Чарсцвя́цкае возера, Чарсцвяты — возера ў Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Дзіва, за 15 км на ўсход ад гарадскога пасёлка Ушачы, каля вёскі Слабада. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр.
Плошча паверхні 9,35 км². Найбольшая глыбіня 4,3 м. Даўжыня 6,9 км, найбольшая шырыня 2,5 км. Плошча вадазбору 125 км².
Катлавіна возера тэрмакарставага тыпу. Схілы катлавіны вышынёй 5—10 м, на поўдні і захадзе 10—18 м. Берагі нізкія, паступова пераходзяць у вузкую забалочаную пойму. Дно да глыбіні 0,5—1 м, пясчанае, ніжэй выслана сапрапелем. Глыбіні да 2 м займаюць 49 % плошчы возера. Ёсць 8 астравоў агульнай плошчай 0,8 км² (буйнейшыя з іх — Хутар, Вялежжа, Казлячы).
Возера эўтрофнае, праточнае. Упадае рака Выдрыца і 3 ручаі, выцякае ручай Гарбаціца[1] ў возера Павульскае. Шырыня паласы надводнай расліннасці да 200 м.
Уздоўж берагоў возера вёскі Слабада, Карачына, Наваселле, Славені.