wd wp Пошук:

Лабарыя лёгачная

Лаба́рыя лё́гачная[1] (Lobaria pulmonaria) — від ліставатых лішайнікаў сямейства лабарыевых.

Лабарыя лёгачная расце ў лісцевых і хвойных лясах і, як і многія іншыя лішайнікі, з’яўляецца індыкатарам узросту лесу, таму што на маладых і здаровых дрэвах яна прыжываецца дрэнна, а на старых і хворых утварае доўгія «бароды». Раней дастаткова шырока выкарыстоўвалася ў народнай медыцыне, але ў сучаснай медыцыне важнага значэння не мае, а выкарыстоўваецца толькі ў харчовай і парфумерных галінах прамысловасці.

Апісанне

Верхняя паверхня слаявіны ў гербарным зборы

Лабарыя лёгачная — гэта лісцевы лішайнік, слаявіна якога ў выглядзе буйналісцевых долькава-лопасцевых пласцінак[2] зялёная ці карычневая, часта з аліўкавым адценнем, скурыстая і пакрыта сеткава-рабрыстым узорам з хрыбтоў і западзін на верхняй паверхні[3]. Колер залежыць ад вільготнасці. У сырых месцах лішайнік больш зялёны, пры высыханні становіцца карычневым, сухія слаявіны паперападобныя[3]. Краі лопасцей выемчата-абрубленыя. Ніжняя паверхня слаявіны больш светлая[3], карычняватая, з розным адценнем; выпуклыя часткі звычайна голыя, а жалабкі паміж уздуццямі пакрыты лямцавым пушком і рызоідамі[3]. Кара, вонкавы ахоўны пласт на паверхні слаявіны, прыкладна параўнальная з эпідэрмісам зялёнай расліны.

Слаявіна звычайна каля 5—15 см (да 30 см) у дыяметры[4], асобныя лопасці могуць дасягаць 1-3 см у шырыню і да 7 см у даўжыню[5][6].

Сарэдыі акруглыя, бугрыстыя, развіваюцца на рэбрах верхняга боку лопасцей або па іх краях[3], часам прарастаюць у палачкападобныя ізідыі[7]. Апатэцыі дыяметрам 2—5 мм[3], развіваюцца не часта[4], размяшчаюцца на рэбрах або па краях лопасцей. Яны маюць чырванавата-карычневы дыск, які акружаны больш светлым, чым дыск, краем[3].

Споры 2—4-клеткавыя, верацянападобныя, бясколерныя, 13—23 (32)×6—10 мкм.

Слаявіна ўтрымлівае арганічныя кіслоты, ад едкага калію(руск.) бел. колер не змяняецца, сарцавіна жаўцее, потым чырванее[3]. Як і ў іншых лісцевых лішайнікаў, слаявіна зрастаецца з субстрактам толькі адным краем і слаба прымацаваная да паверхні, на якой яна расце[4]. Размнажаецца вегетатыўна і аскаспорамі.

Распаўсюджванне

Лабарыя лёгачная ў Германіі
Лабарыя лёгачная ў ЗША

Від шырока распаўсюджаны ў Еўропе (большая частка лясной зоны, горныя раёны), Азіі, на поўдні Афрыкі, у Паўночнай Амерыцы, на заходніх ціхаакіянскіх астравах і ў Аўстраліі.

На тэрыторыі Беларусі трапляецца паўсюдна, але не часта[3]. Расце невялікімі групамі або адзіночнымі экземплярамі з дрэнна развітымі сегментамі слаявіны, без апатэцыяў (у стэрыльнай форме).

Экалогія

Аддае перавагу вільготным месцам, дзе выпадае вялікая колькасць ападкаў, асабліва ў прыбярэжных абласцях[6]. Гэты лішайнік пасяляецца ў асноўным на кары дрэў, радзей на імшыстых скалах. Расце ў старых шыракалістых лясах на ствалах дуба, ясеня, граба і іншых шыракалістых дрэў[3]. Можа сустракацца на хвойных дрэвах[3]. Аддае перавагу лесу з павышанай вільготнасцю паветра[8].

На слаявіне лабарыі лёгачнай можа існаваць фотасімбіёнт зялёная водарасць Dictyochloropsis reticulata[9].

У туманныя і дажджлівыя дні лабарыя выпроствае свае лопасці і «абуджаецца ад спячкі», у якую яна ўпадае ў засушлівы перыяд. Вільготная абалонка грыба становіцца празрыстай, лёгка прапускае сонечныя прамяні, неабходныя для росту і развіцця водарасці.

Хімічны склад

Лабарыя лёгачная, як вядома, утрымлівае розныя кіслоты, агульных для лішайнікаў, такія як стыктынавую, стыктавую(англ.) бел. , гірафоравую(англ.) бел. і іншыя кіслоты[10][11]. Гэтыя злучэнні, вядомыя пад агульнай назвай дэпсідоны, выкарыстоўваюцца лішайнікам, каб абараніцца ад траваедных жывёл, такіх як лішайнікаедныя малюскі[12]. Лабарыя лёгачная таксама змяшчае цукровыя спірты(руск.) бел. D-арабітол(руск.) бел.[13], валемітол(англ.) бел., у дадатак да шэрагу каратыноідаў(руск.) бел. (агульнае ўтрыманне > 10 мг/кг), такіх як альфа-каратын(англ.) бел., бэта-каратын і бэта-крыптаксантын(англ.) бел.[10]. Верхняя кара лішайніка ўтрымлівае меланін(руск.) бел., які экраніруе фотабіёнты ад УФ- і ФАР(англ.) бел.-выпраменьвання[14]. Сінтэз меланінавых пігментаў у лішайнікаў узрастае ў адказ на павелічэнне колькасці сонечных прамянёў[15]. Лішайнікі, адаптаваныя да цёмных месцаў маюць талом зеленавата-шэрага колеру ў паветрана-сухім стане, тады як у раслін, што раслі на адкрытым сонцы талом можа быць цёмна-карычневага колеру. Гэта прыстасаванне дапамагае абараніць фотасімбіёнт Dictyochloropsis reticulata, які адносна кепска пераносіць высокі ўзровень асветленасці[16][17].

Розныя кіслоты, якія ўтрымлівае слаявіна, маюць выяўленую антымікробную актыўнасць[3].

Таксама вядома, што ў складзе прысутнічаюць розныя стэроіды, а іменна эргастэрол(англ.) бел., эпістэрол(англ.) бел., фекастэрол(англ.) бел. і ліхестэрол(англ.) бел.[18][19].

Выкарыстанне

У медыцыне

Раней, з-за вонкавага падабенства гэтага лішайніка з тканкай лёгкага, яго ўжывалі пры лячэнні лёгачных хвароб, у тым ліку паводле вучэння пра сігнатуры(руск.) бел.. Гэтае падабенства дало назву лішайніку ў розных мовах, у тым ліку, у беларускай. Кніга Джона Джэрарда The Herball or General Historie of plants (1597) рэкамендавала L. pulmonaria як лекавую расліну[20].

У народнай медыцыне дагэтуль выкарыстоўваецца як сродак супраць лёгачных захворванняў і сухот у выглядзе адвараў[3], а таксама пры астме, нетрыманні мачы і адсутнасці апетыту[20].

У традыцыйнай індыйскай медыцыне лабарыю лёгачную выкарыстоўваюць пры крывацёках і дэрматытах(руск.) бел.[7], яна таксама выкарыстоўваецца як сродак ад крывахаркання індзейцамі племені Хескуіяхт(англ.) бел. у Брытанскай Калумбіі Канады[21]. Этнафітатэрапеўтычнае абследаванне горных абласцей правінцыі Малізэ ў цэнтральна-паўднёвай Італіі паказала, што лабарыя лёгачная выкарыстоўвалася там, як антысептык і для лячэння ран[22].

Адвар, прыгатаваны з гэтай расліны, аказвае процізапаленчае(руск.) бел. і проціязвавае дзеянне[23]. Акрамя таго, было выяўлена, што метанолавы экстракт лабарыі лёгачнай аказвае ахоўны эфект на страўнікава-кішачны тракт пацукоў, магчыма, гэта звязана з памяншеннем акісляльнага стрэсу(руск.) бел. і зніжэннем запаленчых эфектаў нейтрафілаў(руск.) бел.[24]. Акрамя таго, метанолавыя экстракты таксама аказваюць моцнае антыаксідантнае і аднаўляльнае дзеянне, верагодна, дзякуючы наяўнасці фенольных злучэнняў[25].

Іншае

Лабарыя лёгачная выкарыстоўвалася для стварэння аранжавага фарбавальніка для воўны, пры дубленні шкур, у парфумернай прамысловасці і як інгрыдыент пры вытворчасці піва(руск.) бел.[26][27].

Ахоўны статус

Від адчувальны да забруджвання паветра, на ім таксама негатыўна адбіліся страта асяроддзя пражывання і змены ў практыцы лясной гаспадаркі[28] і часткова кіслотныя дажджы[29].

Лабарыя лёгачная, як і іншыя лішайнікі, якія змяшчаюць сіне-зялёныя водарасці, асабліва ўспрымальныя да ўздзеяння кіслотных дажджоў, таму што наступнае зніжэнне pH памяншае азотфіксацыю(руск.) бел. праз інгібіраванне водарасцевай нітрагеназай(руск.) бел.[29].

Папуляцыя віду скарацілася па ўсёй Еўропе і лабарыя лёгачная лічыцца пад пагрозай знікнення ў многіх нізінных раёнах[30][31][32].

Лабарыя лёгачная занесена ў Чырвоныя кнігі Беларусі[33], Літвы[34], Польшчы[35], Латвіі[1], Расіі[36], Смаленскай вобласці[2] і Камчаткі. Вымірае ў сувязі з інтэнсіўным зборам слаявін у лекавых мэтах і забруджваннем паветра.

Зноскі

  1. 1 2 ЛОБАРИЯ ЛЁГОЧНАЯ Архівавана 14 ліпеня 2014. (руск.)
  2. 1 2 Вид занесённый в Красную книгу Смоленской области: Лобария Легочная (Lobaria pulmonaria (L.) Hoffm.) (руск.)
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 Лобария легочная // Лекарственные растения и их применение. — 5-е, перераб. и. доп.. — Мн.: «Наука и техника», 1974. — С. 47. — 592 с. — 120 000 экз.
  4. 1 2 3 Лобария легочная — Lobaria pulmonaria (L.) Hоffm.
  5. Robert Jacek Dzwonkowski: Przyroda polska Wydawnictwo «Mozaika», 2004, ISBN 83-89200-84-8
  6. 1 2 Geiser L, McCune B. (1997). Macrolichens of the Pacific Northwest. Corvallis: Oregon State University Press. ISBN 0-87071-394-9.
  7. 1 2 Sharnoff S, Brodo IM, Sharnoff SD. (2001). Lichens of North America. New Haven, Conn: Yale University Press. p. 417. ISBN 0-300-08249-5. https://archive.org/details/lichensofnortham0000brod.
  8. Чырвоная кніга СССР, 1984
  9. Tschermak–woess, Elisabeth (2007). “Dictyochloropsis Splendida (Chlorophyta), the Correct Phycobiont of Phlyctis Argena and the High Degree of Selectivity or Specificity Involved”. The Lichenologist 27 (03): 169. doi:10.1017/S002428299500020X.
  10. 1 2 www.emea.europa.eu (нявызн.). Праверана 8 студзеня 2009.
  11. Gonzalez, A; Barrera, J; Perez, E; Padron, C (1994). “Depsidones from Lobaria pulmonaria and their chemotaxonomic importance”. Biochemical Systematics and Ecology 22 (6): 583. doi:10.1016/0305-1978(94)90070-1. https://archive.org/details/sim_biochemical-systematics-and-ecology_1994-09_22_6/page/583.
  12. Asplund J, Gauslaa Y (February 2008). “Mollusc grazing limits growth and early development of the old forest lichen Lobaria pulmonaria in broadleaved deciduous forests”. Oecologia 155 (1): 93–9. doi:10.1007/s00442-007-0891-z. PMID 17985157. https://archive.org/details/sim_oecologia_2008-02_155_1/page/93.
  13. Nolan, Thos. J.; Keane, J. (1933). “Salazinic Acid and the Constituents of the Lichen, Lobaria pulmonaria”. Nature 132 (3329): 281. doi:10.1038/132281b0.
  14. Gauslaa, Yngvar; Solhaug, Knut Asbjørn (2001). “Fungal melanins as a sun screen for symbiotic green algae in the lichen Lobaria pulmonaria”. Oecologia 126 (4): 462. doi:10.1007/s004420000541. https://archive.org/details/sim_oecologia_2001-02_126_4/page/462.
  15. McEvoy M, Gauslaa Y, Solhaug KA (2007). “Changes in pools of depsidones and melanins, and their function, during growth and acclimation under contrasting natural light in the lichen Lobaria pulmonaria”. New Phytol. 175 (2): 271–82. doi:10.1111/j.1469-8137.2007.02096.x. PMID 17587375. http://www3.interscience.wiley.com/resolve/openurl?genre=article&sid=nlm:pubmed&issn=0028-646X&date=2007&volume=175&issue=2&spage=271. (недаступная спасылка)
  16. Gauslaa Y, Solhaug KA (1996). “Differences in the susceptibility to light stress between epiphytic lichens of ancient and young boreal forest stands”. Functional Ecology (British Ecological Society) 10 (3): 344–354. doi:10.2307/2390282. https://archive.org/details/sim_functional-ecology_1996-06_10_3/page/344.
  17. Gauslaa Y, Solhaug KA (1999). “High-light damage in air-dry thalli of the old forest lichen Lobaria pulmonaria – interactions of irradiance, exposure duration and high temperature”. Journal of Experimental Botany 50 (334): 697–705. doi:10.1093/jexbot/50.334.697. http://jxb.oxfordjournals.org/cgi/content/abstract/50/334/697.
  18. Safe, S; Safe, Lorna M.; Maass, Wolfgang S.G. (1975). “Sterols of three lichen species: Lobaria pulmonaria, Lobaria Scrobiculata and Usnea Longissima”. Phytochemistry 14 (8): 1821. doi:10.1016/0031-9422(75)85302-7. https://archive.org/details/sim_phytochemistry_1975-08_14_8/page/1821.
  19. Catalano, S.; Marsili, A.; Morelli, I.; Pacchiani, M. (1976). “Hydrocarbons sterols and fatty acids of Lobaria Pulmonaria”. Phytochemistry 15: 221. doi:10.1016/S0031-9422(00)89091-3. https://archive.org/details/sim_phytochemistry_1976_15_1/page/221.
  20. 1 2 Gilbert O. (2000). Lichens. London: HarperCollins. pp. 16–17. ISBN 0-00-730861-9.
  21. Lobaria pulmonaria (нявызн.) (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 23 снежня 2008. Праверана 8 студзеня 2009.
  22. Guarrera PM, Lucchese F, Medori S (2008). “Ethnophytotherapeutical research in the high Molise region (Central-Southern Italy)”. Journal of Ethnobiology and Ethnomedicine 4: 7. doi:10.1186/1746-4269-4-7. PMID 18334029.
  23. Süleyman, H; Odabasoglu, F; Aslan, A; Cakir, A; Karagoz, Y; Gocer, F; Halici, M; Bayir, Y (2003). “Anti-inflammatory and antiulcerogenic effects of the aqueous extract of Lobaria pulmonaria (L.) Hoffm”. Phytomedicine : international journal of phytotherapy and phytopharmacology 10 (6–7): 552–7. doi:10.1078/094471103322331539. PMID 13678242.
  24. Karakus B, Odabasoglu F, Cakir A, Halici Z, Bayir Y, Halici M, Aslan A, Suleyman H. (2008). “The effects of methanol extract of Lobaria pulmonaria, a lichen species, on indometacin-induced gastric mucosal damage, oxidative stress and neutrophil infiltration”. Phytotherapy Research 23 (5): n/a. doi:10.1002/ptr.2675. PMID 19107853.
  25. Odabasoglu F, Aslan A, Cakir A, Suleyman H, Karagoz Y, Halici M, Bayir Y. (2004). “Comparison of antioxidant activity and phenolic content of three lichen species”. Phytotherapy Research 18 (11): 938–941. doi:10.1002/ptr.1488. PMID 15597312.
  26. Lungwort (нявызн.). Праверана 16 снежня 2008.
  27. Llano GA (1948). “Economic uses for lichens”. Economic Botany 2 (1): 15–45. doi:10.1007/BF02907917.
  28. Campbell J, Fredeen AL (2004). “Lobaria pulmonaria abundance as an indicator of macrolichen diversity in Interior Cedar-Hemlock forests of east-central British Columbia”. Canadian Journal of Botany 82 (7): 970–982. doi:10.1139/b04-074.
  29. 1 2 Gilbert, O (1986). “Field evidence for an acid rain effect on lichens”. Environmental Pollution Series A, Ecological and Biological 40 (3): 227. doi:10.1016/0143-1471(86)90097-8. https://archive.org/details/sim_environmental-pollution-series-a-ecological-biological_1986_40_3/page/227.
  30. Wirth V, Schöller H, Scholz P, Ernst G, Feuerer T, Gnüchtel A, Hauck M, Jacobsen P, John V et al. (1996). “Rote Liste der flechten (Lichenes) der Bundesrepublik Deutschland”. Schriftenreihe für Vegetationskunde 28: 307–368.
  31. Scheidegger C, Clerc P, Dietrich M, Frei M, Groner U, Keller C, Roth I, Stofer S, Vust M. (2002). «Rote Liste der gefährdeten Arten der Schweiz: Baum- und erdbewohnende Flechten». — Bern, Bundesamt für Umwelt, Wald und Landschaft BUWAL; Birmensdorf, Eidgenössische Forschungsanstalt WSL; Conservatoire et Jardin botaniques de la Ville de Genève CJBG. 124 S.
  32. Danish Lichen Checklist (нявызн.) (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 ліпеня 2011. Праверана 16 снежня 2008.
  33. Лабарыя лёгачная(недаступная спасылка)
  34. Kerpės (літ.)
  35. Wiesław. The Lichenes, Lichenicolous and allied Fungi of Poland.Krytyczna lista porostów i grzybów naporostowych Polski. — Kraków, 2003. — ISBN 83-89648-06-7.
  36. Лобария лёгочная(недаступная спасылка)

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Добрыя артыкулы па біялогіі
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Чырвоная кніга Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Добрыя артыкулы паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Грыбы паводле алфавіта
Катэгорыя·Лабарыевыя