wd wp Пошук:

Ганна Рыўкін-Брык

Ганна Рыўкін-Брык (шведск.: Anna Riwkin-Brick; 10 чэрвеня 1908, Расійская імперыя — 19 снежня 1970, Тэль-Авіў, Ізраіль) — шведская фатографка і журналістка.

Біяграфія

Нарадзілася ў Суражы, але пэўна не вядома Сураж гэта Віцебскага павета[4] ці Сураж у Чарнігаўскай губерні[5]. Бацька, Шалом-Шэндэр Вольфавіч Рыўкін (1878—1930), родам з Гомеля, вывучаў філасофію ў Гейдэльбергскім універсітэце, публікаваў апавяданні і нарысы ў перыядычных выданнях на ідыш і рускай мове[6][7]; маці — Фрэйда Нафталеўна Перэльман (Фрыда Рыўкін, 1881—1944), родам з Кобрына[8]. Бацькі ўзялі шлюб 4 ліпеня 1902 года ў Гомелі, у метрыкальным запісе брат жаніха, Янкель Рыўкін, названы суражскім мешчанінам. У 1912 годзе сям’я пераехала ў Гомель, у 1915 годзе — у Стакгольм. З 1919 года Ганна з маці, братамі і сёстрамі жылі ў Германіі, у Свінемюндэ. У 1922 годзе яны вярнуліся ў Швецыю. Ганна вучылася ва Уітлакскай школе ў Стакгольме, а таксама наведвала балетную школу Веры Аляксандравай[4]. Аднак траўма нагі вымусіла яе адмовіцца ад танцавальнай кар’еры[5].

У 1927 годзе Ганна Рыўкін выйшла замуж за журналіста і перакладчыка Даніэля Брыка[sv]. У тым жа 1927 годзе пачала вучыцца фатаграфіі, а ў 1929 годзе адкрыла ўласнае фотаатэлье. Спецыялізавалася на партрэтнай фатаграфіі і зрабіла, сярод іншага, фотапартрэты шведскіх пісьменнікаў Карын Бое і Хары Марцінсан. Апроч гэтага, Рыўкін-Брык рабіла здымкі танцораў і танцавальных сцэн. У 1932 годзе выдадзены альбом яе фатаграфій у гэтым жанры, «Svensk Danskonst»[4].

Брат і сястра Ганны, Яўгенія і Ёсеф[sv], супрацоўнічалі з авангардным шведскім часопісам Spektrum, асвятлялі шырокае кола тэм ад літаратуры і музыкі да архітэктуры і псіхааналіза. У 1932—1935 гадах Ёсеф Рыўкін таксама ўзначальваў аднайменнае выдавецтва. Ганна, у сваю чаргу, была блізкая да колаў, якія сфармаваліся вакол часопіса, і рабіла партрэты аўтараў, якія пісалі для яго, здымкамі затым карысталіся як кніжнымі ілюстрацыямі. У 1933 годзе наведала Парыж, дзе фатаграфавала вулічныя сцэны і архітэктуру. Апроч гэтага, зрабіла партрэты шэрагу пісьменнікаў і мастакоў-сюррэалістаў, у тым ліку Андрэ Брэтона, Жана Арпа, Сальвадора Далі, Макса Эрнста і Мана Рэя[4].

З 1940 года Ганна Рыўкін-Брык займалася дакументальнай фатаграфіяй. У 1942 годзе суправаджала журналістку Элі Янес у Лапландыю, і яны выпусцілі сумесную кнігу «Renarna visar vägen». У 1955 годзе выйшла яе сумесная з Іварам Ло-Юхансанам кніга «Zigenarväg» пра жыццё цыган у Швецыі. Аднак найбольшы поспех ёй прынеслі дзіцячыя кнігі з фотаілюстрацыямі (для дзевяці з іх тэксты напісала Астрыд Ліндгрэн[5]). Многія з іх апавядалі гісторыі дзяцей з розных краін, уключаючы Эфіопію, Фінляндыю, Нідэрланды, Японію, Югаславію, Нарвегію і Тайланд[4].

Як яўрэйка, Ганна Рыўкін-Брык цікавілася дзяржавай Ізраіль ад самага яе ўзнікнення. У 1948 годзе апублікавала кнігу «Палестына», тэкст для якой напісаў Даніэль Брык, а ў 1955 годзе выйшла іх сумесная кніга «Ізраіль». У Ізраілі таксама была зроблена адна з самых вядомых фатаграфій Ганны Рыўкін, на якой выяўлена старая жанчына з паднятай уверх рукой, гэты здымак у ліку 500 іншых з розных краін адабраў Эдвард Стайхен для сваёй выставы «Род чалавечы» ў Нью-Ёркскім музеі сучаснага мастацтва. Пад уражаннем ад гэтай выставы Ганна апублікавала ў 1962 годзе кнігу «Medmänniskor», якая ўключыла выбраныя партрэты за ўсе гады яе фатаграфічнай кар’еры[4].

Памерла ў Ізраілі ў 1970 годзе. Свой фотаархіў завяшчала шведскаму Музею сучаснага мастацтва[4].

Зноскі

  1. 1 2 (unspecified title) Праверана 2 сакавіка 2018.
  2. 1 2 3 Anna Riwkin-Brick — 1917.
  3. Bibliothèque nationale de France Anna Riwkin-Brick // data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011.
  4. 1 2 3 4 5 6 7 Svenskt kvinnobiografiskt lexikon
  5. 1 2 3 Svenskt biografiskt lexikon
  6. Johan Svedjedal. Spektrum 1931—1935: Den svenska drömmen
  7. Eugenie Soderberg Collection in Stony Brook University
  8. Riwkin’s Genealogical Tree

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Нарадзіліся 23 чэрвеня
Катэгорыя·Фатографы паводле алфавіта
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без партрэтаў
Катэгорыя·Журналісты паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1908 годзе
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Памерлі 19 снежня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Суражы (Бранская вобласць)
Катэгорыя·Фатографы XX стагоддзя
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Памерлі ў 1970 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Тэль-Авіве