wd wp Пошук:

Мікалай Дзмітрыевіч Чураба

Міко́ла (Мікала́й Дзмі́трыевіч) Чура́ба (11 (24) снежня 1913, Мінск — 29 студзеня 1998, Брэст) — беларускі мастак.

Біяграфія

Бацька Дзмітрый Васілевіч — галоўны бухгалтар на пошце, любіў музыку, іграў на флейце, маці спявала ў царкоўным хоры. Сям’я была працоўнай, усе любілі спяваць, прыахвоцілі да спявання і малога Мікалая. У 1920 годзе сям’я пераехала ў Клімавічы, дзе Мікола пайшоў у школу. Тут ён пачаў займацца спевамі ў прафесара кансерваторыі, які гатовы нават быў вучыць бясплатна, бо бацькі Міколы не мелі на гэта сродкаў. У семігодцы першым для Міхаіла настаўнікам малявання быў Міхаіл Ігнатавіч Станкевіч, які раскрыў здольнасці хлапчука і падрыхтаваў да паступлення ў тэхнікум[1].

У 19301933 гадах вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме, яго педагогамі былі мастак І. В. Ахрэмчык і скульптар М. А. Керзін[1].

У 1940 годзе скончыў графічны факультэт Маскоўскага мастацкага інстытута імя В. І. Сурыкава, дзе вучыўся ў М. Эндэ, А. Фогта, Х. Даркевіча, Уладзіміра Фаворскага, Паўла Паўлінава, Канстанціна Істоміна[1]. Сваю дыпломную працу — ілюстрацыі да рамана Мікалая Астроўскага «Народжаныя бурай» — выканаў у тэхніцы літаграфіі.

У 1940 годзе, пасля сканчэння інстытута, маладога спецыяліста накіравалі на працу выкладчыкам ў Беласток, дзе савецкая ўлада стварала мастацкі тэхнікум. Вёў мастацкія заняткі ў доме творчасці, што па рынку Касцюшкі[pl].

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны даводзілася зарабляць пілаваннем дроваў, уборкай збожжа, капаннем бульбы, афарміцельскімі работамі і інш. Спяваў у хоры пры Беларускім камітэце ў Беластоку, быў адным з лепшых яго тэнараў. Хор выконваў беларускія народныя песні, ездзіў па ўсёй Беласточчыне. 3 лютага 1943 года выступаў у Пружанах. У сувязі з разгромам нямецкіх войскаў у Сталінградскай бітве ў Германіі была абвешчана нацыянальная жалоба з 4 па 6 лютага. Праз жалобу канцэрт адклалі, і артыстаў рассялілі па кватэрах. Мікалай Чураба патрапіў да сям’і Утгафаў, дзе пазнаёміўся з 17-гадовай Таццянай[2], сваёй будучай жонкай[3]. Пасля таго, як незамужніх дзяўчын пачалі выводзіць у Германію, Чураба вярнуўся з Беластока ў Пружаны[2], і 19 мая 1943 года яны з Таццянай павянчаліся ў Прачысценскай царкве[4] і засталіся жыць у Пружанах. Сціплае вясельнае застолле адбылося праз некалькі дзён, сярод гасцей быў спявак Міхаіл Забэйда-Суміцкі, які прыехаў у Пружаны з канцэртам, і будучы кампазітар Юрый Семяняка[5]. У будучым у іх сям’і нарадзіліся трое дзяцей[1].

Пасля вайны Мікола працаваў настаўнікам рысунку ў пружанскай школе, а ў 1946 сям’я пераехала ў Брэст. Тут мастак уладкаваўся ў Дом народнай творчасці і ў мастацкія майстэрні, адразу арганізаваў першую абласную выставу народнай творчасці. Спяваў у царкоўным хоры. Сям’я жыла на Маскоўскай вуліцы (цяпер праспект Машэрава), майстэрня размяшчалася на гарышчы дома[6].

Член Саюза мастакоў СССР з 1947 года.

У 1954 годзе з прычыны рэцыдыву язвы ў яго выразалі частку страўніка[5].

Разам з П. Данелія, І. Фяцісавым, В. Шыкіным, І. Рудчыкам, П. Пагодзіным стварылі групу прафесійных мастакоў, філіял Саюза мастакоў, якая ў 1971 годзе пераўтворана ў абласную арганізацыю СМ БССР. Быў арганізатарам першых мастацкіх выстаў у горадзе, якiя сталi праводзіцца з 1950 года[1].

У 19661982 — выкладчык (з 1972 дацэнт) Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута.

У старэчыя гады перанёс складаную аперацыю[5]. Памёр 29 студзеня 1998 года[1].

Творчасць

Творчую дзейнасць Мікалай Чураба пачаў з 1939 года, калі яго творы з’явіліся на выставе пад час вучобы ў Маскве. Працаваў у кніжнай і станкавай графіцы, жывапісе. Пісаў пейзажы, партрэты, нацюрморты. Маляваў алеем, акварэллю, тэмперай, пастэллю. Ніколі не развітваўся з алоўкам і блакнотам, паўсюль маляваў, нават у грамадскім транспарце[1].

Аформіў кнігі: «Вершы для дзяцей» М. Лужаніна (1948), «Залаты карп» Я. Стаховіча (1951), «Новая зямля» Я. Коласа (1958) i інш[1].

Галоўная тэма жывапісных работ — гераічная абарона Брэсцкай крэпасці. Упершыню ў крэпасць Міхаіл Чураба трапіў у 1947 годзе, адразу адчуў трагізм апаленай вайной зямлі, гераізм савецкіх салдат, хоць на той час яшчэ не былі напісаны нарысы С. Смірнова аб абароне Брэсцкай крэпасці. Асноўныя творы гэтай тэмы: «Цаною жыцця» (1961), «У Брэсцкай крэпасці» (1964), «Цярэспальскія вароты» (1966), «Цішыня ў цытадэлі» (1967), «Руіны парахавога склада» (1969), трыпціх «На парозе бессмяротнасці» (1971), «Не зарасце народная сцежка» (1973), «Смага» (1979), «Пад чыстым небам» (1981), «Байніцы Брэста» і «Ветэраны» (1982), «Зноў згушчаюцца хмары» (1983) і інш[1].

На працягу творчага жыцця каля 1000 твораў мастака выстаўляліся на 100 выставах у Маскве, Мінску, Брэсце і многіх іншых гарадах. З 1964 па 1996 год М. Чураба правёў 13 персанальных выстаў. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, фондах БСМ, музеі мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» і інш[1].

У 2000 годзе ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» прайшла выстава твораў М. Чурабы. У студзені 2004 года ў Брэсцкім мастацкім музеi, а ў верасні ў выставачнай зале Брэста прайшла выстава «Доброта взгляда», прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння М. Чурабы. У студзені 2009 года ў выставачнай зале Брэста — выстава з 136 твораў жывапісу і графікі да 95-годдзя з дня нараджэння майстра. Затым у сакавіку гэта выстава дэманстравалася ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтваў»[1].

У кастрычніку 2010 года ў Брэсцкім мастацкім музеі была адкрыта сумесная выстава М. Чурабы і яго вучня з Беластока А. Краўчука, які з 1940 года праз усё жыццё пранёс памяць пра яго ўрокі. З-за вайны сын селяніна Анатоль Краўчук застаўся працаваць на зямлі, не стаў прафесійным, але стаў адметным самадзейным мастаком, вядомым сярод землякоў[1].

Сям’я

У шлюбе з Таццянай Утгаф (1925-?) меў трох дзяцей: Людмілу (нар. 1944), Мікалая і Ніну. Бацька жонкі Уладзімір Аляксандравіч Утгаф (1894-), які паходзіў з абруселых немцаў, у мінулым афіцэр царскай арміі, таксама маляваў. Пасля Кастрычніцкага перавароту з жонкай-настаўніцай пасяліўся ў Пружанах. Таццяна была ўжо трэцім дзіцем у сям’і. Бацька хрысціў яе на доме, а псаломшчыкам пры гэтым быў малады Рыгор Шырма[5]. У 1946 годзе Уладзімір Утгаф быў прыгавораны да 6 гадоў выпраўленча-працоўных лагераў за дапамаганне нямецкай акупацыі, у 1991 годзе рэабілітаваны[7].

Муж малодшай дачкі Ніны Чурабы, мастачкі і мастацтвазнаўца — мастак Анатоль Скамарошчанка[8] (19542019). Унук Уладзімір Скамарошчанка (нар. 1982) — вядомы брэсцкі графік, дызайнер, мастак, фатограф, ягоная жонка Кацярына Таберка — архітэктар па адукацыі, малюе, піша вершы. У іх сям’і дачка Дарыя і сын Даніла[9]. Унучка Марыяна Скамарошчанка (нар. 1987) — дызайнер.

Памяць

Да стагоддзя з дня нараджэння Мікалая Чурабы, якое адзначалася ў 2014 годзе, Брэсцкі аблвыканкам дапамог сям’і выдаць каталог яго карцін, дызайн якога распрацаваў унук мастака Уладзімір Скамарошчанка. У 2014 годзе ў рамках праекта «Мой Брэст — мая крэпасць» у Мінску, Брэсце і іншых абласных цэнтрах прайшла выстаўка жывапісу Чурабы, прысвечаная не толькі мастаку, але і 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў[6].

У 2014 годзе на доме, дзе жыў і дзеяў мастак, была ўстаноўлена мемарыяльная дошка[6].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 24 снежня 2013 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Мікалая Дзмітрыевіча Чурабы (1913—1998), мастака ў галіне кніжнай і станкавай графікі, жывапісу
  2. 1 2 Любовь и творчество художника Николая Чурабо в воспоминаниях дочери Нины
  3. Николай Александров. Счастливые. История одной любви // Брестский курьер. — 2 сакавіка 2010.
  4. Дарафей Фіёнік.. Брэсцкая сустрэча (нявызн.). Sami o Sobie. Miesięcznik społeczno-kulturalny. Fundacja im. Księcia Konstantego Ostrogskiego (8 кастрычніка 2012).(недаступная спасылка)
  5. 1 2 3 4 Счастливые. История одной любви
  6. 1 2 3 Летописец города над Бугом. Как в Гродно хранят память известного брестского художника Архівавана 9 лістапада 2019.
  7. РЕПРЕССИРОВАННЫЕ в 1920-1940-е годы уроженцы (жители) Пружанского уезда, Пружанского, Ружанского, Шерешевского районов
  8. У выставачным зале на Савецкай адкрылася выстава да 100-годдзя Мікалая Чурабы
  9. Пяцігадовая сенсацыя

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў Брэсце
Катэгорыя·Члены Саюза мастакоў СССР
Катэгорыя·Нарадзіліся 24 снежня
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Памерлі ў 1998 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінску
Катэгорыя·Выпускнікі Віцебскага Народнага мастацкага вучылішча
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Выкладчыкі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1913 годзе
Катэгорыя·Мастакі Беларусі
Катэгорыя·Выпускнікі МДМІ імя Сурыкава
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі 29 студзеня