wd wp Пошук:

Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова

Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова — музей створаны ў Віцебску паводле распараджэння Савета Міністраў БССР ад 1 лютага 1966 г. і загада Міністэрства культуры БССР ад 24 сакавіка 1966 г. «Аб адкрыцці і арганізацыі мемарыяльнага музея Героя Савецкага Саюза М. П. Шмырова» як гарадскі. Рашэннем выканаўчага камітэта Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 26 снежня 1968 г. гарадскі музей, ператвораны ў абласны. Адкрыты 5 ліпеня 1969 г. у дні святкавання 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у будынку былога прытулку адстаўных чыноўнікаў імя Галембіоўскага (кан. ХІХ — пач. ХХ ст.). Музеем кіравалі І. І. Сіманькоў, Н. В. Сямешына. 3 2002 г. дырэктар І. А. Шышкова.

Экспазіцыя

Асноўны фонд музея (2013 г.) налічвае 8758 адз. захоўвання, навукова-дапаможны — 1343 адз. Музей складаецца з 4 экспазіцыйных залаў агульнай плошчай 223 м² і выставачнай плошчай 39 м². Працягам экспазіцыі з’яўляецца мемарыяльны парк, размешчаны побач з будынкам музея. У парку ўстаноўлены скульптурны бюст М. П. Шмырова (скульптар З. Азгур) макет «Рэйкавая вайна», гарматы, пабудаваны партызанскія зямлянкі.

Першая зала

У музеі зберагаюцца калекцыі узбраення, прадметаў быту, дакументаў, выяўленчага мастацтва, фалерыстыкі, друкарскіх выданняў, кінафотадакументаў. У 1-й зале матэрыялы экспазіцыі расказваюць пра дзіцячыя і юнацкія гады М. П. Шмырова, яго працоўную і грамадскую дзейнасць у даваенны перыяд, арганізацыю партызанскага руху на тэрыторыі былога Суражскага раёна ў час Вялікай Айчыннай вайны, стварэнне 1-й Беларускай партызанскай брыгады.

Другая зала

Экспазіцыя 2-й залы прысвечана далейшаму пашырэнню партызанскага руху ў Беларусі, стварэнню на базе 1-й Беларускай партызанскай брыгады новых партызанскіх фарміраванняў (брыгады імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола і 1-й Віцебскай партызанскай брыгады). Тут знаходзяцца матэрыялы пра ўзаемадзеянне партызан і лётчыкаў 105-га асобнага гвардзейскага ордэна Аляксандра Неўскага Панявежскага авіяпалка, пра вызваленне Віцебска (26.06.1944 г.) у выніку аперацыі «Баграціён» (23.06—29.08.1944 г.) і завяршэнне Вялікай Айчыннай вайны.

Трэцяя зала

Экспазіцыя 3-й залы расказвае пра працоўную і грамадзянскую дзейнасць М. П. Шмырова ў пасляваенныя гады. Тут прадстаўлены творы літаратуры і мастацтва, у якіх знайшлі адлюстраванне подзвігі партызанскага камбрыга, дэманструецца дакументальны фільм «Бацька Мінай» і мастацкая кінастужка «Бацька».

Чацвёртая зала

У экспазіцыі 4-й залы прадстаўлены інтэр’ер рабочага кабінета М. П. Шмырова з мэбляй, кнігамі, уласнымі рэчамі, паляўнічы рыштунак, дакументы і фотаздымкі прадпрыемстваў, вучэбных устаноў, аб’ектаў, якія носяць імя М. П. Шмырова.

Дадатковая інфармацыя

Літаратура

Спасылкі

Гл. таксама

Спіс музеяў Беларусі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Музеі Віцебска
Катэгорыя·З’явіліся ў 1966 годзе
Катэгорыя·Дамы-музеі Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·1966 год у Віцебску
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Музеі паводле алфавіта