Су́ражскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў БССР у 1924—1960 гадах. Адміністрацыйны цэнтр — гарадскі пасёлак Сураж, з 1957 года — гарадскі пасёлак Янавічы.
Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Віцебскай акругі БССР. Цэнтр — мястэчка Сураж. 20 жніўня 1924 года падзелены на 12 сельсаветаў: Ботаніцкі (Стаработаніцкі), Будніцкі, Запольскі, Казловіцкі, Князёўскі, Котаўскі, Краўцоўскі, Марчонкаўскі, Пудацкі, Пышнікоўскі, Суражскі, Янавіцкі. 29 кастрычніка 1924 года Будніцкі сельсавет перайменаваны ў Астроўскі. 21 жніўня 1925 года Князёўскі сельсавет перайменаваны ў Станькаўскі, Казловіцкі сельсавет — у Камароўскі. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 15 лютага 1931 года да раёна далучаны Войтаўскі і Курынскі сельсаветы скасаванага Віцебскага раёна, 8 ліпеня 1931 года — Палоўскі і Шабраўскі сельсаветы скасаванага Мяжанскага раёна. 15 ліпеня 1935 года вёска Ноўка аднесена да катэгорыі рабочых пасёлкаў. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Віцебскай вобласці. 27 верасня 1938 года мястэчкі Сураж і Янавічы аднесены да катэгорыі гарадскіх пасёлкаў.
З сярэдзіны ліпеня 1941 года раён быў акупаваны нямецкімі войскамі. У лютым 1942 года у час Маскоўскай бітвы на тэрыторыі сучаснага Віцебскага раёна вялі баі часці 249-й стралковай дывізіі і 51-й стралковай брыгады 4-й ударнай арміі Калінінскага фронту, якія наблізіліся да Віцебска на адлегласць каля 7 км, але потым, адышлі на тэрыторыю РСФСР[1].
10 сакавіка 1954 года статус рабочага пасёлка Ноўка паніжаны да вёскі. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Пышнікоўскі і Станькаўскі сельсаветы, Пудацкі сельсавет перайменаваны ў Навасёлкаўскі, Марчонкаўскі — у Балашоўскі, Камароўскі — у Канашынскі, Палоўскі — у Хмяльніцкі, Суражскі — у Тарасенскі. 10 верасня 1957 года цэнтр раёна перанесены ў гарадскі пасёлак Янавічы[2]. 20 студзеня 1960 года раён скасаваны, гарадскія пасёлкі Сураж і Янавічы, Астроўскі, Балашоўскі, Ботаніцкі, Войтаўскі, Запольскі, Котаўскі, Краўцоўскі, Курынскі, Тарасенскі, Янавіцкі сельсаветы перададзены Віцебскаму раёну, Хмяльніцкі і Шабраўскі сельсаветы — Езярышчанскаму раёну, Канашынскі сельсавет — Гарадоцкаму раёну.