wd wp Пошук:

Мікалай Мікалаевіч Пінігін

Мікала́й Мікала́евіч Піні́гін (6 жніўня 1957, Ізюм, Харкаўская вобласць, Украіна) — беларускі рэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь[1].

Біяграфія

Скончыў режысёрскі факультэт Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1979). У 1979—1980 гадах працаваў рэжысёрам на беларускім тэлебачанні. У 1980—1982 гадах працаваў у Рускім драматычным тэатры ім. М. Горкага (Мінск). З 1985 года рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы. У 1985—1987 выкладчык кафедры «Майстэрства акцёра і рэжысуры» у Беларускай акадэміі мастацтваў. У якасці рэжысёра стажыраваўся ў Маскоўскім Малым тэатры (1982—1984), у парыжскім «Courant D’Est» (1995). З 1998 — режысёр Вялікага драматычнага тэатра ім. Г. А. Таўстаногава (Санкт-Пецярбург). Жыў у Пецярбургу. У снежні 2008 года прызначаны галоўным рэжысёрам Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Я. Купалы.

Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, калектыў Купалаўскага тэатра 13 жніўня запатрабаваў спыніць гвалт у дачыненні да мірных грамадзян і выступіў за пералік галасоў з удзелам незалежных назіральнікаў. 17 жніўня ўладамі быў звольнены дырэктар тэатра Павел Латушка. 26 жніўня Мікалай Пінігін разам з большасцю трупы і іншымі супрацоўнікамі тэатра звольніўся ў знак пратэсту[2].

Творчасць

Прыхільнік дынамічнай, шматфарбавай рэжысуры, майстар яркага тэатральна-сінтэтычнага відовішча. Паставіў тэлеспектакль «Начны дыліжанс» па прозе К. Паўстоўскага (1979). Пастаноўшчык больш за 50 спектакляў, сярод лепшых пастановак «Жанчына з мора» Г. Ібсена (1984), «Дракон» Я. Шварца (1989) і «Эмігрант» С. Мрожака (1989), «Тутэйшыя» Я. Купалы (1990), «Ідылія» В. Дуніна-Марцінкевіча (1993), «Дзіця з Віфлеему» (1992, Тэатр-студыя кінаакцёра), оперы «Візіт дамы» С. Картэса (Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы, 1995), «Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага (Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы, 2001), «Сродак Макрапулоса» К. Чапека, «ART» Я. Рэза, «Бедная Ліза» М. Карамзіна, «Боты на тоўстай падэшве» П. Гладзіліна, «Дотык» П. Марбера, «Вячэра з выдуркам» Ф. Вэбера, «Бульвар злачынстваў» Э.-Э. Шміт (Тэатр імя Я. Вахтангава, Масква, 2003), «Эмігранты» С. Мрожака, «Матылёк» П. Гладзіліна, «Чайка» А. Чэхава (майстар-клас, Клермон-Феран, Францыя, 2003) і інш.

Паставіў у тэатры імя Г. А. Таўстаногава: «Прихоти Марианны» А. Мюсэ (1997), «ART» Я. Рэза (1998), «Калифорнийская сюита» Ніл Сайман (1999), «Ложь на длинных ногах» Э. дэ Філіпа (2000), «Таланты и поклонники» А. М. Астроўскага (2001), «Костюмер» Р. Харвуда (2002), «Мотылек» П. Гладзіліна (2004), «Екатерина Ивановна» Л. М. Андрэева (2004), «Квартет» Р. Харвуда (2005), «Эмигранты» С. Мрожака (2006), «Ночь перед Рождеством» М. В. Гогаль (2007).

Узнагароды

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (за спектакль «Тутэйшыя» Я. Купалы, 1992), тэатральнай прэміі БСТД імя Е. Міровіча ў намінацыі «За лепшую рэжысуру» (спектакль «Ідылія» В. Дуніна-Марцінкевіча, 1994, 1999). Прызнаны «Чалавекам года Беларусі» ў намінацыі «Сцэна» (1994). Дыпламант міжнародных фестываляў у Кракаве (Польшча), Маскве (Расія), Харкаве (Украіна), Браціславе (Славакія), Таліне (Эстонія), Вільнюсе (Літва).

Зноскі

  1. Высокіх дзяржаўных узнагарод удастоены ваеннаслужачыя, будаўнікі і выкладчыкі Беларусі (нявызн.) (недаступная спасылка). www.belta.by (27 лістапада 2015). Архівавана з першакрыніцы 13 снежня 2015.
  2. Из Купаловского театра уволены 58 актеров и сотрудников Архівавана 3 верасня 2020.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (13):
Тэатральныя рэжысёры Беларусі
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Рэжысёры Беларусі
Нарадзіліся 6 жніўня
Асобы
Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь
Нарадзіліся ў Ізюме
Нарадзіліся ў 1957 годзе
Вікіпедыя:Кінематаграфісты без IMDb
Выпускнікі Беларускай акадэміі мастацтваў
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Біяграфіі сучаснікаў
Заслужаныя дзеячы мастацтваў Рэспублікі Беларусь