У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Цётча. Паву́льскае возера (Павулле, Цётча) — возера ў Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці. Знаходзіцца за 18 км на паўночны ўсход ад Ушачаў, каля вёскі Павулле. Належыць да групы Ушацкіх азёр, знаходзіцца ў басейне ракі Тураўлянка.
Плошча возера Павульскае складае 8,54[1] км². Найбольшая глыбіня возера 5,5 м, сярэдняя 3,1 м. Даўжыня возера 6,4 км, найбольшая шырыня 1,5 км. Даўжыня берагавой лініі — 25 км. Аб’ём вады ў возеры складае 26,75 млн м³, плошча вадазбору — 652 км².
Катлавіна возера падпруднага тыпу, выцягнутая з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Схілы катлавіны вышыню 6—8 м, на поўначы і захадзе вышыня схілаў сягае да 20 м, разараныя. Берагавая лінія звілістая. У паўднёва-усходняй частцы возера 2 вузкія залівы. Берагі вадаёма нізкія, пясчаныя, знаходзяцца пад хмызняком. На пэўных участках берагі забалочаныя.
На паўночным усходзе і ўсходзе забалочаная пойма шырынёй да 25 метраў. Мелкаводдзе пясчанае і пясчана-гліністае. Асноўная частка дна возера выслана крэменязёмістым сапрапелем (сярэдняя магутнасць слою каля 6 м). Мінералізацыя і празрыстасць вады вагаецца ад 200 мг/л і 0,7—1,3 м адпаведна ўлетку да 250 мг/л і 2,5 м зімой. На возеры востраў плошчай 6 га (0,06 км²).
Возера эўтрофнае, праточнае. Праз Павульскае працякае рака Дзіва і злучае яго з азёрамі Янова і Бярозаўскае. Упадаюць ручаі і каналы, у тым ліку ручай Гарбаціца[2] з возера Чарсцвяцкае і ручай з Вяркудскага возера.
Расліннасць пашыраецца на адлегласці да 250 м ад берага і да глыбіні 3 м. Сярод раслін: чарот, разак, трыснёг, рдзесты і інш.
У возеры водзяцца шчупак, судак, лешч, язь, плотка, лінь, краснапёрка і іншыя віды рыб.
Каля возера вёскі Павулле, Двор Павулле, Гарадок, Сонькін Рог.
У 1563—1576 гадах на беразе возера існаваў Красны замак (вядомы паводле малюнка С. Пахалавіцкага 1579 года)[3].