Гваздзік армерыяпадобны[3] (Dianthus armeria) — від травяністых раслін сямейства Гваздзіковыя (Caryophyllaceae).
Аднагадовыя і двухгадовая расліна з простым або слабаразгалінаваным, зверху апушаным сцяблом вышынёй 20—60 см і кароткім вертыкальным коранем. Лісце валасістае, цёмна-зялёнае, тонкае, да 5 см даўжынёй. Ніжняе лісце прадаўгавата-ланцэтападобнае, сярэдняе і верхняе лінейна-ланцэтападобнае ці лінейнае, сядзячае. Кветкі 8-15 мм у дыяметры, з пяццю пялёсткамі, ружова-пурпуровыя, на кароткіх кветаножках, сабраны на верхавінцы сцябла ў малакветкавае галоўчатае суквецце. Цвіце ў чэрвені — верасні.[4][5] Плод — каробачка.
Від сустракаецца па ўсёй Еўропе, з Партугаліі на поўначы да паўднёвай Шатландыі і паўднёвай Фінляндыі, і з усходу да Украіны і Каўказа.[6][7][4] У Беларусі гэты рэліктавы від знаходзіцца ў ізаляваных лакалітэтах на паўночна-ўсходняй мяжы арэалу. Дакладна вядомы ў Брэсцкай (Столінскі раён), Гомельскай (Жыткавіцкі, Лоеўскі і Хойніцкі раёны) і Гродзенскай (горад Гродна) абласцях. Раней прыводзіўся для наваколля Гродна, Ваўкавыска, Шчучына і Лоева[8].
Шырока вырошчваецца як дэкаратыўная расліна ў садах.
Уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі 2-га выдання (1993). Ахоўваецца ў Літве і Польшчы.[8]