wd wp Пошук:

Сюррэалізм

Сюррэалізм (ад фр.: surréalisme — надрэалізм, звышрэалізм) — мадэрнісцкі еўрапейскі мастацкі кірунак, які склаўся ў 1920-я гады.

Вытокі

Мадэрнісцкая плынь у выяўленчым мастацтве і літаратуры склалася 1920-я г. пераважна ў Францыі, а потым распаўсюдзілася ў іншых еўрапейскіх краінах. Тэарэтыкам гэтага кірунку быў філосаф і паэт Андрэ Брэтон. У яго аснове — бунт супраць класіцызму, рацыяналізму, рэалізму і утылітарызму ў мастацтве.

Тэрмін «сюррэалізм» упершыню выкарыстаў Гіём Апалінэр. Напачатку сюррэалісты абапіраліся на дадаізм, з якога пачынала будучае творчае «ядро» сюррэалізма — Андрэ Брэтон, Поль Элюар, Луі Арагон і іншыя. Дадаізм быў кірункам у мастацтве, які адмаўляў рацыянальнасць, парадак, канструктыўнасць і фігураваў у першую чаргу як пратэст грамадска-дзяржаўнаму ладу, пры якім людзі дзяліліся на багатых і бедных, які ўцягнуў Еўропу ў Першую Сусветную вайну. Але дадаізм хутка вычэрпаў сябе. Жадаючы стварыць нешта, што будзе вышэй і актуальней мастацтва як з’явы, яны зразумелі, што стварылі толькі яшчэ адзін мастацкі кірунак — у дадатак да ўжо існуючых. У 1922 г. адзін з вынаходнікаў дадаізма — Трыстан Тцара — афіцыйна выступіў з пахавальнай прамовай гэтай плыні. Узнікла патрэба ў новым авангардным кірунку.

Гісторыя сюррэалізма

Афіцыйна сюррэалізм пачынае сваё існаванне ў 1924 г., калі Андрэ Брэтон абвяшчае свой маніфест. На самой справе ён абагульняе тэндэнцыі, які на той час ужо даўно пачалі выяўляцца ў авангардным мастацтве, а таксама сплочвае блізкіх па духу творчых людзей у адну групу. Акрамя дадаізму на светапогляд сюррэалістаў паўплавала творчасць Жана Както, Марселя Дзюшана, Антоніа Гаўдзі, Арцюра Рэмбо і Джорджа дэ Кірыко. Сярод “старадаўніх” папярэднікаў сюррэалізма можна назваць Іераніма Босха і Джузэпэ Арчымбольда.

Першымі сюррэалістамі, акрамя Брэтона, былі Поль Элюар, Луі Арагон, Піліп Супо, Іў Тангі. Маладыя людзі вялі эпатажны лад жыцця, спавядалі рэвалюцыйныя погляды. Аўтарытарны Брэтон выключаў з гуртка сюррэалістаў усіх іншадумцаў, але заўсёды заклікаў моладзь: свежая кроў забяспечвала актыўнасць і жыццяздольнасць суполкі, яе невычэрпны творчы патэнцыял.

З сярэдзіны 1920-х гг. у межах сюррэалізма некаторы час працуе Пабла Пікаса.

Пазней да сюррэалістаў далучаецца тады яшчэ амаль невядомы мастак Сальвадор Далі. Але ў 1934 яго выключаюць з супольнасці за манархічныя ідэі і камерцыйны ўхіл творчасці.

У 1927 г. Брэтон уступае ў камуністычную партыю Францыі. З гэтага часу рэвалюцыйныя погляды сюррэалістаў набываюць ідэялагічную кантрэтыку. Але пазней яны расчароўваюцца ў прасавецкім камунізме - часткова з-за замоўчвання кіраўніцтвам камуністычнай партыі Францыі маштабаў рэпрэсій у СССР. Брэтон збліжаецца з Львом Троцкім, які ў той час знаходзіўся ў палітычнай эміграцыі ў Мексіцы. Наведваючы Мексіку, ён адначасова запісаў у шэраг сюррэалістаў мастакоў Фрыду Кало і Дыега Рыверу.

Пасля пачатку Другой Сусветнай вайны і акупацыі Францыі войскамі вермахта, большасць сюррэалістаў (у прыватнасці сам Андрэ Брэтон, мастак Макс Эрнст) эмігравала ў ЗША. З бачных сюррэалістаў у Францыі застаўся Поль Элюар, які ўдзельнічаў у падпольнай барацьбе з нацысцкай акупацыяй і рэжымам Вішы.

Пасля вайны сюррэалісты вяртаюцца ў Еўропу і спрабуць аднавіць рух гуртка. Афіцыйна супольнасць сюррэалістаў скончвае сваё існаванне ў 1969 г. Але асобныя мастакі працягваюць працаваць у гэтым кірунку і сёння. Сюррэалізм паралельна развіваўся ў іншых краінах. Сярод чэшскіх сюррэалістаў добра вядомы рэжысёр Ян Шванкмаер у Празе, які працуе ў цяперашні час. Значны ўнёсак ў развіцце амерыканскага сюррэалістычнага кінематографа зрабілі Дэвід Лінч і Тэры Гіліам.

Сутнасць

Сюррэалізм абапіраўся на ірацыяналізм, алагізм, канцэпцыю неўсвядомленага З. Фрэйда. Ставіў мэтай адлюстраванне звышрэальных, алагічных сувязей аб’ектаў рэальнага свету, якія існуюць толькі ў падсвядомасці чалавека і праяўляюцца ў стане сну, гіпнозу, трансу ці хваробы. Абвясціў крыніцай мастацкай творчасці і натхнення сферу падсвядомага (інстынкты, галюцынацыі, сны); творчым метадам — разрыў лагічных сувязей, замененых свабоднымі асацыяцыямі, а галоўнай мэтай — сацыяльнае і маральна-інтэлектуальнае вызваленне чалавека. Выступаў супраць камерцыяналізацыі мастацтва.

Карысталіся метадам аўтаматычнага пісьма, які прадугледжваў скасаванне разумнага, інтэлектуальнага кантролю над творчым працэсам.

Прадстаўнікі

У мастацтве

У літаратуры

Літаратура

Спасылкі

Кароткая гісторыя сюррэалізма

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Сюррэалізм
Катэгорыя·Мастацкія кірункі