Гаўры́льчыцы[1] (трансліт.: Haŭryĺčycy, руск.: Гаврильчицы) — вёска ў Салігорскім раёне Мінскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Капацэвіцкага сельсавета.
Вядомы з XVII стагоддзя ў складзе Новагародскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, шляхецкая ўласнасць. У 1667 годзе адносіліся да маёнтка Вызна.
З 1795 года, пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспапітай, інкарпараваны ў склад Расійскай імперыі. Увайшлі ў склад Слуцкага павета Мінскай губерні, уласнасць князя Радзівіла. У 1800 годзе — 34 двары, уласнасць Д. Радзівіла.
У пачатку XX стагоддзя ў Вызненскай воласці Слуцкага павета. 3 1921 года ў складзе Польшчы, у складзе гміны Чучавічы Лунінецкага павета Палескага ваяводства. У 1921 годзе — 121 двор. 3 1939 года ў складзе Беларускай ССР. 3 12 кастрычніка 1940 года цэнтр Гаўрыльчыцкага сельсавета Лунінецкага раёна Пінскай вобласці. У 1940 годзе мелі статус вёскі, 238 двароў. У Вялікую Айчынную вайну з канца чэрвеня 1941 да пачатку ліпеня 1944 гадоў вёска акупіравана нямецкімі войскамі.
3 8 студзеня 1954 года ў складзе Брэсцкай вобласці, з 14 жніўня 1979 года ў складзе Салігорскага раёна Мінскай вобласці.
У 2013 годзе, пасля скасавання Гаўрыльчыцкага сельсавета, Гаўрыльчыцы ўвайшлі ў склад Капацэвіцкага сельсавета[2].