wd wp Пошук:

Васіль Цімафеевіч Якавенка

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Якавенка. У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Васіль Якавенка. Васіль Цімафеевіч Якавенка (5 мая 1936, в. Пажыхар, Светлагорскі раён Гомельская вобласць — 22 студзеня 2018, Мінск[2]) — беларускі празаік, публіцыст, грамадскі дзеяч.

Біяграфія

Нарадзіўся 5 мая 1936 г. у вёсцы Пажыхар былога Васілевіцкага, цяпер Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці, у сялянскай сям’і.

Вучыўся ў Васілевіцкай беларускай школе, у 1956 г. скончыў Беларускі індустрыяльны тэхнікум па спецыяльнасці геолаг. Служыў у Групе Савецкіх Войскаў у Германіі (1956—1958). Працаваў майстрам па здабычы фрезернага торфу на торфапрадпрыемстве «Васілевічы-2», тэхнікам, інжынерам у розных геалагічных партыях і праектных інстытутах рэспублікі, рэдактарам на Беларускім радыё. У 1966 г. завочна скончыў БДУ. У 1972—1977 гг. — рэдактар аддзела навукі і мастацтва, потым аддзела нарыса і публіцыстыкі літаратурнага часопіса «Полымя». У 1977—1978 гг. — адказны сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў БССР. З 1990 г. — кіраўнік Беларускага сацыяльна-экалагічнага саюза «Чарнобыль». Заснавальнік і галоўны рэдактар сацыяльна-экалагічнага штотыднёвіка «Набат» (1991—1996), сайта «Мы — нацыя!». З 1977 года член Саюза пісьменнікаў БССР і СССР.

Памёр 22 студзеня 2018 г. Пахаваны на Заходніх могілках[3].

Творчасць

У друку выступаў з 1948 года (газеты «Зорька», «Гомельская праўда»), з мастацка-публіцыстычнымі творамі — з 1962 (газета «Калгасная праўда»). Пісаў на беларускай і рускай мовах. Выдаў тры кнігі ў перакладзе на рускую мову.

Першая кніга нарысаў «Зямля, адкрытая намі» (Земля, открытая нами, 1971) пра геолагаў. У кнігах нарысаў «Пробны камень» (1974), «Пакуль сонца ў зеніце» (1977), аповесцей і нарысаў «Дайсці да ладу» (1985), «Другой зямлі не будзе» (1989), эсэ «Вясковыя дыспуты» (1987) уздымае надзённыя праблемы маралі, ладу, жыцця грамадства і сучаснай вёскі. З М. Місюком напісаў п’есу «Вер таму, хто выпакутаваў» (першапачатковая назва «Персона нон грата», пастаўлена ў 1981).

Пакутны век: трылогія. 2-е выд. — Мн.: БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.

У 1990-х Васіль Якавенка наведаў ЗША, дзе ён сустрэў Марыю Дзямковіч, доктара, беларуску з Моталя, якая жыла ў Амерыцы. Пісьменнік вельмі ўразіўся гісторыяй яе сям’і. Рамана «Надлом» увасобіў плён пісьменнікавых разваг пра гісторыю Беларусі ў ХХ стагоддзі. Кніга выйшла ў 2003 годзе. А ў 2006 раман пашырыўся і быў выдадзены як трылогія «Пакутны век». Другое перавыданне кнігі ў 2010 папоўнілася новымі раздзеламі, у тым ліку з апісаннем побыту маталян. Лёс сям’і Марыі Дзямковіч — гісторыя роду Рамановічаў — стала адной з асноўных сюжэтных ліній. Сярод персанажаў таксама — вядомыя гістарычныя асобы: Барыс Кіт, Раман Скірмунт, Радаслаў Астроўскі, Наталля Арсеннева, Вільгельм Кубэ і інш. Трылогія стала эпасам беларускага жыцця ў ХХ стагоддзі.

Апошняя кніга Васіля Якавенкі, «Абярэг», выйшла ў канцы 2017 года і атрымалася ў пэўнай ступені аўтабіяграфічнаю. У ёй пісьменнік разважае на глабальныя тэмы «распаду векавечнага быту, ранейшай унармаванай маралі — хаос у свеце і ўсё, што згубна ўплывае на далейшы лёс Зямлі і ўсяго чалавецтва».

Грамадская дзейнасць

Васіль Якавенка займаўся экалагічнымі праблемамі, актыўна выступаў супраць вялікага меліярацыйнага праекта абвалавання і спрамлення рэчышча Прыпяці, асушэння яе шырокай поймы, што пагражала Беларусі пустыняй. На падрыхтаванай ім разам з паплечнікамі навукова-практычнай канферэнцыі ў Доме літаратара ў 1988 годзе, В. Ц. Якавенка выступіў з дакладам «Ці ёсць у нас канцэпцыя гаспадарання?». У ліку ўдзельнікаў былі акадэмікі і міністры… Разгарнулася працяглая і зацятая дыскусія. Праект меліярацыі поймы Прыпяці быў скасаваны, і адсюль пайшоў паварот да новай нацыянальнай палітыкі ў меліярацыі.

У 1988 годзе Васіль Цімафеевіч Якавенка стаў першым кіраўніком аргкамітэта па стварэнні Беларускага народнага фронту. Але літаральна праз некалькі дзён у аргкамітэце адбыліся перавыбары, і яго ўзначаліў Зянон Пазьняк. Сам Якавенка адышоў ад БНФ[4].

Таксама ён заснаваў ГА Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз «Чарнобыль» і актыўна ўдзельнічаў у раскрыцці наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, спрыянні аздараўленню дзяцей за мяжою, а таксама на месцы, у сумесна адкрытым беларуска-японскім санаторыі «Кюсю-на-Свіслачы» (у спарткомплексе «Стайкі» пад Мінскам у 1992—1996 гадах). У 1991 годзе заснаваў і рэдагаваў па 1996 год уключна сацыяльна-экалагічную газету «НАБАТ».

У апошнія гады ён з’яўляўся каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Інстытут нацыянальнай памяці». У 2007 годзе рэдагаваў грамадскі бюлетэнь «Рэха ГУЛАГу». Арганізаваў і правёў пры падтрымцы акадэмікаў, дзеячаў культуры і шырокай грамадскасці ў 2009 годзе акцыю ў падтрымку беларускай мовы, якая набыла шмат прыхільнікаў таксама сярод уладнага люду, але не атрымала свайго завяршэння. Ён актыўна выступаў з эсэ і публіцыстычнымі артыкуламі па пытаннях нацыянальнай беларускай спадчыны. Прапагандаваў этнакультурнае і нацыянальнае развіццё ў палітычным жыцці краіны (брашура «Як знайсці духоўнасць і гармонію ў грамадстве»).

Прызнанне

Бібліяграфія

Кнігі

Асобныя творы ў калектыўных зборніках

Зноскі

  1. 1 2 3 (unspecified title) Праверана 28 снежня 2021.
  2. Памёр пісьменнік Васіль Якавенка (нявызн.). Наша Ніва (23 студзеня 2018). Праверана 23-01-2018.
  3. Пайшоў з жыцьця Васіль Якавенка, першы старшыня аргкамітэту БНФ Архівавана 28 студзеня 2018.
  4. nashaniva.by

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (23):
Катэгорыя·Рускамоўныя пісьменнікі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Светлагорскім раёне
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1936 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў
Катэгорыя·Супрацоўнікі часопіса «Полымя»
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Пахаваныя на Заходніх могілках Мінска
Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі
Катэгорыя·Памерлі 22 студзеня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся 5 мая
Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Беларусі
Катэгорыя·Публіцысты Беларусі
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Памерлі ў 2018 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі БДУ
Катэгорыя·Узнагароджаныя медалём Францыска Скарыны
Катэгорыя·Грамадскія дзеячы Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных