wd wp Пошук:

Ноўгарад-Северскае княства

Ноўгарад-Северскае княства (Северскае княства) — рускае княства, якое размяшчалася ў басейне сярэдняй Дзясны, яе прытокаў Снова, Сейма і інш. Сталіца — Ноўгарад-Северскі. Найбуйнейшымі гарадамі і цэнтрамі ўдзельных княстваў былі Курск, Пуціўль, Рыльск, Трубчэўск.

Утварылася ў складзе Чарнігаўскага княства ў 1097 годзе. З 1164 года пад уладай асобнай галіны Рурыкавічаў. У XIV—XVI стст. у складзе Вялікага Княства Літоўскага. Канчаткова ліквідавана ў 1523 годзе падчас ліквідацыі ўдзелаў у Рускай дзяржаве.

Гісторыя

У складзе Чарнігаўскага княства

Было вылучана ў асобнае княства на Любецкім з’ездзе князёў у 1097 годзе. Горад Ноўгарад-Северскі стаў цэнтрам вялікага ўдзельнага княства ў складзе Чарнігаўскага княства, правы на якое пасля міжусобнай вайны сярэдзіны 1090-х гадоў былі прызнаны іншымі князямі за нашчадкамі Святаслава Яраславіча. Першым князем (10971115) быў Алег Святаславіч.

Да сярэдзіны XII стагоддзя Ноўгарад-Северскі, як правіла, займаўся другім па старшынстве нашчадкам Святаслава Яраславіча. У перыяд кіеўскага княжання Усевалада Ольгавіча ў ім княжылі яго малодшыя браты Ігар і Святаслаў. Падчас міжусобіцы пасля смерці Усевалада Ольгавіча княства ледзь не апынулася разам з Чарнігаўскім пад уладай Давыдавічаў. Пасля гібелі Ізяслава Давыдавіча ў баях за Кіеў (1161) і смерці на чарнігаўскім княжанні Святаслава Ольгавіча (1164) паміж яго сынам Алегам і старэйшым пляменнікам Святаславам Усеваладавічам было заключана пагадненне, пасля якога ўдзелы Ноўгарад-Северскага княства (Курск і іншыя) успадкоўваліся нашчадкамі Святаслава Ольгавіча, удзелы ўласна Чарнігаўскага (Старадуб і іншыя) — нашчадкамі Усевалада Ольгавіча. Вотчынныя правы на Чарнігаў пры гэтым захоўвалі абедзве галіны, на Кіеў — толькі Усеваладавічы.

Пры Святаславічах

Маршрут паходу рускіх палкоў на полаўцаў у 1185 г.

З северскіх князёў найбольшую гістарычную ролю адыграў Ігар Святаславіч (гады кіравання 11801198), які ўдзельнічаў ва ўзяцці Кіева войскамі Андрэя Багалюбскага ў 1169 годзе, у барацьбе супраць смаленскіх князёў у 1180 годзе, у паходах на полаўцаў у 1184 і 1185 гадах. Ён стаў асноўным героем «Слова пра паход Ігараў» і вядомай оперы «Князь Ігар». Сыны Ігара, быўшы пляменнікамі апошняга галіцкага князя па маці, княжылі ў Галіцкім княстве ў 12061211 гадах, за расправу над баярамі двое з іх былі павешаны пасля паражэння ад венгерскіх і польскіх войскаў, якія падтрымалі прэтэнзіі на галіцкі прастол малалетняга Данілы Раманавіча.

Паводле адной з версій[1], на чарнігаўскім княжацкім з’ездзе ў 1206 годзе Ольгавічы (у прысутнасці Мсціслава Раманавіча смаленскага) прынялі рашэнне аб заняцці Ноўгарад-Северскага стальца нашчадкамі Усевалада Ольгавіча, а на долю Святаславічаў засталося Пасем’е і дапамога першых у атрыманні імі Галіча.

Пасля мангольскага спусташэння Чарнігаў і Ноўгарад-Северскі страцілі сваё ранейшае значэнне, тэрыторыя ўвайшла ў склад Бранскага княства пад уладай нашчадкаў Рамана Міхайлавіча Старога, затым нашчадкаў Глеба Расціславіча Смаленскага. Паўднёвыя княжацкія цэнтры прыйшлі ў заняпад пасля вяртання ардынскага войска з паходу супраць Літвы (1275), паўстання супраць ардынскага баскака Ахмата, крывавай міжусобіцы і карнага паходу ардынскіх войскаў (12831285). Курск стаў кіравацца баскакам, Пуціўль згадваецца напачатку XIV стагоддзя сярод кіеўскіх «прыгарадаў» (пуціўльскія Ольгавічы, меркавана, займалі ў той перыяд акрамя Пасем’я таксама Кіеўскае і Пераяслаўскае княствы, але пацярпелі паражэнне ад літоўскага князя Гедзіміна).

У складзе Літвы

Каля 1355 Альгерд «паваяваў» Бранск, пасля чаго яму падпарадкаваліся і многіях іншыя ўдзелы, на якія распадалася чарнігава-северскае княжанне. У 1362 годзе да Літвы была далучана Севершчына.

Пячатка Карыбута

Усе чарнігава-северскія землі Альгерд падзяліў на тры ўдзелы: сыну свайму Дзмітрыю ён даў Чарнігаў і Трубчэўск, Дзмітрыю-Карыбуту малодшаму — Бранск і Ноўгарад-Северск, пляменніку Патрыкею Нарымонтавічу — Старадуб Северскі.

З прычыны пераходу старэйшага брата Дзмітрыя на службу да маскоўскага князя ўзімку 1379/80 г., Чарнігаўшчына была перададзена ў валоданне Карыбуту. Пасля ўзыходжання на літоўскі сталец Вітаўта ў 1392 годзе Карыбут адмовіўся прысягаць і сабраўшы войска, пайшоў супраць яго. Сышліся войскі ў месцы, званым Дакудава[2]. Войска Карыбута было разбіта, князь бег у Навагрудак. Вітаўт, сабраўшы войска, пайшоў да Навагрудка і, узяўшы горад, захапіў у палон князя з княгіняй і дзецьмі[3]. Пазней Карыбут прымірыўся з Вітаўтам, быў адпушчаны і браў удзел у яго ваенных кампаніях[4]. У 1393 г. Карыбут ізноў заехаў у Ноўгарад-Северскі.

Праз год адмовіўся плаціць даніну Вітаўту, але той разбіў непакорлівага князя і другі раз узяў у палон. Карыбута пасадзілі ў вязніцу ў Вільні, але дзякуючы хадайніцтву сваякоў ён быў вызвалены. У 1393/1394 г. Дзмітрый-Карыбут быў пазбаўлены ўдзела ў Севершчыне і яго месца заняў намеснік Фёдар Любартавіч, які трохі раней пазбаўлены ўладанняў на Валыні. Карыбут жа атрымаў ад Вітаўта Валынскія гарады — Браслаў, Вінніцу, Сакалец і Крамянец[5].

У 1420 годзе Свідрыгайла атрымаў у валоданне Ноўгарад-Северскі і Бранск, дзе кіраваў на працягу 10 гадоў. У 1430, пасля смерці Вітаўта, руская партыя абвясціла Свідрыгайла вялікім князем літоўскім, што было прызнана і Ягайлам. Свідрыгайла павёў сябе, як самастойны князь, чым выклікаў незадаволенасць Ягайлы і польскіх паноў. У 1435 на рацэ Святой Свідрыгайла быў разбіты нашчэнт[6][7].

У 13921430 гадах у кіраванне Вітаўта ад ардынскай улады быў вызвалены Курск. Северскія землі на поўдзень ад ракі Сейма былі перададзены ў кіраванне нашчадкам Мамая, якія перайшлі на літоўскую службу.

Казімір IV у 1454 годзе даў Ноўгарад-Северскі і Рыльск «у кармленне» Івану Дзмітрыевічу Шамякіну, уцекачу з Масквы, яго сын Васіль Іванавіч разам з княствам перайшоў у падданства Маскоўскага князя Івана III. Пераход шэрагу князёў з літоўскага падданства ў маскоўскае справакаваў вайну Маскоўскага княства з Літвой.

У складзе Рускай дзяржавы

Герб «Севея». 1699 год.

Паводле перамір’я 1503 года Ноўгарад-Северскі перайшоў да Вялікага Княства Маскоўскага. Апошні ўдзельны князь Ноўгарада-Северскага Васіль Іванавіч Шамякін быў абвінавачаны ў здрадзе, памёр у няволі ў 1523 годзе, пасля чаго княства страціла ўсякую самастойнасць.

Пасля далучэння Северскіх земляў (Северскага княства, Чарнігаўскага, Пераслаўскага) у 1517—1523 гг. да Рускай дзяржавы ў тытуле цара Івана IV Васільевіча Грознага з’явіўся дадатак «Северныя страны Повелитель», гэта значыць усіх Северскіх земляў уладар. Гэта ўладанне заставалася ў тытуле расійскіх цароў да 1917 года.

У 1672 годзе ў «Тытулярніку» з’явіўся малюнак герба «Паўночнай краіны». У 1699 годзе на малюнку дзяржаўнай пячаткі Расіі аўстрыйскі дыпламат І. Г. Корб намаляваў герб «Seweia»[8] (Севея).

Гл. таксама

Зноскі

  1. Л.Войтович Князівські династії Східної Європи
  2. Дакудава — вёска на рацэ Нёман, у 15 км ад горада Ліда, у наш час знаходзіцца ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі
  3. Хроніка Быхаўца
  4. Нікалаеў М. Карыбут // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 64. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  5. Хронас
  6. Свидригайло Ольгердович // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона
  7. Свидригайло // Большая энциклопедия русского народа.
  8. Дзённік падарожжа ў Маскоўскую дзяржаву

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Севершчына
Катэгорыя·Зніклі ў 1523 годзе
Катэгорыя·Удзельныя княствы ў складзе Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Чарнігаўскае княства
Катэгорыя·Ноўгарад-Северскі
Катэгорыя·З’явіліся ў 1097 годзе