Кастусь Харашэвіч, сапр. Канстанцін Іванавіч Харашэвіч (6 ліпеня 1927, в. Літва, цяпер Маладзечанскі раён — 12 ліпеня 2013) — беларускі мастак-жывапісец[2].
Вучыўся ў Барыса Кіта ў Маладзечанскай гандлёвай школе падчас 2-й сусветнай вайны[3]. Прымаў удзел у дзейнасці СБМ[4].
Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1958). Дыпломная работа — «Сялянскі бунт у дарэвалюцыйнай вёсцы».[2]. Член Беларускага саюза мастакоў (з 1969). Член мастацкай суполкі «Пагоня».[5].
Сузаснавальнік разам з Ядвігай Раздзялоўскай[6] студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Маладзечне.
Творчасць мастака-пейзажыста Кастуся Харашэвіча прадстаўлена больш чым 500 карцінамі, якія адлюстроўваюць знакавыя падзеі ў гісторыі Павілля і ўсёй Беларусі[2].
Ад пачатку 2000-х гадоў мастак працуе над стварэннем галерэі партрэтаў дзеячаў культуры і гісторыі, сваіх знакамітых землякоў[2]. Сярод іх Янка Купала, Францішак Багушэвіч, Вацлаў Ластоўскі, Барыс Кіт, Павел Валошын, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Браніслаў Тарашкевіч, Пятро Мятла.
Яго творы захоўваюцца ў Беларускай бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лондане, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Мінскім абласным краязнаўчым музеі Маладзечна, Скандынаўскім цэнтры ў Мінску, а таксама ў прыватных зборах у Польшчы, Германіі, ЗША, Канадзе і Ізраілі[2].
У 2011 годзе ў філіяле дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы ў Яхімоўшчыне адкрылася персанальная галерэя твораў Кастуся Харашэвіча.[7]
Аўтар кнігі ўспамінаў «Зведанае і перажытае», 2004 год.
Памёр 12 ліпеня 2013 года ў Маладзечне[8]. Пахаваны 13 ліпеня там жа на старых могілках[9].