wd wp Пошук:

Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем Вячаслаў Адамовіч. У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Адамовіч. У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дзяргач. Вячасла́ў Вячасла́вавіч Адамо́віч (1890, Ашмянскі павет, цяпер Ашмянскі раён, Гродзенская вобласць, Беларусь — пасля 1939) — беларускі палітычны дзеяч, вайсковец; псеўданім: Язэп Дзяргач. Сын Вячаслава Антонавіча Адамовіча.

Біяграфія

Нарадзіўся ў 1890 годзе ў Ашмянскі павеце (паводле іншых звестак — у Коўне). Сын Вячаслава Антонавіча Адамовіча. Скончыў Ковенскую мужчынскую казённую гімназію і камерцыйную вучэльню, у 1914 годзе — гідратэхнічныя і агранамічныя курсы ў Пецярбургу. З 1912 года быў карэспандэнтам газеты «Наша Ніва».

Удзельнік Першай сусветнай вайны, падпаручнік. У 1917 годзе праводзіў беларускую нацыянальную працу сярод апалчэнцаў 1-й Менскай дружыны і слухачоў Менскай духоўнай семінарыі. У 1918—1919 гадах вучыўся на Менскіх беларускіх настаўніцкіх курсах. Удзельнічаў у працы Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва, як харыст уваходзіў у склад Беларускага хору Уладзіміра Тэраўскага. Драматург і літаратар, аўтар гарманізацыі некалькіх народных песень. У 1919—1920 гадах быў карэспандэнтам менскіх газет «Звон» і «Беларусь».

У часе польска-савецкай вайны з’яўляўся сябрам Беларускай вайсковае камісіі (БВК), кіраўнік адкрытых 5 студзеня 1920 года ў Менску курсаў вярбоўкі агентаў БВК. Адзін са стваральнікаў сялянскай паўстанцкай арганізацыі «Зялёны дуб», начальнік штаба ягоных партызанскіх аддзелаў. У траўні 1920 года накіраваны БВК вярбовачным афіцэрам-інструктарам у Слуцкі і Бабруйскі паветы, арганізаваў там вярбовачныя пункты для добраахвотнікаў у паўстанцкія аддзелы «Зялёнага дуба». Адзін з кіраўнікоў Беларускага палітычнага камітэта (БПК). З 2 кастрычніка па 20 лістапада 1920 года — выдавец-рэдактар гарадзенскай газеты «Беларускае слова». З яго ініцыятывы 24 кастрычніка 1920 года гарадзенскі БНК выступіў у падтрымку Станіслава Булак-Балаховіча. Паводле некаторых звестак, прыняў удзел у Слуцкім збройным чыне на завяршальным этапе, як камандзір аднаго з аддзелаў удзельнічаў у баях з бальшавікамі пад Мелкавічамі і Старобінам.

У пачатку 1920 гадоў спрабаваў стварыць пад шыльдай Лігі паветранай абароны аддзелы з былых балахоўцаў. Выступіў афіцыйным арганізатарам беларускага з’езда ў Вільні 10 красавіка 1921 года, які падтрымаў палітыку генерала Люцыяна Жалігоўскага ў Сярэдняй Літве. У снежні 1921 года быў адным з ініцыятараў склікання так званага «З’езда Заходняй Беларусі» ў Вільні, на якім была прынятая рэзалюцыя, насуперак пастанове Віленскага БНК, браць удзел у выбарах у Віленскі сойм. Уваходзіў у шэраг беларускіх паланафільскіх арганізацый: Краёвая сувязь, Арганізацыя беларускіх беспартныйных актывістаў ды іншых. У часе парламенцкіх выбараў у Польшчы 1922 года падтрымліваў праўрадавае Дзяржаўнае аб’яднанне на крэсах. У 1924 годзе ў Вільні пад псеўданімам Дзяргач выдаў кніжку «Тыпы Палесся», якая дагэтуль друкавалася ў выглядзе асобных апавяданняў у газеце «Грамадскі Голас». У 1924 годзе намагаўся заснаваць новую палітычную арганізацыю паланафільскай арыентацыі пад назвай «Камітэт беларускіх спраў». У той жа час у вёсцы Гаўрыльчыцы ля польска-савецкай граніцы арганізаваў дыверсійны цэнтр. Супрацоўнічаў з IІ аддзелам польскага генеральнага штаба ў якасці платнага інфарматара, свядома прадстаўляў апошняму непраўдзівую інфармацыю. Ім была прыдумана міфічная арганізацыя «Камітэт чыну», якая нібыта кіравала з Менску антыпольскімі акцыямі на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Першы раз выкрыты II-м аддзелам у 1923 годзе, паўторна — у 1925 годзе. У 1926 годзе высланы за межы Польшчы, жыў у вольным горадзе Данцыгу.

Браў удзел у данцыгскай нарадзе дзеячаў БНР (24—27 лютага 1926 года), якія не падпарадкаваліся рашэнням Берлінскай канферэнцыі 1925 года. Быў цесна звязаны з расійскай антыбальшавіцкай эміграцыяй у Вільні і Данцыгу. Хадатайнічаў аб вяртанні ў Польшчу, аднак не атрымаў дазвол ад польскіх уладаў. У 1928 годзе арганізацыя «Брацтва Рускай Праўды(руск.) бел.» разглядала справу Вячаслава Адамовіча-малодшага, абвінавачанага ў супрацоўніцтве з савецкім ГПУ, аднак апраўдала. 27 лютага 1929 года выступіў у Данцыгу з дакладам пра «Зялёны дуб», у часе выступлення выказаў ідэю друкаванага органа з мэтай публікацыі дакументаў, якія кампраметуюць польскую дэфензіву. Паводле паказанняў віленскіх беларусаў І. Пешкі і Сяргей Бусла, арыштаваных савецкім НКВД у 1939 годзе, напярэдадні Другой сусветнай вайны служыў псаломшчыкам у праваслаўнай царкве Данцыга. Хутчэй за ўсё, арыштаваны органамі савецкай дзяржбяспекі[1]. Далейшы лёс невядомы.

Ушанаванне памяці

Іншы ўдзельнік «Зялёнага дубу», польскі пісьменнік беларускага паходжання Сяргей Пясецкі, прысвяціў Вячаславу Адамовічу і іншым беларускім атаманам раздзел «Забытыя героі» сваёй кнігі «Ніхто дабром не дасць збаўлення», якая выйшла з 1947 годзе ў Рыме. У сваёй кнізе Пясецкі пісаў:

«Тады праславіліся мянушкі беларускіх партызанскіх правадыроў Крука і Дзергача, праўдзівых прозвішчаў якіх не падам. Моніч меў з імі сувязь, але трымаўся асобна. Зашмат быў смелы і любіў свабоду, каб падлягаць некаторым уплывам і абмежаванням.»

Зноскі

  1. Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн.1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Ашмянскім павеце (Расійская імперыя)
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1890 годзе
Катэгорыя·Ваенныя Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Удзельнікі Слуцкага паўстання
Катэгорыя·Палітыкі Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Члены арганізацыі «Зялёны дуб»