wd wp Пошук:

Валерый Мікалаевіч Раеўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Раеўскі. Валерый Мікалаевіч Рае́ўскі[1] (20 чэрвеня 1939, Мінск — 19 лістапада 2011) — беларускі тэатральны рэжысёр, Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1976), Народны артыст Беларусі (1998), прафесар.

Біяграфія

Нарадзіўся ў Мінску. Вучыўся ў машынабудаўнічым тэхнікуме ў Магілёве, працаваў на Магілёўскім машынабудаўнічым заводзе, канструктарам на заводзе «Строммашына»[2]. Паступіў вучыцца на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта[2]. Пасля скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Адначасова з вучобай стажыраваўся ў Маскоўскім тэатры драмы і камедыі на Таганцы[2]. З 1967 года, на працягу 35 гадоў, быў рэжысёрам, з 1973[1][3] года галоўным рэжысёрам, з 1991[3] года мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Доўгі час выкладаў і з’яўляўся прафесарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Памёр 19 лістапада 2011 года. Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.

Творчасць

Стварыў амаль паўсотню спектакляў, у тым ліку ў Расіі, Украіне, Ірландыі, Польшчы, Славеніі, Эстоніі. Сярод іх — «Радавыя», «Апошні журавель», «Парог» Аляксея Дударава; «Мудрамер» Мікалая Матукоўскага; «Трыбунал», «Пагарэльцы» Андрэя Макаёнка; «Брама неўміручасці» Кандрата Крапівы; «Апошні шанц» Васіля Быкава; «Чалавек з легенды» Яўгена Шабана. Паводле твораў замежнай драматургіі Раеўскі паставіў спектаклі «Бура» Уільяма Шэкспіра, «Тры сястры» Антона Чэхава, «Запіскі з падполля» Фёдара Дастаеўскага, «Лес» Аляксандра Астроўскага і іншыя. Работы Раеўскага сталі ўдзельнікамі і прызёрамі шматлікіх тэатральных фестываляў. На творчым рахунку рэжысёра дзясяткі пастановак на сцэнах рэгіянальных тэатраў — у Гомелі, Віцебску, Гродне, Маладзечне і іншых гарадах.

Узнагароды

У 1976 годзе Валерыю Раеўскаму было прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, у 1998 годзе — народнага артыста Беларусі. Пастаўленыя ім спектаклі адзначаны Дзяржаўнымі прэміямі СССР і БССР. У 2004 годзе за асабісты ўклад у развіццё беларускага тэатральнага мастацтва і заслугі ў выхаванні творчай моладзі рэжысёр быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Уладальнік прыза «Крыштальная Паўлінка» (1999)

Зноскі

  1. 1 2 Беларусь, 1995
  2. 1 2 3 Раеўскі Валерый Мікалаевіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
  3. 1 2 Газета «Культура», № 48 (1019) 26.11.2011 — 02.12.2011 г.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (20):
Нарадзіліся ў Мінску
Выпускнікі Беларускай акадэміі мастацтваў
Пахаваныя на Усходніх могілках Мінска
Асобы
Нарадзіліся 20 чэрвеня
Кавалеры ордэна Францыска Скарыны
Тэатральныя рэжысёры Беларусі
Вікіпедыя:Кінематаграфісты без IMDb
Народныя артысты Беларусі
Выпускнікі Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа
Выкладчыкі Беларускай акадэміі мастацтваў
Заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларускай ССР
Памерлі ў Мінску
Памерлі 19 лістапада
Памерлі ў 2011 годзе
Тэатральныя рэжысёры СССР
Постаці Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы
Нарадзіліся ў 1939 годзе
Уладальнікі «Крыштальнай Паўлінкі»
Артыкулы пра тэатральных дзеячаў без партрэтаў