У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Якавенка. У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Васіль Якавенка. Васіль Цімафеевіч Якавенка (5 мая 1936, в. Пажыхар, Светлагорскі раён Гомельская вобласць — 22 студзеня 2018, Мінск[2]) — беларускі празаік, публіцыст, грамадскі дзеяч.
Нарадзіўся 5 мая 1936 г. у вёсцы Пажыхар былога Васілевіцкага, цяпер Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці, у сялянскай сям’і.
Вучыўся ў Васілевіцкай беларускай школе, у 1956 г. скончыў Беларускі індустрыяльны тэхнікум па спецыяльнасці геолаг. Служыў у Групе Савецкіх Войскаў у Германіі (1956—1958). Працаваў майстрам па здабычы фрезернага торфу на торфапрадпрыемстве «Васілевічы-2», тэхнікам, інжынерам у розных геалагічных партыях і праектных інстытутах рэспублікі, рэдактарам на Беларускім радыё. У 1966 г. завочна скончыў БДУ. У 1972—1977 гг. — рэдактар аддзела навукі і мастацтва, потым аддзела нарыса і публіцыстыкі літаратурнага часопіса «Полымя». У 1977—1978 гг. — адказны сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў БССР. З 1990 г. — кіраўнік Беларускага сацыяльна-экалагічнага саюза «Чарнобыль». Заснавальнік і галоўны рэдактар сацыяльна-экалагічнага штотыднёвіка «Набат» (1991—1996), сайта «Мы — нацыя!». З 1977 года член Саюза пісьменнікаў БССР і СССР.
Памёр 22 студзеня 2018 г. Пахаваны на Заходніх могілках[3].
У друку выступаў з 1948 года (газеты «Зорька», «Гомельская праўда»), з мастацка-публіцыстычнымі творамі — з 1962 (газета «Калгасная праўда»). Пісаў на беларускай і рускай мовах. Выдаў тры кнігі ў перакладзе на рускую мову.
Першая кніга нарысаў «Зямля, адкрытая намі» (Земля, открытая нами, 1971) пра геолагаў. У кнігах нарысаў «Пробны камень» (1974), «Пакуль сонца ў зеніце» (1977), аповесцей і нарысаў «Дайсці да ладу» (1985), «Другой зямлі не будзе» (1989), эсэ «Вясковыя дыспуты» (1987) уздымае надзённыя праблемы маралі, ладу, жыцця грамадства і сучаснай вёскі. З М. Місюком напісаў п’есу «Вер таму, хто выпакутаваў» (першапачатковая назва «Персона нон грата», пастаўлена ў 1981).
У 1990-х Васіль Якавенка наведаў ЗША, дзе ён сустрэў Марыю Дзямковіч, доктара, беларуску з Моталя, якая жыла ў Амерыцы. Пісьменнік вельмі ўразіўся гісторыяй яе сям’і. Рамана «Надлом» увасобіў плён пісьменнікавых разваг пра гісторыю Беларусі ў ХХ стагоддзі. Кніга выйшла ў 2003 годзе. А ў 2006 раман пашырыўся і быў выдадзены як трылогія «Пакутны век». Другое перавыданне кнігі ў 2010 папоўнілася новымі раздзеламі, у тым ліку з апісаннем побыту маталян. Лёс сям’і Марыі Дзямковіч — гісторыя роду Рамановічаў — стала адной з асноўных сюжэтных ліній. Сярод персанажаў таксама — вядомыя гістарычныя асобы: Барыс Кіт, Раман Скірмунт, Радаслаў Астроўскі, Наталля Арсеннева, Вільгельм Кубэ і інш. Трылогія стала эпасам беларускага жыцця ў ХХ стагоддзі.
Апошняя кніга Васіля Якавенкі, «Абярэг», выйшла ў канцы 2017 года і атрымалася ў пэўнай ступені аўтабіяграфічнаю. У ёй пісьменнік разважае на глабальныя тэмы «распаду векавечнага быту, ранейшай унармаванай маралі — хаос у свеце і ўсё, што згубна ўплывае на далейшы лёс Зямлі і ўсяго чалавецтва».
Васіль Якавенка займаўся экалагічнымі праблемамі, актыўна выступаў супраць вялікага меліярацыйнага праекта абвалавання і спрамлення рэчышча Прыпяці, асушэння яе шырокай поймы, што пагражала Беларусі пустыняй. На падрыхтаванай ім разам з паплечнікамі навукова-практычнай канферэнцыі ў Доме літаратара ў 1988 годзе, В. Ц. Якавенка выступіў з дакладам «Ці ёсць у нас канцэпцыя гаспадарання?». У ліку ўдзельнікаў былі акадэмікі і міністры… Разгарнулася працяглая і зацятая дыскусія. Праект меліярацыі поймы Прыпяці быў скасаваны, і адсюль пайшоў паварот да новай нацыянальнай палітыкі ў меліярацыі.
У 1988 годзе Васіль Цімафеевіч Якавенка стаў першым кіраўніком аргкамітэта па стварэнні Беларускага народнага фронту. Але літаральна праз некалькі дзён у аргкамітэце адбыліся перавыбары, і яго ўзначаліў Зянон Пазьняк. Сам Якавенка адышоў ад БНФ[4].
Таксама ён заснаваў ГА Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз «Чарнобыль» і актыўна ўдзельнічаў у раскрыцці наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, спрыянні аздараўленню дзяцей за мяжою, а таксама на месцы, у сумесна адкрытым беларуска-японскім санаторыі «Кюсю-на-Свіслачы» (у спарткомплексе «Стайкі» пад Мінскам у 1992—1996 гадах). У 1991 годзе заснаваў і рэдагаваў па 1996 год уключна сацыяльна-экалагічную газету «НАБАТ».
У апошнія гады ён з’яўляўся каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Інстытут нацыянальнай памяці». У 2007 годзе рэдагаваў грамадскі бюлетэнь «Рэха ГУЛАГу». Арганізаваў і правёў пры падтрымцы акадэмікаў, дзеячаў культуры і шырокай грамадскасці ў 2009 годзе акцыю ў падтрымку беларускай мовы, якая набыла шмат прыхільнікаў таксама сярод уладнага люду, але не атрымала свайго завяршэння. Ён актыўна выступаў з эсэ і публіцыстычнымі артыкуламі па пытаннях нацыянальнай беларускай спадчыны. Прапагандаваў этнакультурнае і нацыянальнае развіццё ў палітычным жыцці краіны (брашура «Як знайсці духоўнасць і гармонію ў грамадстве»).