дэмаграфія | |||
---|---|---|---|
год | насельніцтва | год | насельніцтва |
1370 | 1 900 000 | 1950 | 25 008 000 |
1582 | 7 500 000 | 1960 | 29 776 000 |
1634 | 11 000 000 | 1970 | 32 642 000 |
1800 | 9 000 000 | 1978 | 35 061 000 |
1846 | 11 107 000 | 1988 | 37 879 000 |
1911 | 22 110 000 | 1990 | 38 183 000 |
1921 | 27 177 000 | 1995 | 38 610 000 |
1931 | 32 107 000 | 2000 | 38 654 000 |
1938 | 34 849 000 | 2005 | 38 191 000 |
1946 | 23 930 000 | 2009 | 38 167 329 |
2017 | 38 433 600 | ||
дадзеныя:GUS | |||
Па колькасці насельніцтва займае шостае месца ў Еўрапейскім саюзе. Для Польшчы характэрна стабільная колькасць насельніцтва, яго нізкі як натуральны, так і міграцыйны прырост; паказчыкі эміграцыі таксама невысокія. Польшча з’яўляецца адной з найбольш этнічна аднародных краін: каля 97 % жыхароў складаюць палякі. Дзяржаўная мова — польская. У рэлігійным дачыненні насельніцтва Польшчы з’яўляецца самым веруючым у Еўропе пасля Мальты: толькі 6 % жыхароў заявілі аб сваім атэізме ці абыякавасці да рэлігіі[1]. Дамінуючыя пазіцыі займае Рымска-Каталіцкая Царква, першы неітальянскі Папа Рымскі Ян Павел ІІ быў палякам. Найбуйнейшыя гарады — Варшава, Кракаў, Лодзь, Вроцлаў, Познань, Гданьск.
Па колькасці насельніцтва (38,4 млн чал.) Польшча з’яўляецца восьмай краінай у Еўропе і пятай у Еўрасаюзе (без Вялікабрытаніі). У рэгіёне Цэнтральная і Усходняя Еўропа Польшча займае 3-е месца пасля Расіі і Украіны. Цягам апошніх 30 гадоў колькасць насельніцтва застаецца практычна нязменнай і вагаецца ў межах 38 і 39 млн чалавек, аднак узроставая структрура трансфармуецца. Для краіны характэрны нізкі натуральны прырост насельніцтва і паступовае яго старэнне. У асобныя гады смяротнасць перавышае нараджальнасць.
Сучасная Польшча — адна з самых монанацыянальных дзяржаў свету. Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 2011 года, 96,88 % насельніцтва Польшчы аднеслі сябе да этнічных палякаў. Астатнюю частку складаюць іншыя нацыянальнасці — этнічныя меншасці і дыяспары, якія кампактна пражываюць на прыгранічных тэрыторыях (кашубы, беларусы, літоўцы, немцы). Да іншых нацыянальнасцей аднеслі сябе 1,23 % працэнта насельніцтва краіны, з іх самыя значныя этнічныя групы — роднасныя палякам сілезцы (1,13 %, а ў 2002 — усяго 0,45 %), немцы (0,09 %), беларусы (0,1 %), украінцы (0,1 %), цыганы, яўрэі, польска-літоўскія татары[3]. Беларуская дыяспара ў Польшчы адна з найбольш шматлікіх — каля 30 тысяч чалавек паводле перапісу 2011 (згодна з іншымі ацэнкамі, у пачатку 1990-х у Польшчы жылі ад 215 да 230 тыс. беларусаў). 1,35 % насельніцтва адмовіліся даць адказ на пытанне аб нацыянальнасці. Варта дадаць, што прыведзеная статыстыка не ўключае легальных украінскіх працоўных мігрантаў, якіх апошнім часам паболела — каля 1,7 млн чалавек у 2017
Больш за 98 % жыхароў краіны размаўляюць на польскай мове — найбуйнейшай заходнеславянскай мове. Польскі алфавіт сканструяваны на лацінскай аснове і мае 9 дадатковых сімвалаў (ą, ć, ę, ł, ń, ó, ś, ź, ż); літары q,v, і x ужываюцца толькі ў запазычаных словах. Не менш за 1,4 % жыхароў Польшчы карыстаюцца сілезскай гаворкай (самі сілезцы або шлянзакі лічаць сваю гаворку асобнай мовай і дамагаюцца для яе афіцыйнага статусу; на сілезскай мове ствараюцца літаратурныя творы, выдаюцца газеты). Да рэгіянальных моў аднесена кашубская — заходнеславянская мова, родная для 366 000 чалавек, размаўляе на ёй каля 108 000 чалавек. У раёнах кампактнага пражывання кашубаў — пераважна на захад ад Гданьска — выкарыстоўваюцца двухмоўныя ўказальнікі, шыльды і т.п. Цікава, што ў адрозненні ад сілезцаў, кашубы ідэнтыфікуюць сябе як палякі. 16 моваў, у тым ліку, беларуская, маюць статус моваў нацыянальных меншасцяў.
Асноўны артыкул: Рэлігія ў Польшчы
Рэлігія ў Польшчы займае даволі значнае месца ў грамадскім жыцці. Самаю ўплывоваю рэлігіяй у краіне з’яўляецца хрысціянства (рымскае каталіцтва), прыхільнікамі якога, па розных ацэнках, з’яўляюцца ад 75 да 95 працэнтаў насельніцтва[5]. Каталіцкая царква аказвае вялікі ўплыў на жыццѐ палякаў і палітыку дзяржавы. Палякам быў 264-ы Папа Рымскі Ян Павел II (Караль Вайтыла). Таксама прысутнічаюць прадстаўнікі некалькіх іншых канфесій: праваслаўныя, лютэране, грэкакатолікі, кальвіністы і іудзеі, сведкі Іеговы.
Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва складае 122 чалавекі на км². Па ўзроўні ўрбанізацыі (62 %) Польшча саступае большасці еўрапейскіх дзяржаў (у тым ліку Беларусі). Шмат у чым гэта абумоўлена сялянскім характарам сельскай гаспадаркі. Палова гараджан — жыхары вялікіх гарадоў. Найбуйнейшыя гарады Польшчы: Варшава (1,77 млн), Кракаў (770 тыс), Лодзь (690 тыс), Вроцлаў (640 тыс), Познань (537 тыс)[6], Катавіцы, Бельска-Бяла, Быдгашч, Беласток, Торунь, Гданьск, Гдыня, Сопат (апошнія тры ўтвараюць агламерацыю, якую неафіцыйна называюць Труймяста). Месца гарадоў у рэйтынгу з цягам часу можа змяніцца: так Лодзь, што быў вялікім цэнтрам прамысловасці, за апошніх 30 гадоў траціў каля 100 тыс чалавек і саступіў другую прыступку Кракаву. Дзесяць найбуйнейшых агламерацый — Варшаўская, Верхнесілезская (Катавіцкая), Кракаўская, Труймяста і інш. канцэнтруюць 25 % грамадзян краіны.