусі, прафесара Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі[1]. Бацькі — біёлагі.
Сцяпан Латыпаў па прафесіі арбарыст і прамысловы альпініст 5 разраду. Жыў каля «Плошчы Перамен» (Сморгаўскі тракт, 1) у Мінску[1].
Прайшоў прафесійную падрыхтоўку і сертыфікацыю ў Вялікай Брытаніі, мае сертыфікат IRATA (для тых, хто выконвае работы на вышыні). Сцяпан Латыпаў мае сваё ІП, ён дырэктар «Беларба». Прыводзіў у парадак, «лячыў» дрэвы ў рэзідэнцыі прэзідэнта, VIP-кліентаў, супрацоўнічаў з «Дыпсервісам».
Чытаў лекцыі ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце.
15 верасня 2020 года быў затрыманы ў двары жылога масіву па вул. Чарвякова ля Плошчы Перамен у Мінску супрацоўнікамі АМАПа.
19 верасня таго ж года ў эфіры некалькіх дзяржаўных тэлеканалаў быў прадэманстраваны сюжэт, дзе сцвярджалася, што Латыпаў падазраецца ў арганізацыі незаконнага каналу пастаўкі ў краіну небяспечных хімікатаў і меў намер выкарыстаць атрутныя рэчывы супраць супрацоўнікаў міліцыі[2], аднак у канчатковым паведамленні Следчага камітэта аб завяршэнні расследавання гэтая версія адсутнічала[3].
На момант перадачы справы ў суд абвінавачванняў у спробе атруціць супрацоўнікаў МУС ужо не было, але яму выставілі абвінавачанні паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
25 верасня 2020 года сумеснай заявай дзесяці арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі ПЕН-цэнтр, быў прызнаны палітычным зняволеным[4][5]. 15 студзеня 2021 года шэфства над палітвязнем узяў Джордж Фулкс, дэпутат Палаты лордаў Вялікабрытаніі(укр.) бел.[6][7].
1 чэрвеня 2021 года падчас судовага пасяджэння Латыпаў заявіў, што яго гвалтам прымушалі зрабіць хлуслівае прызнанне пад пагрозай рэпрэсій супраць сваякоў і суседзяў і ўваткнуў сабе ў горла ручку, а потым пачаў рэзаць сабе рукі. Латыпава прааперавалі ў Мінскім цэнтры хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, а на наступны дзень перавезлі ў СІЗА[8].
10 чэрвеня 2021 года аднавіўся суд. Паседжанне адбывалася ў судзе Савецкага раёна Мінска. Пасля спробы самагубства Сцяпана прыкавалі да ахоўнікаў, каб ён больш нічога з сабой не зрабіў. Суддзя Аляксандр Воўк прыняў рашэнне накіраваць Сцяпана Латыпава на судова-псіхіятрычную экспертызу[9].
На далейшых судовых пасяджэннях Латыпаў заявіў, што падвергся пабоям пасля затрымання. 16 жніўня 2021 года суд Савецкага раёна Мінска (суддзя — Аляксандр Воўк, ужо ўнесены ў Чорны спіс Еўрасаюза 21 чэрвеня 2021 года за шматлікія палітычна матываваныя прысуды) прызначыў Латыпаву 8,5 год пазбаўлення волі, тэрмін, які і прасіў пракурор Уладзімір Рабаў[10].
16 лістапада 2021 г. апеляцыйны суд пакінуў прыгавор без змяненняў[11].