wd wp Пошук:

Міхаіл Гедэон Радзівіл

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Радзівіл. Міхаі́л Гедэо́н Радзіві́л (паводле метрыкі — Міхал Геранім Кароль Радзівіл; 24 верасня 1778, Варшава24 мая 1850, Варшава) — ваенны дзеяч Расійскай імперыі з роду Радзівілаў, брыгадны генерал, землеўладальнік, сенатар-кашталян Царства Польскага, адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—1831 гадоў.

Біяграфія

Нарадзіўся 24 верасня 1778 года ў Варшаве. Быў трэцім сынам у сям’і Міхала Гераніма Радзівіла, віленскага ваяводы і Алены Пшаздзецкай, даводзіўся братам Антонію Генрыку Радзівілу. Атрымаў хатнюю пачатковую адукацыю, пасля чаго ў 1792 годзе паступіў у Гётынгенскі ўніверсітэт. Падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі ў 1794 годзе знаходзіўся з братамі ў Дрэздэне, потым — у Карлсбадзе. У красавіку 1795 года вярнуўся на радзіму і разам з малодшым братам Андрэем Валентам быў адпраўлены бацькам у Пецярбург да двара Кацярыны II[3].

1 снежня 1797 года атрымаў тытул камергера ад Паўла I, праз два гады стаў камандорам Мальтыйскага крыжа. У гэты час Міхал Радзівіл вярнуўся ў Варшаву, дзе ўдзельнічаў у грамадскім жыцці горада, часта бываў у Пулавах у князёў Чартарыйскіх. У 1806 годзе пачаў ваенную службу ў складзе Паўночнага польскага легіёна. 18 студзеня 1807 года атрымаў званне палкоўніка і стаў камандзірам легіёна. Удзельнічаў у вайне чацвёртай кааліцыі 1807 года. 1 красавіка 1808 года ўзначаліў 5-ы пяхотны полк арміі Герцагства Варшаўскага, 11 снежня 1811 года атрымаў званне брыгаднага генерала.

Удзельнічаў у французска-рускай вайне 1812 года ў якасці камандуючага 2-й брыгады 7-й дывізіі пяхоты генерала Гранжана, якая напярэдадні вайны належала да 1-га корпуса Вялікай Арміі маршала Даву, а ад 3 чэрвеня 1812 года — да 10-га корпуса Жака Макдональда. Корпус меў істотнае стратэгічнае значэнне ў ваенных дзеяннях над Балтыкай і Дзвіной, граючы ролю абароны левага фланга Вялікай Арміі. На чале брыгады ў ноч з 29 на 30 ліпеня Міхал Гедэон Радзівіл удзельнічаў у баях за Дзвінск, пасля чаго заняў пазіцыі ўздоўж Дзвіны і праводзіў вайсковую разведку на правым і левым берагах ракі. Пры адступленні 7-й дывізіі, якая праз Курляндыю і Жамойць адыходзіла на лінію Нёмана, вызначыўся ў бітве пад Тыльзітам (26 снежня 1812). Адыходзячы ў кірунку Данцыга, 5 студзеня 1813 года Міхал Радзівіл удзельнічаў у баі пад Брандэнбургам, 12 студзеня дайшоў да Эльблёнга і ў выніку сутыкнення на рацэ Ногат 17 студзеня зноў накіраваўся ў бок Данцыга. Пасля капітуляцыі горада вярнуўся ў Варшаву[3].

З 1815 года служыў у войску Каралеўства Польскага, камандаваў дывізіяй. З 1822 года — сенатар-кашталян, з 1825 года — сенатар-ваявода. З пачаткам паўстання 30 лістапада 1830 года увайшоў у склад Адміністрацыйнай рады Каралеўства Польскага, потым у Найвышэйшую нацыянальную раду. Падтрымліваў дыктатуру генерала Ю. Хлапіцкага, пасля яго адстаўкі 20 студзеня — 26 лютага 1831 года быў галоўнакамандуючым, аднак паўнамоцтвы фактычна засталіся ў Хлапіцкага. Прымаў удзел у рэарганізацыі вайсковага кіравання паўстаннем.

У выніку паразы ў бітве пры Грохаве сышоў у адстаўку. Пасля капітуляцыі Варшавы да 1836 года быў зняволены ў Яраслаўлі, потым жыў у Дрэздэне. За ўдзел у паўстанні яго беларускія маёнткі Барысаўшчына ў Барысаўскім павеце, Цімкавічы ў Слуцкім павеце і іншыя перайшлі ў дзяржаўны скарб, аднак загадам ад 28 кастрычніка 1832 года былі падзелены паміж спадкаемцамі: братам Андрэем Валентам і пляменніцай Леановай[4].

Па вяртанні з ссылкі Міхал Гедэон Радзівіл пасяліўся ў палацы Станіслава Патоцкага ў Кракаўскім прадмесці Варшавы. У апошнія гады жыцця займаўся філантропіяй, мецэнатствам, быў папулярны сярод жыхароў горада. Памёр 24 мая 1850 года, пахаваны 27 мая ў касцёле капуцынаў.

Сям’я

12 ліпеня 1815 года ажаніўся з Аляксандрай Стэцкай, прадстаўніцай заможнага шляхецкага роду Стэцкіх, адзінай дачкой багатага памешчыка Карла Стэцкага і падчаркай генерала Княжэвіча. Выхоўвалася ў Мяжырычах — сядзібе свайго дзеда. Па прыкладзе сваёй свякрухі, па праекце архітэктара Генрыха Ітара перабудавала палац, сад і парк у Шпанове, ператварыўшы яго ў адну з лепшых рэзідэнцый на Валыні. У 1831 годзе рушыла ўслед за мужам у выгнанне ў Яраслаўль. Будучы таленавітай мастачкай-аматаркай, з’яўлялася ганаровым членам Таварыства заахвочвання мастацтваў ў Варшаве. Паводле ацэнак сучаснікаў, княгіня Радзівіл «была прыгожая, нададзеная розумам і прыемным характарам» . Памерла ў ліпені 1864 года ў Пасі пад Парыжам і была пахавана на мясцовых могілках. У якасці пасага Міхаіл Гедэон Радзівіл атрымаў мястэчка Шпаніў пад Роўным. Пасля яго смерці маёнтак перайшоў у валоданне да Караля Андрэя Радзівіла і знаходзіўся пад кіраваннем гэтага роду да самага пачатку Другой сусветнай вайны.

Ад гэтага шлюбу нарадзіліся:

Узнагароды

Зноскі

  1. 1 2 RKDartists Праверана 23 жніўня 2017.
  2. 1 2 Michał Gedeon Radziwiłł // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  3. 1 2 Zbigniew Zacharewicz i Władysław Zajewski: Radziwiłł Michał Gedeon (wg metryki Michał Hieronim Karol). W: Polski Słownik Biograficzny t. XXX/1987 [on-line]. (польск.)
  4. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8., с.60

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (21):
Катэгорыя·Кавалеры рыцарскага крыжа ордэна Virtuti Militari
Катэгорыя·Удзельнікі паўстання 1830—1831 гадоў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Нарадзіліся 24 верасня
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі 24 мая
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Генералы Расійскай імперыі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1778 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў 1850 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Памерлі ў Варшаве
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Варшаве
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Радзівілы
Катэгорыя·Удзельнікі вайны 1812 года
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных