У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Івашын.
Дзяніс Яўгенавіч Івашын (нар. 6 чэрвеня 1979) — беларускі журналіст і палітычны зняволены.
Вырас і пражываў у Гродне. Паводле адукацыі эканаміст і палітолаг[1].
У 2014 годзе быў актыўным удзельнікам Рэвалюцыі годнасці ва Украіне, ад пачатку вайны на ўсходзе Украіны займаўся дабрачыннасцю для перасяленцаў з зоны АТА ва Украіне. Пазней далучыўся да міжнароднай валанцёрскай супольнасці «ІнфармНапалм», якая даследуе ўплыў расійскай агрэсіі на іншыя краіны, як OSINT-даследчык і перакладчык. Стаў галоўным рэдактарам беларускамоўнай версіі рэсурсу.
У 2017 годзе арыштаваны на пяць сутак судом Фрунзенскага раёна Мінска (суддзя — Яўген Пісарэвіч) за асвятленне мерапрыемстваў на Дзень Волі[2].
З 2018 года пазаштатны карэспандэнт газеты «Новы Час»[3]. У 2018 годзе газета апублікавала серыю артыкулаў Івашына «Хто і як павінен будаваць» аб магчымых уладальніках рэстаранна-забаўляльнага комплексу «руск.: Поедем поедим» каля мемарыяла Курапаты. У жніўні прадпрымальнік Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд пазоў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі[4], запатрабаваўшы кампенсацыю 40000 BYN ад «Новага Часу» і 1000 BYN ад Івашына. У верасні суд Савецкага раёна Мінска адмовіў Ізраілевічу ў задавальненні пазову і абавязаў пазоўніка кампенсаваць адказчыкам паслугі адвакатаў — 600 BYN[5].
Акрамя забудовы Курапатаў, апублікаваў расследаванні пра ўплыў расійскіх нацыяналістаў у Беларусі, пра пераход былых байцоў украінскага спецыяльнага аддзела міліцыі «Беркут» у сілавыя структуры рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі[3].
Затрыманы супрацоўнікамі КДБ 12 сакавіка 2021 года, на наступны дзень пасля інтэрв’ю каналу «Настоящее время», у якім паведаміў пра вынікі свайго журналісцкага расследавання[1]. Абвінавачаны ва «ўмяшальніцтве ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў» (арт. 365 КК)[6]. Калегі і блізкія звязваюць яго арышт з прафесійнай журналісцкай дзейнасцю, у прыватнасці, з публікацыяй расследавання пра «Беркут»[7].
Яго затрыманне выклікала занепакоенасць у Міністэрстве замежных спраў Украіны, якое 15 сакавіка 2021 года заявіла, што Івашын толькі «дапамагаў расказваць свету пра злачынствы падчас расійскай агрэсіі супраць Украіны», у той час як журналісцкая дзейнасць не можа і не павінна быць падставай для пераследу[8].
24 сакавіка 2021 года сумеснай заявай васьмі арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, быў прызнаны палітычным зняволеным[9]. Міжнароднае таварыства правоў чалавека таксама прызнала Івашына палітвязнем[6]. 30 чэрвеня 2021 года шэфства над палітвязнем узяў Шон Хогі, дэпутат Дойл Эрэн[10][11].
Восенню 2021 года Івашыну выставілі яшчэ адно абвінавачванне за «здраду дзяржаве» (арт. 366 КК)[12]. У час зняволення Івашына шматразова кідалі ў карцар[12].
У жніўні 2022 года праходзіла другое пасяджэнне закрытага працэсу над Івашыным у Гродне. Сталі вядомыя падрабязнасці першага дня суда 17 жніўня, вязень выгукнуў «Жыве Беларусь! Слава Украіне!» і паспеў коратка перамовіцца з маці.[13]
Івашын мае ўкраінскія карані па бацьку, які паходзіць з Дніпра, і статус «замежнага ўкраінца[uk]»[1]. Бацька памёр; станам на 2021 год сям’я Івашына: маці Людміла, жонка Вольга і старэйшы брат Мікалай, які жыве ва Францыі[14].