wd wp Пошук:

Віктар Сяргеевіч Манаеў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Манаеў. Віктар Сяргеевіч Манаеў (7 жніўня 1958, Мінск) — беларускі акцёр

тэатра і кіно. Народны артыст Беларусі (2011).

Біяграфія

Скончыў школу ў 1975 годзе, але ў тэатральны інстытут адразу не паступіў. Цэлы год да наступных уступных экзаменаў працаваў у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек, а затым паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на лялечнае аддзяленне.[1] Скончыў інстытут па спецыяльнасці «Акцёр тэатра лялек» у 1980 годзе.

З 1980 года акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. У 1997 годзе прысвоена званне «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь», у 2011 годзе – «Народны артыст Беларусі».

Адна з найбольш значных роляў у творчым лёсе артыста – Лёнька Адуванчык у спектаклі «Радавыя», за якую ён быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй СССР, стаўшы самым маладым уладальнікам гэтай узнагароды. А таксама роля Мікіты Зносака ў спектаклi «Тутэйшыя» Я. Купалы, якая прынесла яму Дзяржаўную прэмію Беларусi ў 1992 годзе.[2] Другі раз Манаеў атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі за роль Кручкова ў спектаклі «Пінская шляхта» ў 2013 годзе.

За амаль 40 гадоў Манаеў сыграў самыя розныя ролі. Цэлая эпоха ў жыцці артыста звязана з рэжысёрам Мікалаем Пінігіным, супрацоўніцтва з якiм пачалося ў 1985 годзе.

Выступаў на адной сцэне з вядучымi майстрамi беларускага тэатра (Яроменкам (старэйшым), Кармуніным, Макаравай, Стомам). У тым лiку i з легендарнай Стэфаніяй Станютай (у спектаклях «Гаральд і Мод», «Тры Іваны – тры браты», «Снежная каралева»).

Сярод апошніх роляў на Купалаўскай сцэне – Кароль Лiр, Гараднічы ў спектаклі «Рэвізор» М. Гогаля, Пранцысь Пустарэвіч у «Паўлінцы» Я. Купалы, станавы прыстаў Кручкоў у «Пінскай шляхце» В. Дуніна-Марцінкевіча, Сорын у «Чайцы» А. Чэхава, Эміль Фрамантэль у «Школе падаткаплацельшчыкаў», Гольдберг у спектаклi «Местачковае кабарэ».

Акцёрскае майстэрства артыста вызначае павышаная шчырасць, выразная пластыка i вострая гратэскная форма арганічна спалучаюцца з глыбокім веданнем псіхалогіі сцэнічных вобразаў.[1]

«Публіка любіць Манаева, – распавядаў Валерый Раеўскі, – за талент, за розум, за ўменне трымаць сябе на сцэне раскавана, выдатна адчуваючы свабоду мастака. Мне падаецца, гэта лепшая якасць артыста – яго свабода, свабода чалавека, які валодае масай. Ён выходзіць на трыбуну, – а тэатр – гэта трыбуна, – і з яе прамаўляе шмат добрых чалавечых слоў».[3]

Здымаўся ў фільмах «Людзі на балоце», «Ідзі і глядзі», «Давай пажэнімся», «Павадыр», «У жніўні 44-га», «Franz + Polina», «Белыя Росы. Вяртанне», «Авантуры Пранціша Вырвіча» i iнш.

Акрамя роляў у тэатры і кіно, агучваў шмат персанажаў у анімацыйных фiльмах («Прыгоды Несцеркі», «Лагодны воўк» i iнш.), прымаў удзел у дзіцячай праграме «Калыханка» («Парады доктара Зялёнкіна»).

Манаеў – з кагорты «радыйных» артыстаў, тых, хто мае сваю акцёрскую біяграфію на Беларускім радыё, і доўжыцца яна з 1981 года. Адзін з яго першых радыёспектакляў – «Салют, дыназаўрам», дзе артыст сыграў галоўную ролю хлопца-падлетка разам са Стэфаніяй Станютай.[4] Беларускага радыё захоўвае дзесяткі радыёспектаклей, пастановак, інсцэніраваных казак, у якіх Манаеў выконвае галоўныя ролі (Яpмaлiцкi ў «Млечным шляху» К. Чорнага, Загорскі ў «Каласах пад сярпом тваім» У. Караткевіча i iнш.).

Аб жыцці і творчасці Манаева ў 1999 годзе рэжысёрам Надзеяй Гаркуновай зняты дакументальны фільм «Несыграная роля», у якім артыст прадэманстраваў свой велізарны творчы патэнцыял.[1]

2 верасня 2020 года сышоў з Купалаўскага тэатра, далучыўшыся да сваіх калегаў, якія сышлі з тэатра, праявіўшы сваю грамадзянскую пазіцыю пасля прастэтаў у Беларусі.

Творчасць

Тэатральныя ролі: «Кароль Лiр» (Лiр) У. Шэкспіра, «Пінская шляхта» (Кручкоў) В. Дуніна-Марцінкевіча, «Чайка» (Сорын) А. Чэхава , «Школа падаткаплацельшчыкаў» (Фрамантэль), «Рэвізор» (Гараднічы) М. Гогаля, «Паўлінка» (Пранцысь Пустарэвіч) Я. Купалы, «Местачковае кабарэ» (Гольдберг), «Вельтмайстар-акардэон» (выканаўца песні «Калекі»), «Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл» (Банут), «Дон Жуан» (Сганарэль), «Макбет» (кароль Дункан), «Вячэра з прыдуркам» (Франсуа Піньён) Ф. Вэбера, «Плач перапёлкі» (Іван), «Бераг» (Салдат), «Закон вечнасці» Н. Думбадзэ (Дружынні), «Апошняе спатканне» (Славік), «Тая, якая сама па сабе блукае» (Сын), «Рэвізор» (Хлестакоў), «Наш Купала» (Янка), «Шлях» (Валодзя), «Ажаніцца — не жyрыцца» Далецкіх і М. Чарота (Miкiта), «Снежная каралева» Г. Х. Андэрсана (Кай), «Валенсіянскія вар’яты» (Валерыа), «Брама неўміручасці» (Генка), «Характары» (Пецька, Юрка), «Зоркі вечныя» (Веставы), «Радавыя» А. Дударава (Лёнька Адуванчык), «Тры Іваны — Тры браты» (Крумкач), «Даходнае месца» А. Астроўскага (Жадаў), «На Мінск!» (Андрэйка), «Трыбунал» (Валодзька), «Бура» (Арыэль), «Гаральд і Мод» (Гаральд), «30 дзён Кашчэя Бессмяротнага» (Пісар), «Дзеці сонца» (Міша), «Тарцюф» (Валер), «Надзея Путніна» (Сяргей Прадкін), «Дракон» Я. Шварца (Генрых), «Страсці па Аўдзею» (Андрэй), «Памінальная малітва» (Фёдар), «Царэўна-жабка» (Іванька-дурань), «Тутэйшыя» Я. Купалы (Мікіта Зносак), «Вежа» (Ромка), «Ромул Вялікі» (Апаліон), «Цынкавыя хлопчыкі» (1-шы салдат), «Тры сястры» А. Чэхава (Хвядоцік), «Дом на мяжы» (Стражнік), «Нежанаты мнагажэнец, альбо Залёты пана дэ Пурсаньяка» (Пурсаньяк), «Ідылія» В. Дуніна-Марцінкевіча (Ян Губач), «Translations» (Джымі Джэк), «Дон Жуан вяртаецца з вайны» (Дон Жуан), «Лес» (Буланаў), «Касцюмер» (Норман), «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча» (Слуга, Фольрад, Сусед), «Сон у чарадзейную ноч пасярэдзіне лета» (Аснова), «К’ёджаўскія перабрэхі» (Ісідара), «Дзіўная місіс Сэвідж» (Ганібал), «С. В.» (Яе брат), «Чычыкаў» (Манілаў), «Сымон-Музыка» (Дзед Жабрак), «Стрыптыз» («Мiкола-Тэатр») С. Мрожака, антрэпрыза «ART» (Іван / «Мiкола-Тэатр») Я. Рэзы, «Вячэра з прыдуркам» (Франсуа Піньён / «Мiкола-Тэатр»), «Як пасварыліся Іван Іванавіч з Іванам Нікіфаравічам» (Іван Іванавіч / «Мiкола-Тэатр») і інш.

Фільмаграфія

Прэміі і ўзнагароды

Зноскі

  1. 1 2 3 https://blr.belta.by/culture/view/narodnamu-artystu-belarusi-viktaru-manaevu-spaunjaetstsa-60-gadou-70944-2018/
  2. https://interfax.by/news/obshchestvo/kultura/1250974/ Архівавана 6 снежня 2020.
  3. https://belapan.by/archive/2008/09/22/by_manaev_v/(недаступная+спасылка)
  4. https://radio1.by/novosti/yub-leyny-tydzen-v-ktara-manaeva-teatr-belaruskaga-radyye-6-12-08-2018/ Архівавана 5 снежня 2020.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (21):
Катэгорыя·Выпускнікі Беларускай акадэміі мастацтваў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Акцёры XX стагоддзя
Катэгорыя·Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі СССР
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінску
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1958 годзе
Катэгорыя·Постаці Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы
Катэгорыя·Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Лаўрэаты прэміі Ленінскага камсамола БССР
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Акцёры паводле алфавіта
Катэгорыя·Акцёры XXI стагоддзя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Кінематаграфісты без IMDb
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Заслужаныя артысты Беларусі
Катэгорыя·Народныя артысты Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся 7 жніўня
Катэгорыя·Акцёры Беларусі
Катэгорыя·Акцёры СССР
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі