wd wp Пошук:

Гарлачык белы

Гарлачык белы[3] (Nymphaea alba) — водная расліна сямейства гарлачыкавых.

Назва

Гарлачык белы, лілея вадзяная[4], латуцень белы<, глячкі, гусачкі, макаўка, макоўка[5][3], лілея вадзяная[6], белая вадзяная лілея, лопух[7], гуска[8], белыя курачкі[9][10].

Батанічнае апісанне

Батанічная ілюстрацыя з кнігі К. А. М. Ліндмана «Bilder ur Nordens Flora», 1917—1926

Шматгадовая водная бессцябловая травяністая расліна з тоўстым і доўгім гарызантальным разгалінаваным карэнішчам са шматлікімі карэньчыкамі і ромбападобнымі меткамі ў месцах прымацавання чаранкоў адмерлага лісця.

Лісце

Лісце буйное (да 40 см дыяметрам), плывучае, акругла-авальнае з сэрцападобнай асновай і доўгімі чаранкамі, зверху цёмна-зялёнае, знізу чырванавата-фіялетавае. Бывае, што дробныя вадаёмы, у якіх расце гарлачык белы, высыхаюць, і тады плывучае лісце з доўгімі гнуткімі хвосцікамі адмірае. Але праз некаторы час на карэнішчах з’яўляюцца маленькія лісцікі на моцных стромкіх хвосціках[11].

Лісце мае доўгія хвосцікі, якія ў залежнасці ад глыбіні могуць дасягаць 2,5 метраў.

Бліскучае, глянцавітае лісце гарлачыкаў зверху пакрытае васкавым налётам і не змочваецца вадой. Абарваныя хвосцікі падымаюцца на паверхню і плаваюць. Калі пагрузіць ліст гарлачыка пад ваду і з сілай падзьмуць у канец тронка, то на паверхні ліставой пласцінкі з’явіцца вялікая колькасць дробных бліскучых бурбалак паветра. Справа ў тым, што на паверхні ліста да 11 мільёнаў драбнюткіх адтулін — вусцеек. Іх можна бачыць пад мікраскопам на тонкім зрэзе верхняй скуркі ліста. Праз вусцейкі паветра праходзіць да падводнага сцябла. У моцную лупу можна бачыць пучкі іголачак на зрэзе хвосціка ліста ў кутах паветраносных сасудаў. Гэтыя іголачкі засцерагаюць хвосцікі гарлачыка ад паглынання слімакамі[11]. Маладое лісце, якое не дасягае паверхні вады, — згорнутае ў трубку[11].

Кветкі

Кветкі буйныя (да 12 см дыяметрам у дзікім стане, у некаторых сартоў могуць дасягаць 20 см), адзіночныя, белыя, з завостранымі лісцікамі калякветніка і серна-жоўтым плоскім рыльцам, слабадухмяныя. Аснова чашачкі закругленая (завязь да верхавінкі не звужана, уся ў тычынках). Кветкі маюць доўгія хвосцікі.

Расліна квітнее з чэрвеня па кастрычнік (цвіценне патрабуе тэмператур вышэй за 18 °C). Кветкі адкрываюцца толькі на працягу дня[12].

Кончыкі пялёсткаў гарлачыка вылучаюць мёд. Апыляюцца жукамі, мухамі і пчоламі, хоць магчыма і самаапыленне. Казуркі пераносяць пылок з кветкі на кветку, апыляючы песцікі[11]. Кветкі маюць тонкі, мяккі водар і жывуць каля 3-4 дзён.

Формула кветкі:

K

4

C

15 − 31

A

75 − 110

G

14 −

20 −

{\displaystyle \ast K_{4};C_{15-31};A_{75-110};G_{{14-}-{20-}}}

\{\displaystyle \ast K_\{4\}\;C_\{15-31\}\;A_\{75-110\}\;G_\{\{14-\}-\{20-\}\}\}[13].

Плады

Плод — шара- або ягадападобная шматлістоўка. Насенне расліны чорнага колеру, спее пад вадой. Пасля паспявання яно ўсплывае на паверхню.

Цвіце ў чэрвені-верасні, пладаносіць у ліпені-лістападзе. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае (карэнішчамі).

Арэал

У дзікай прыродзе сустракаецца амаль па ўсёй Еўропе да самага Уралу і далей да наваколляў Чалябінска, на Каўказе, Блізкім Усходзе да Ізраілю на поўдні і Ірану і Кашміру на ўсходзе. Прысутнічае на астравах Міжземнамор’я і ў прыбярэжнай паласе Афрыкі на поўначы. Культывуецца ў іншых частках свету з умераным кліматам, перайшоў у дзікі стан у Аўстраліі і Новай Зеландыі.

У Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту паблізу паўночна-ўсходняй мяжы арэала, часцей сустракаецца ў даліне Прыпяці і нізоўях яе прытокаў, у старыцах Сажа, Нарава і басейна Нёмана; у больш паўночных раёнах трапляецца на буйных азёрах — Нарач, Чарнова ў Гарадоцкім раёне і ў інш.

Экалогія

Месцы росту: стаячыя і з павольнай плынню воды старыц, заток і поймавых азёр з глеістым грунтам на глыбіні 50—250 см. Утварае значныя, дастаткова шчыльныя або разрэджаныя зараснікі.

Кветкі на ноч хаваюцца ў ваду, але як толькі сыдзе сонца, яны ўсплываюць на паверхню ў выглядзе буйных авальных бутонаў, якія праз некаторы час павольна раскрываюцца ў беласнежныя кветкі. У 5-6 гадзін вечара кветкі пачынаюць павольна закрывацца і апускацца ў ваду.

Пад дзеяннем прамянёў сонца ў шырокім лісці гарлачыка з паветра (вуглякіслага газу) і вады ўтваецца крухмал. Гэты крухмал ператвараецца ў цукар, раствор якога апускаецца па хвосціках ліста да карэнішчы. Тут цукар зноў ператвараецца ў крухмал і адкладаецца ў карэнішча. Асабліва вялікі запас крухмалу назапашваецца ў карэнішчы да восені. Увесну ж і ў пачатку лета гэтыя запасы крухмалу трацяцца на рост лісця, цвіцення і ўтварэння пладоў[11].

Хімічны склад

Карэнішча гарлачыка белага змяшчае шмат пажыўных рэчываў: крухмалу (49 %), бялку (8 %) і цукру (да 20 %). У карэнішча расліны змяшчаецца шмат дубільных рэчываў, якія засцерагаюць яго ад гніення ў вадзе[11].

Гаспадарчае значэнне і ўжыванне

Сорт з ружовымі кветкамі
Сорт з ружовымі кветкамі

У кулінарыі

Маладыя карэнішчы гарлачыка белага на Каўказе ідуць у ежу ў смажаным або вараным выглядзе[14]. З карэнішча белай гарлачыка можна атрымаць муку[15]. Цыбуліны гарлачыка белага ядомыя, нагадваюць па смаку ядомы каштан.

У медыцыне

Для вырабу лекавых формаў нарыхтоўваюць карэнішчы, кветкі і лісце. Лісце збіраюць падчас цвіцення расліны, карэнішчы вырываюць ад пачатку цвіцення і да пахаладання. Карэнішча змяшчае алкалоіды (німфеін), флаваноіды, дубільныя рэчывы, вітаміны (А, В, С), арганічныя кіслоты. У пялёстках кветак з’яўляюцца флаваноіды (кемпферол, кверцэцін), у насенні — дубільныя рэчывы, кардэналіды, німфалін, тлустае масла.

Галенавые прэпараты стымулююча дзейнічаюць на страўнікава-кішачны тракт, нармалізуюць функцыю нырак і печані, зніжаюць артэрыяльны ціск. Ужываюць пры анацыдных гастрытах, гепатытах, халецыстытах, злаякасных пухлінах, крывацёках, неўралгіі, міялгіі, захворваннях скуры.

Іншае

Расліна меданосная, апыляецца пераважна начнымі матылькамі. Асобныя расліны жывуць да 22 гадоў.

Вырошчваецца аматарамі-акварыумістамі, як дэкаратыўная расліна.

Ахова

Уключаны ў чырвоныя кнігі Беларусі і Украіны

У культуры

У легендах

Герб Наваполацка

Белы гарлачык — гэта ўвасабленне старажытнага падання полацкай зямлі аб «Белым горадзе», да якога са старажытнага Полацка вядзе падземны ход пад ракой. У славян белы гарлачык называлі пераможнай травой, выкарыстоўвалі яго ў якасці ахавальніка, надзялялі чарадзейнай сілай, прыпісвалі яму таямнічыя ўласцівасці. Лічылася, што белы гарлачык спрыяе раскрыццю таленту чалавека. 3 ягонага карэньчыка рабілі муку, якую выкарыстоўвалі для выпечкі хлеба.

Белы гарлачык сімвалізуе памкненне да прыгажосці і абнаўлення, да справядлівасці і годнасці, да міру і дабрабыту[16]. Яго выява змешчана на гербе Наваполацка.

У літаратуры

З травінкай любой размаўляў ён без слоў,
Блукаючы ў джунглях аеру.
Віталі вар’ята кіўкамі галоў
Гарлачыкі ў белых самбрэра.

Пятрусь Макаль. «Вар’ят і вайна Паводле нямецкай народнай народнай казкі».[17]

Марыя Дамброўская(польск.) бел. ўшанавала белы гарлачык у сваім рамане «Ночы і дні»(польск.) бел., дзе яго кветкі былі ў ролі самага рамантычнага букету.

Хуан Рамон Хіменес (лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры) адзін са сваіх першых раманаў напісаў пад назвай Вадзяныя лілеі[18].

Гарлачык белы з’яўляецца адным з 60 відаў, згаданых у Гамераўскіх Іліядзе і Адысеі.

А мы, малыя, не шманалі,
Плылі па сажалцы далей.
Гарлачык белы адрывалі, -
I хутка рос пучок лілей.

Рыгор Крушына. «Дзённік маленства»[19].

У мастацтве

Кветкі гарлачыкаў нярэдка сустракаюцца на карцінах мастакоў. Найбольш вядомая серыя карцін, прысвечаных гэтым кветкам, была напісана Клодам Манэ. Іншыя мастакі, якія звярталіся да тэмы белых гарлачыкаў — гэта Карл Хагемайстэр(ням.) бел., Эрнст Юсефсан.

У нумізматыцы і філатэліі

Паштовы блок Малдовы

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. 1 2 Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь.. — Минск: «Наука и техника», 1967. — С. 88. — 160 с. — 2 350 экз.
  4. Federowski M. Lud Bialoruski na Rusi litewskiej. Krakow, I, 1897
  5. Ганчарык М. М. Беларускія назвы раслін. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. II і IV. Горы-Горки, 1927
  6. З. Верас, Беларуска-польска-расейска-лацінскі ботанічны слоўнік, Выданне газеты «Голас беларуса», Друкарня С. Бэкэра. Вiльня, Субач 2, 1924
  7. Васількоў І. Г. Матэрыялы да флоры Горацкага раёна. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. III. Горы-Горкі, 1927
  8. Шатэрнік М. В. Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны. Мінск, 1929
  9. Добровольский В. Н. Смоленский областной словарь. Смоленск, 1914
  10. Анненков Н.(руск.) бел. Ботанический словарь, Спб, 1878
  11. 1 2 3 4 5 6 Верзилин Н. М. По следам Робинзона. — Л., 1964. — 574 с.
  12. Anna Koczur: Grzybienie białe. W: Czerwona Księga Karpat Polskich. Z. Mirek, H. Piękoś-Mirkowa (red.). Kraków: Instytut Botaniki PAN, 2008. ISBN 978-83-89648-71-6.
  13. Экофлора Украины = Екофлора України (укр.) / Відпов. редактор Я. П. Дідух. — Київ: Фітосоціоцентр, 2004. — Т. 2. — С. 16. — 480 с..
  14. Дикие съедобные растения / Под ред. акад. В. А. Келлера; АН СССР; Моск. ботан. сад и Ин-т истории матер. культуры им. Н. Я. Марра. — м: б. и., 1941. — С. 8. — 40 с.
  15. Верзилин Николай Михайлович // «По следам Робинзона», «Сады и парки мира» — Ленинград, 1964, — 574 с. Формат 84Х108 1/16 Уч.-изд. л. 39,98 + 16 вклеек = 43,39 Тираж 50 000 екз.
  16. http://vlib.by/PRIDVINIE-1/GERALDIKA/Gerb_N-Polatsk.htm(недаступная+спасылка)
  17. Пятрусь Макаль. «Вар’ят і вайна Паводле нямецкай народнай народнай казкі»
  18. The Thera Foundation Prehistoric Plants of the Islands of the Aegean Sea(англ.) . — 2006.
  19. Рыгор Крушына. «Дзённік маленства»(недаступная спасылка)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Гарлачыкавыя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Дэкаратыўныя расліны
Катэгорыя·Расліны паводле алфавіта
Катэгорыя·Чырвоная кніга Беларусі
Катэгорыя·Артыкулы пра расліны без GRIN
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з польскай