У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Шмыроў. Мінай Піліпавіч Шмыроў, партызанскі псеўданім Бацька Мінай (1 (23) снежня 1891, в. Пунішча Веліжскага павета Віцебскай губерні — 3 верасня 1964, Віцебск) — адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Віцебскай вобласці ў Вялікую Айчынную вайну. Герой Савецкага Саюза (1944).
У арміі з 1913 года. Быў удзельнікам Кастрычніцкай рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны, баёў супраць войск Краснова, Карнілава, Юдзеніча, арганізатарам першага партызанскага атрада ў Віцебскай губерні. 3 1921 года быў камандзірам атрада па барацьбе з бандытызмам на Віцебшчыне.
У Вялікую Айчынную вайну ў ліпені 1941 года ён арганізаваў і ўзначаліў партызанскі атрад у Суражскім раёне, які потым увайшоў у склад 1-й Беларускай партызанскай брыгады. Гэтая брыгада ўдзельнічала ў абароне «Віцебскіх варот». Партызаны «Бацькі Міная» наносілі ўдары па чыгунках, шашы, водных камунікацыях, узрывалі масты і склады, пускалі пад адхон эшалоны гітлераўцаў. Спрабуючы захапіць партызанскага кіраўніка, фашысты ў кастрычніку 1941 года ўзялі заложнікамі чатырох яго дзяцей, сястру і маці жонкі. Спробы партызан вызваліць сям’ю партызанскага камандзіра не ўдаліся. 14 лютага 1942 года пасля чатырох месяцаў катаванняў дзеці і сваякі Шмырова былі расстраляны.
15 жніўня 1944 года за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе супраць гітлераўскіх захопнікаў, М. П. Шмырову прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Пасля вайны быў на савецкай і гаспадарчай рабоце ў Віцебску. Член ЦВК БССР у 1935—1937 гадах. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1947—1963 гадах.
Ганаровы грамадзянін Віцебска.