Звяня́цкае[1] (трансліт.: Zvianiackaje, руск.: Звенятское) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Паселіцкага сельсавета.
Найраней паселішча згаданае ў актах Кіеўскага гродскага суда 20 ліпеня 1641 года, калі Крыстына, дачка князя Адама Вішнявецкага, на той час жонка Пятра Даніловіча, крайчага кароннага, саступіла князю Іераміі сваю палову замка і места Брагін з сёламі, сярод якіх была і Зьвінячына (Źwiniaczyzna)[2]. У тарыфе падымнага падатку Кіеўскага ваяводства 1683 года сказана, што адным дваром у вёсцы Звінячкі (Zwiniaczki) валодаў пан Самуэль Сіліч[3]. 28 чэрвеня 1687 года хутар Звінярскае (Zwiniarskie) названы ў справе Оўруцкага гродскага суда сярод паселішчаў часткі Брагінскага маёнтка ваяводзіча бэлзскага, каралеўскага палкоўніка Яна Канецпольскага, зруйнаваных працяглым (ад лістапада 1686 года) пастоем рэестравых казакоў запарожскага палкоўніка Паўла Апостала Шчуроўскага. Тады ў 4 дварах (×6 — каля 24 жыхароў) размясціліся 5 казакоў і трое коней. Хутарцы мусілі справіць 1 воз з хамутом, раменнай шляёй, касой, сякерай, рыдлёўкай, біклагай, мазніцай з двума гарцамі дзёгцю, з іх выбралі здору, гарэлкі, рыбы, мёду 3 бельцы, усяго — на 43 злотых, легуміны 9 вёдраў, 70 аўса, 200 солі — адзін злоты, 7 кабаноў (wieprzow), 13 падсвінкаў, 75 кур, 2-х баранаў, 4 пары хустаў палатна на ўладкаванне паходных шатроў, 2 злотых на порах.[4].
У 1734 годзе хутар Звіняцкі (futor Dwiniacki) запісаны прыналежным да часткі Брагінскага маёнтка, якую трымалі ў заставе яшчэ ад серадзкага ваяводы Яна Канецпольскага паны Сілічы[5]. Але спадчынным уладальнікам усіх Брагінскіх добраў каля 1733 года стаў князь Міхал Сервацы Вішнявецкі, першы і адзіны ў старэйшай галіне роду, хто падпісваўся «графам на Брагіне»[6]. У 1754 годзе з 20 двароў (прыкладна 120 жыхароў) вёскі Звіняцкае (wieś Zwiniackie) Брагінскага маёнтка «do grodu» (Оўруцкага замка) выплачваліся 3 злотыя, 4 грошы, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 12 злотых, 16 грошаў[7]. У тым жа годзе маёнтак быў куплены ў княгіні Эльжбеты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай панам Францішкам Антоніем Ракіцкім.
Паводле перапісаў яўрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў у Звяняцкім налічвалася адпаведна 12, 6 і 3 чалавекі (głowy)[8], якія належалі да Брагінскага кагала. Пэўна, на змяншэнне колькасці яўрэяў у вёсцы не магла не паўплываць Каліеўшчына 1768 года, што была апошнім і наймацнейшым уздымам гайдамацкага руху ва Украіне.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) — у межах Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[9]. У крыніцы, заснаванай на звестках рэвізіі 1795 года, хутар Звяняцкае названы ў пераліку паселішчаў, нібыта адабраных у стражніка польнага літоўскага Яна Мікалая Аскеркі ў «казённое ведомство за клятвопреступление», г. зн. за ўдзел у вызвольным паўстанні 1794 года[10]. Але паселішчы тыя ў большасці стражнік М. Аскерка трымаў у заставе ад паноў Ракіцкіх, да якіх яны ўрэшце і вярнуліся.
Згодна з «Фармулярнай ведамасцю» сяла Мікулічаў Богаяўленскай царквы 1822 года, вёска Звяняцкае з 69 душамі мужчынскага і 60 душамі жаночага полу нібыта яшчэ належала застаўнаму ўладальніку пану Рафалу Аскерку[[11]](/Звяняцкае#cite_note-11), які спачыў, аднак, у 1818 годзе[[12]](/Звяняцкае#cite_note-12). На 1850 год, паводле энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі», тут налічваўся 31 двор з 241 жыхаром. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 250 жыхароў вёскі Звяняцкае з'яўляліся прыхаджанамі Мікуліцкай Багаяўленскай царквы[[13]](/Звяняцкае#cite_note-13).У парэформенны перыяд Звяняцкае адміністрацыйна належала да Мікуліцкай воласці. Паводле звестак на 1876 і 1879 гады вёска заставалася ў прыходзе Мікуліцкай царквы[14].
На 1909 год у вёсцы Звіняцкае (Звиняцкое) было 102 двары з 553 жыхарамі[15].
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Звяняцкае, аднак, у складзе Мікуліцкай воласці апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[16].
1 студзеня 1919, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года Звяняцкае — цэнтр сельсавета ў Хойніцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года — у складзе Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Паселіцкага сельсавета. На 1930 год у вёсцы было 620 жыхароў. Арганізаваны калгас «Колас», працавалі 3 ветракі і кузня. З 20 лютага 1938 года — у Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Звяняцкім налічвалася 209 двароў з 975 жыхарамі. У вайну акупанты разбурылі 27 дамоў і загубілі 94 вяскоўцаў[17]. 118 жыхароў загінулі на франтах.
З 8 студзеня 1954 года Звяняцкае адміністрацыйна належыць да Гомельскай вобласці. Паводле перапісу 1959 года ў вёсцы было 878 жыхароў. У складзе калгаса «Бальшавік» (цэнтр — вёска Веляцін).