wd wp Пошук:

Мікеа

Міке́а (малагас. Mikea) — этнічная група малагасійцаў. Насяляюць запаведны лес Мікеа на поўдні Мадагаскара. Прыблізная колькасць - ад 1 да 2 тыс. чал.

Паходжанне

Вылучаюцца дзве асноўныя гіпотэзы паходжання мікеа:

Прадстаўнікі суседніх этнічных груп малагасійцаў, а таксама некаторыя вучоныя адносяць мікеа да нашчадкаў тампантані, дамалагасійскага насельніцтва Паўднёвага Мадагаскара. Аднак мікеа размаўляюць на дыялекце малагасійскай мовы, блізкім да дыялекта заходніх сакалава, з якімі мяжуюць. Прасочваецца сувязь дыялекта мікеа з іншымі малымі групамі малагасійцаў, што сцвярджаюць сваё паходжанне ад старажытных тубыльцаў, але страцілі рысы прымітыўнай культуры.

Першыя апісанні тубыльцаў Паўднёвага Мадагаскара, што з’явіліся ў Партугаліі ў XVI ст. і ў Вялікабрытаніі ў XVIII ст., сцвярджалі, што яны ўжо ў той час значна адрозніваліся ад суседзяў-малагасійцаў, прычым як культурна, так і знешне, больш нагадвалі жыхароў Мазамбіка. Але пазнейшымі даследчыкамі не было выяўлена істотных запазычванняў у дыялекце мікеа з афрыканскіх моў.

Асаблівасці культуры

Мікеа мала кантактуюць з прадстаўнікамі іншых этнічных груп, таму нават для саміх малагасійцаў вядома пра жыццё лясных жыхароў не шмат.

У адрозненні ад іншых карэнных насельнікаў Мадагаскара, яны не займаюцца сельскай гаспадаркай. Асноўныя заняткі - паляванне на дзікіх жывёл (у першую чаргу, дзікоў) і збіральніцтва. Звычайна сем’і аб’ядноўваюцца ў сваяцкія групы, якія ў пошуках пражытка перамяшчаюцца па лесе з месца на месца. З іншымі этнічнымі групамі вядзецца сталы натуральны гандлёвы абмен кінанга, што дазваляе тубыльцам лесу атрымоўваць вяленыя рыбу і кальмараў, зерне, тытунь і культурныя клубняплоды.

Вядомы некалькі тыпаў жытла - каркасныя мазанкі масікора, якія ладзяць з дрэва, кары і лісця, саламяныя хаціны цана, шалашы масікора з кары баабаба, саламяныя шалашы вахіцэ, штучныя часовыя паглыбленні ў зямлі.

Шлюбы патрылінейныя. Звычайна жанчыны шукаюць жаніхоў сярод прадстаўнікоў сямейнай групы свайго бацькі. Усяго вылучацца каля 17 - 20 сваяцкіх груп. У розных груп існуюць свае забароны фалі на ўжыванне мяса некаторых свойскіх жывёл.

Распаўсюджаны драўляны духавы музычны інструмент кілангаа. Гукі ў ім рэгулююцца з дапамогай дзірачак, на якія націскаюць нагамі.

Рэлігія

Мікеа да сёй пары прытрымліваюцца традыцыйных культаў. Ім не вядомы многія рэлігійныя звычаі малагасійцаў, у тым ліку будаваць буйныя магільні, выразаць драўляныя статуі памерлых, праводзіць працэсіі ў гонар нябожчыкаў і г. д. Аднак культ продкаў мае для іх вялізарнае значэнне. Мікеа шануюць сакральныя дрэвы хазафалі, у якіх, як яны вераць, жывуць духі продкаў кока.

Ндрананангахары, вярхоўнае бажаство мікеа, таксама лічыцца іх продкам. Мужчыны шануюць яго як заступніка паляўнічых, прыносяць у ахвяру Ндрананангахары тытунь і раслінныя клубні.

Сярод мікеа вылучаюцца знахары і лекары ўмбіасі.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Малагасійцы