wd wp Пошук:

Станіслаў Юльянавіч Жукоўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Жукоўскі.

Станісла́ў Юлья́навіч Жуко́ўскі (польск.: Stanisław Żukowski; 13 мая 1875; Ендрыхаўцы, Расійская імперыя — восень 1944, Прушкаў каля Варшавы, Польшча) — жывапісец, пейзажыст; адзін з найвыдатнейшых прадстаўнікоў свайго жанру канца XIX — першай трэці XX стагоддзя.

Польская і расійская мастацкія школы атрыбуюць яго, як польскага і расійскага мастака адначасна[4]. Беларуская школа мастацтвазнаўства трактуе Жукоўскага як беларускага мастака[5].

Біяграфія

Паходжанне

Бацькамі Станіслава Жукоўскага былі Юльян Жукоўскі і Марыя з роду Вяржбіцкіх, якія мелі спадчынную сядзібу ў Старой Волі (цяпер вёска ў Пружанскім раёне). Вядомы савецкі даследчык жыцця і творчасці мастака М. Гарэлаў у сваёй грунтоўнай манаграфіі, спасылаючыся на ўспаміны пляменніцы мастака Марыі, адзначае, што за ўдзел у паўстанні 1863—1864 гадоў Юльян Жукоўскі быў пазбаўлены ўсіх саслоўных і маёмасных правоў[6].

Аднак паводле іншага меркавання Наталлі Маліноўскай-Франке такое магло здарыцца толькі з тымі, чый удзел у паўстанні быў даказаны і каго высылалі з Беларусі. Сам Юльян хутчэй за ўсё не прымаў удзел у паўстанні, а пазбавіўся родавага маёнтка ў выніку эканамічных санкцый, якія былі накладзены на сем’і паўстанцаў, мясцовую шляхту і каталіцкі касцёл указам пасля паражэння паўстання. Магчыма, кантрыбуцыя была накладзена за ўдзел у паўстанні двух яго старэйшых братоў — адзін з якіх знаходзіўся ў кіраўніцтве паўстання, быў непасрэдным паплечнікам Кастуся Каліноўскага, а другі ўзначальваў паўстанцкі атрад[7]. Не здолеўшы выплаціць кантрыбуцыю і падаткі, Юльян страціў сваю нерухомую ўласнасць і быў вымушаны стаць арандатарам у Ендрыхаўцах, дзе і нарадзіўся Станіслаў. Душэўнае і матэрыяльнае ўзрушанне, якое было вынікам здушэння паўстання, пагоршылі псіхаэмацыйны стан Юльяна Жукоўскага[8]

Маці Станіслава, Марыя, паходзіла са шляхецкага роду Вяржбіцкіх з Варшавы. Яна атрымала добрае хатняе выхаванне і адукацыю ў Парыжы, вылучалася сардэчнасцю і далікатнасцю[9], ведала некалькі замежных моў і была цудоўнай піяністкай.

Дзяцінства

Станіслаў Жукоўскі нарадзіўся 13 мая 1875 годзе ў вёсцы Ендрыхаўцы каля мястэчка Рось у сям’і Юльяна Жукоўскага і Марыі з роду Вяржбіцкіх, аб чым захаваўся запіс у архіве касцёла пасёлка Рось. Неўзабаве пасля нараджэння Станіслава Жукоўскія вярнуліся ў маёнтак Старая Воля (зараз в. Стараволя) недалёка ад Пружан, але ўжо толькі арандатарамі. Тут прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Станіслава[8].

Станіслаў быў малодшым з траіх дзяцей (брат Баляслаў быў старэйшы за Станіслава на 11 гадоў, а сястра Серафіма — на 4 гады). Менавіта малодшага сына больш за ўсё палюбіла маці будучага мастака[8]. Яна вучыла дзяцей замежным мовам і музыцы, заахвочвала іх да малявання. Бацька ж заўважаў толькі аднога старэйшага сына Баляслава і на яго аднаго ўскладаў свае надзеі. Да ўсіх астатніх ён адносіўся суха, амаль па-варожаму[10].

Пачатковая адукацыя

Маючы жаданне даць сыну добрую адукацыю, Юльян Жукоўскі ўвосень 1880 года адвёз Станіслава ў Варшаву на вучобу ў прыватную класічную прагімназію Лагоўскага, дзе Станіслаў прабыў нядоўга. Хутка яго перавялі ў рэальную вучылішча ў Беласток, дзе вучыўся яго старэйшы брат[10]. Менавіта ў вучылішчы Станіслаў з асаблівай ахвотай заняўся маляваннем, якое тут выкладаў выпускнік Маскоўскага Строганаўскага вучылішча, будучы вядомы расійскі пейзажыст і майстар інтэр’ернага жывапісу Сяргей Южанін, які звярнуў увагу на мастацкія здольнасці Станіслава[8].

С. Жукоўскі. «Май», 1895-96 гг. Дом Жукоўскіх у маёнтку Старая Воля

Жаданне Станіслава стаць мастаком не падзяляў яго бацька. У якасці пакарання за непаслухмянства свайго сына той часта адсылаў яго на вёску да пастухоў[10].

У гады навучання ў Беластоку пачынаючым мастаком у 1890 і 1891 гг. былі напісаны два эцюды, на якіх адлюстраваны маёнтак Старая Воля. Гэта адна-павярховы драўляны дом, які сваёй архітэктурай сведчыць пра беларускія барочныя традыцыі на рубяжы XVIIIXIX стст. Дом адметны мураваным порцікам з дзвюма парамі калон паабапал уваходу, якія з’яўляюцца цэнтрам кампазіцыі галоўнага фасада. На калоны абапіраецца двупрыступкавы атык. Пазней, у падчас рускага перыяду жыцця і творчасці, мастак неаднаразова будзе вяртацца да матыву роднага дома. Гэты матыў праходзіць праз карціны «Май» (18951896 гг), «Раз’езд назолку» (1902 г, Адэскі мастацкі музей), «Бяссонная ноч. Золак» (эскіз да карціны. 1903 г.) і інш.[8].

Адукацыя ў Маскве

У 1892 годзе Станіслаў пакідае Беласток і таемна ад’яжджае ў Маскву, каб паступіць у вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. У дакументах, пададзеных у вучылішча, ён дадае сабе два гады ўзросту, каб не прад’яўляць заяву на паступленне ад імя бацькоў. У выніку 19-гадовы ўзрост даў яму магчымасць без дазволу бацькі паступіць у навучальную ўстанову, але толькі ў якасці вольнага наведвальніка, паколькі навучэнцамі маглі стаць юнакі ва ўзросце 12-18 гадоў[8]. Распрацаваць такі план яму ўдалося, імаверна, не без дапамогі Сяргея Южаніна[11].

У Маскоўскім вучылішчы Жукоўскі праходзіць чатырохгадовы курс навучання, які ўключаў арыгінальны, галаўны, фігурны і натурны класы. Яго выкладчыкамі былі С.Каровін, Мікалай Касаткін(руск.) бел., Канстанцін Савіцкі, Абрам Архіпаў, Леанід Пастарнак(руск.) бел.. Вызначальны ўплыў на станаўленне Станіслава Жукоўскага як мастака аказаў Васіль Паленаў(руск.) бел., які фармальна не з’яўляўся яго настаўнікам, аднак майстэрню Паленава юнак часта наведваў у вольныя часы. У В.Паленава Жукоўскі навучыўся надаваць сваім пейзажам яскравы і сакавіты каларыт[8]. Вітольд Бялыніцкі-Біруля, найбліжэйшы член і аднакласнік Жукоўскага, ўспамінаў:

Паленаў захапляў сваіх вучняў сілаю фарбаў прыроды, якую пісаў… з яго прыходам у вучылішча мы пачалі разумець фарбы, шукаць колер: да яго мы гэтага не ведалі[12].

С. Жукоўскі шмат працуе на пленэры, актыўна выстаўляецца на вучнёўскіх выстаўках. У пачатку сакавіка 1895 годзе ён атрымлівае білет «для свободного проживания во всех городах м местностях Российской Империи» (з дазволам маляваць эцюды з натуры[12]) тэрмінам з 6 сакавіка па 1 верасня 1895 года з далейшым падаўжэннем на тэрмін 23 жніўня — 1 студзеня 1896 года. Гэты час ён праводзіць на Гродзеншчыне. Тут былі намаляваны карціны «Нёман» (1895 г, Музей выяўленчых мастацтваў Татарыі), «Лес. Папараці» (1895 г, Дзяржаўная Траццякоўская галерэя) і іншыя[13].

У 1896 годзе Канстанцін Савіцкі, настаўнік Жукоўскага, садзейнічае адпраўцы ў Санкт-Пецярбург для ўдзелу ў 24-й перасоўнай выстаўцы вучнёўскай работы С.Жукоўскага «Памешчыцкі дом». Пейзаж экспанаваўся пад назвай «Раніца». Адгэтуль і да 1918 года Станіслаў Жукоўскі прымае ўдзел ва ўсіх выстаўках перасоўнікаў[14].

У 1897 годзе Жукоўскі бліскуча здае экзамены, атрымлівае два малыя сярэбраныя медалі за эцюд і малюнак і пачынае пісаць карціну на Вялікі сярэбраны медаль. У гэтым жа годзе ён ладзіць шлюб з сяброўкай па вучылішчу Аляксандрай Ігнацьевай. Яе постаць можна заўважыць у такіх пейзажах і інтэр’ерах мастака, як «Бяссонная ноч», «Апошні акорд», «Журботныя думкі». У 1897 годзе Жукоўскі накіроўвае ў Савет выкладчыкаў вучылішча просьбу перавесці яго з вольных наведвальнікаў у навучэнцы. Гэтая просьба была задаволена, што дало мастаку магчымасць атрымаць пасведчанне аб выключэнні з падатнага стану[14].

С. Жукоўскі «Вясновая вада». Палатно, алей, 1898. 78x121 см

Увосені 1898 годзе ў вучылішча прыйшоў выкладаць Ісак Левітан і для Жукоўскага настала пара самага напружанага вёчнёўства[15]. У яго малады мастак вучыўся працаваць на пленэры і выбіраць эцюдныя матывы. Аднак, калі ў Левітана гэтыя матывы ўвасабляліся ў вялікія эпічныя і нават драматычныя палотны, то ў Жукоўскага яны ўвасаблялі камерныя палотны рамантычна-журботнай танальнасці[14]. Сёлета ж Жукоўскі піша этапную для сябе «Вясновую ваду», якую з выстаўкі перасоўнікаў купляе Расійскі музей імператара Аляксандра III[14].

У 1899 годзе С. Жукоўскі стварае яшчэ адзін этапны твор — «Ноч пад месяцам». За гэту карціну 5 красавіка 1901 года Жукоўскі падае прашэнне прысудзіць яму Вялікі сярэбраны медаль[16]. Медаль быў прысуджаны і, згодна са статутам Маскоўскага мастацкага таварыства, членам якога С. Жукоўскі становіцца ў 1899 годзе, гэта ўзнагарода прынесла Жукоўскаму званне класнага мастака[14].

Сталенне

«Зімовы пейзаж. Вятка» (Ратонда ў Аляксандраўскім садзе(руск.) бел.), 1921. НММ РБ

У 1903 годзе Станіслаў Жукоўскі стаў пастаянным удзельнікам Таварыства перасоўнікаў, каля 1906 адкрыў у Маскве ўласную школу жывапісу. Сярод яе выпускнікоў былі Г. Падбельскі (пейзажыст), Ігнат Нівінскі(руск.) бел. (графік), Уладзімір Маякоўскі (паэт, графік-плакатыст).

У 1907 Станіслаў Жукоўскі стаў членам Саюза рускіх мастакоў(руск.) бел., атрымаў ганаровае званне акадэміка жывапісу Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. Разам з найбліжэйшымі сябрамі Бялыніцкім-Бірулем, Багданавым-Бельскім(руск.) бел., Марававым(руск.) бел. і Сцяпанавым(руск.) бел. выпраўляецца на поўнач Цверскай губерні, цягам некалькіх гадоў мешкаючы ва Удомлі, Астраўне, Беражку, Паддуб’і, Усвяцкім, Астраўках. Тут адным з улюбёных яго жанраў сталі інтэр’еры («Радасны май», «Паэзія старога дваранскага дома»).

Увесну 1916 пераехаў у маёнтак Раждзествена пад Звянігарад, пісаў гасцёўні. У другой палове 1916 — у Брасаве пад Арлом, піша пад замову графіні Брасавай інтэр’еры сядзібы. Неўзабаве запрошаны ў Кускова, дзе піша інтэр’еры астаф’еўскага і кускоўскага дамоў графа Шарамецева.

Пасля разводу з Аляксандрай Ігнацьевай фактычнай жонкай мастака стала яго вучаніца Соф’я Кваснецкая. Афіцыйна іх шлюб зарэгістраваны толькі пасля рэвалюцыі 1917 года, аднак стасункі пачаліся ўжо ў 1916. Кастрычніцкую рэвалюцыю Жукоўскі не прыняў, заняў пазіцыю зберажэння культурнай, мастацкай, гістарычнай і архітэктурнай спадчыны. У прыватнасці, пад канец 1917 быў абраны сябрам калегіі мастакоў пры Трацякоўскай галерэі. Як упаўнаважаны па справах аховы помнікаў мастацтва пры савецкім урадзе ўратаваў некалькі сядзіб ад знішчэння.

Увесну 1918 года з’ехаў з Масквы ў былы маёнтак Паўлаўскі на беразе возера Молдзіна. Пачаліся фінансавыя праблемы: карціны перасталі купляць, а даводзілася яшчэ дапамагаць сям’і паралізаванага брата Баляслава. У пошуках паратунку сям’я Жукоўскіх з сястрой жонкі Таццянай ад’яжджаюць у Вятку. Маляваў тутэйшую прыроду, Філейскі манастыр, дэкарацыі для тэатральных пастановак, здолеў зладзіць уласную выстаўку. Аднак пасля таго, як мясцовае кіраўніцтва адмовіла ў прадастаўленні музейных памяшканняў для большай выстаўкі, з’ехаў з Вяткі пасля паўтара гады жыцця.

У кастрычніку 1921 года персанальная выстаўка 74 работ апошніх гадоў Жукоўскага была зладжаная ў Маскве. Адразу па яе закрыцці ў прэсе пачалі з’яўляцца крытычныя водгукі і абвінавачванні мастака ў «суме па зруйнаваных рэвалюцыяй дваранскіх гнёздах». Неўзабаве пачалося адкрытае цкаванне мастакоў-рэалістаў, і ў тым ліку Станіслава Жукоўскага: яго выстаўкі проста перасталі ладзіць. У такіх умовах ён вырашае з’ехаць з Расіі.

Жыццё ў Варшаве

Увосень 1923, пасля крытыкі з боку рэвалюцыйных мастакоў-авангардыстаў і ігнаравання з боку «перасоўнікаў» і Саюзу мастакоў, пераехаў у Польшчу, дзе дагэтуль яго творы паспяхова выстаўляліся і атрымлівалі ўзнагароды. Разам з ім пакінулі Расію таксама старшыня Саюзу мастакоў Сяргей Вінаградаў(руск.) бел. і мастак Міхаіл Якаўлеў(руск.) бел., пасля чаго спыніў існаванне і сам Саюз мастакоў.

Адразу пасля прыбыцця Жукоўскі наладзіў кантакты з уладальнікам прыватнай галерэі Феліксам Рыхлінгам. Неўзабаве ў варшаўскім салоне Рыхлінга адбылася выстаўка часткі яго прац, прывезеных з сабой з Масквы. Крытыкі станоўча адзначылі прызнанага майстра пейзажнага жывапісу, яго таленавітае і тэмпераментнае майстэрства, з’явіліся і першыя ўзнагароды за выстаўкі. Станіслаў Жукоўскі ізноў прыняўся з запалам за напісанне сядзібаў, маёнткаў, пейзажаў.

31 кастрычніка 1924 адбылася выстаўка групы «Pro Arte(польск.) бел.», у якой упершыню ўзяў удзел і Станіслаў Жукоўскі. 6 снежня 1925 на адкрыцці Зімовага салона Таварыства заахвочвання мастацтваў («Захенты(польск.) бел.») мастак атрымаў узнагароду горада Варшавы ў 500 злотых. З гэтай пары ён стаў адным з тых мастакоў, якія найбольш актыўна выстаўляліся ў «Захенце».

І пасля ад’езду ў Польшчу Станіслаў Жукоўскі працягваў падтрымліваць сувязі са сваёй першай жонкай: дасылаў ёй свае карціны, каб яна магла мець сродкі на жыццё з іх продажу. У сваю чаргу Аляксандра Ігнацьева прапанавала яму сваю дапамогу ў продажы карцінаў расійскім музеям у 1930-я, калі Польшчу агарнуў эканамічны крызіс.

Штогод Станіслаў Жукоўскі выяжджаў на пленэры на Гродзеншчыну, дзе маляваў у сваіх улюбёных жанрах пейзажу і інтэр’еру. Часта падчас гэтых вандровак мін свае родныя мясціны: Свіслацкую пушчу, Панямонне, Падароск, Рось, Гарнастаевічы. Напісаныя ў гэтых мясцінах пейзажы неаднакроць выстаўляліся ў «Захенце» на выставах пад назвамі «Нёман», «Свіслацкая пушча (Белавежская)». У 1932 годзе карціны Жукоўскага выстаўленыя на краязнаўчай выстаўцы ў Ваўкавыску. У 1935 годзе актыўная мастацкая і культурна-асветніцкая дзейнасць мастака адзначаная падзякай Ваўкавыскага краязнаўчага таварыства.

13 лютага 1937 года на зборнай выстаўцы ў «Захенце» Жукоўскі выставіў 20 карцінаў, прысвечаных культурным традыцыям сваёй радзімы. Сярод твораў — карціны «Апошні ўспамін старой культуры ў Літве. Падароск» і «Прысады парку. Падароск». Апошняя выстаўка мастака адбылася ў сакавіку 1939.

Падчас Другой сусветнай вайны падтрымліваў сувязі з варшаўскім падполлем. Быў арыштаваны нацыстамі як удзельнік Варшаўскага паўстання. Загінуў у Прушкаўскім лагеры смерці ўвосень 1944 года. Пахаваны разам з іншымі ахвярамі ў братэрскай магіле. Творы мастака, якія знаходзіліся ў Варшаве, загінулі ў пажары.

Творчасць

Пісаў пейзажы, нацюрморты, інтэр’еры.

Творы мастака прысвечаныя прыродзе Палесся, Белавежскай пушчы, старадаўнім сядзібам Беларусі. Самымі першымі яго творамі былі малюнкі родавага гнязда ў Стараволі («Памешчыцкі дом», «Май», «Раз’езд на золку», «Бяссонная ноч. Золак», «Першыя вястункі вясны», «Падснежнікі», «Промні вясны», «Свята вясны»).

Палотны Станіслава Жукоўскага захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіны і іншых краін.

Ушанаванне памяці

У вёсцы Стараволя Пружанскага раёна, дзе мастак правёў маладыя гады, збіраліся паставіць помнік у яго гонар. У 2009 годзе быў замоўлены камень і пакладзеная плітка для аснавання помніку, але справа на гэтым скончылася. Пазней пліты зніклі, засталіся толькі сляды пасыпанай пяском пляцоўкі[17].

Зноскі

  1. RKDartists Праверана 23 жніўня 2017.
  2. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  3. Stanislav Julianovi? ?ukovskij
  4. Nancy ed. Eickel. Russia, The Land, The People: Russian Painting 1850-1910. — Washington DC, 1986. — ISBN 0295964391.
  5. Харэўскі, С. В. Гісторыя мастацтва і дойлідства Беларусі… С. 162; Харэўскі, С. В. Сто твораў XX стагоддзя… С. 30—35.
  6. Горелов М.И. Станислав Юлианович Жуковский. — М, 1982.
  7. Пракаповіч, Наталля. Пейзажыст Станіслаў Жукоўскі — ураджэнец Пружаншчыны(нявызн.). Культура. «Рэха Берасцейшчыны». Праверана 19 чэрвеня 2011.(недаступная спасылка)
  8. 1 2 3 4 5 6 7 Наталля Маліноўская-Франке. Станіслаў Жукоўскі і яго творчасць, прысвечаная родным мясцінам // Беларускі гісарычны часопіс. — Мн.: 2009. — № 1. — С. 31.
  9. Віктар Карамазаў. Краса і воля. — Мінск: Медиал, 2008. — С. 83—84.
  10. 1 2 3 Станкевич Н. И. С. Ю. Жуковский. — Массовая библиотечка по искусству. — Ленинград: Художник РСФСР, 1974. — С. 6.
  11. Віктар Карамазаў. Краса і воля. — Мінск: Медиал, 2008. — С. 85.
  12. 1 2 Віктар Карамазаў. Краса і воля. — Мінск: Медиал, 2008. — С. 86.
  13. Наталля Маліноўская-Франке. Станіслаў Жукоўскі і яго творчасць, прысвечаная родным мясцінам // Беларускі гістарычны часопіс. — Мн.: 2009. — № 1. — С. 32—33.
  14. 1 2 3 4 5 Наталля Маліноўская-Франке. Станіслаў Жукоўскі і яго творчасць, прысвечаная родным мясцінам // Беларускі гістарычны часопіс. — Мн.: 2009. — № 1. — С. 33.
  15. Станкевич Н.И. С. Ю. Жуковский. — Массовая библиотечка по искусству. — Ленинград: Художник РСФСР, 1974. — С. 11.
  16. Віктар Карамазаў. Краса і воля. — Мінск: Медиал, 2008. — С. 90.
  17. Zmicier Як Стараволя адзначыла дзень нараджэння Станіслава Жукоўскага(нявызн.). Знакамітыя людзі. Партал гораду Пружаны. Праверана 14 мая 2012.(недаступная спасылка)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (30):
Катэгорыя·Перасоўнікі
Катэгорыя·Пахаваныя ў Мазавецкім ваяводстве
Катэгорыя·Нарадзіліся 25 мая
Катэгорыя·Мастакі-пейзажысты Беларусі
Катэгорыя·Выпускнікі Маскоўскага вучылішча жывапісу, разьбярства і дойлідства
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Мастакі Польшчы
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Беларусі
Катэгорыя·Мастакі Расіі XIX стагоддзя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Памерлі ў Польшчы
Катэгорыя·Нарадзіліся 13 мая
Катэгорыя·Памерлі ў 1944 годзе
Катэгорыя·Выяўленчае мастацтва ў філатэліі
Катэгорыя·Памерлі ў канцэнтрацыйных лагерах
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Ваўкавыскім раёне
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1873 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1875 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Мастакі Расіі XX стагоддзя
Катэгорыя·Мастакі XX стагоддзя
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Мастакі XIX стагоддзя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з польскай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Мастакі Беларусі
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без партрэтаў