wd wp Пошук:

Радаслаў Астроўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Астроўскі.

Радаслаў Казіміравіч Астроўскі (25 кастрычніка (6 лістапада) 1887, фальв. Заполле Слуцкага павета Мінскай губерні, Расія — 17 кастрычніка 1976, Бентан-Харбар, Мічыган, ЗША; Псеўданімы: Эра; Kalush V.) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, арганізатар Слуцкай беларускай гімназіі (1917), удзельнік слуцкага паўстання (1920), дырэктар Віленскай беларускай гімназіі (1924—1936), у 1943 годзе абраны прэзідэнтам Беларускай Цэнтральнай Рады.

Біяграфія

За ўдзел у рэвалюцыі 19051907 гг. выключаны са Слуцкай гімназіі. У 1908 годзе паступіў на матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Як удзельнік рэвалюцыйных хваляванняў у лютым 1911 арыштаваны. Быў зняволены ў турмах Пецярбурга і Пскова. Пасля вызвалення жыў у бацькоў на Пружаншчыне пад наглядам паліцыі. Аднавіўся ва ўніверсітэце ў сакавіку 1912, у студзені 1913 перавёўся ў Юр’еўскі (Тартускі) універсітэт і 20 снежня 1913 скончыў там фізіка-матэматычны факультэт[1].

Працаваў настаўнікам у Чанстахове (Польшча) і Мінску; у 1915—1917 гг. выкладаў у Мінскім настаўніцкім інстытуце. Палітычны дзеяч у Слуцку і Менску (1917—1918). Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. — камісар Часовага ўрада па Слуцкім павеце; арганізатар і дырэктар Слуцкай беларускай гімназіі (верасень 1917). Выступаў супраць Кастрычніцкай рэвалюцыі. Дэлегат 1-га Усебеларускага з’езда (Мінск, снежань 1917). Выступаў у прэсе за ідэю незалежнасці Беларусі.

3 прыходам бальшавікоў Астроўскі ў снежні 1918 г. падаўся на Украіну, далучыўся да расійскай Добраахвотнай арміі генерала А. Дзянікіна. У снежні 1920 г. вярнуўся на Случчыну. Удзельнік Слуцкага паўстання 1920. Увосень 1920 г. падчас палескага паходу генерала С. Булак-Балаховіча, разам з П. Алексюком, бацькам ды сынам Адамовічамі, увайшоў у склад Беларускага палітычнага камітэта, з’яўляўся «міністрам асветы» ў цывільным урадзе Булак-Балаховіча.

З 1921 года ў Заходняй Беларусі. Дырэктар Віленскай беларускай гімназіі (1924—1936, з перапынкам).

Радаслаў Астроўскі аглядае паліцыянтаў

У другой палове 1920-х г. рэзка змяніў свой палітычны курс. У лютым 1924 г. стаў адным з закладчыкаў праўрадавага Польска-беларускага таварыства, а пасля яго распаду — супрацоўнік КП(б)Б і КПЗБ, куратар падпольнага камсамолу ў гімназіі; член кіраўніцтва Беларускай сялянска-работніцкай грамады, старшыня Таварыства беларускай школы, Беларускага дабрачыннага таварыства і дырэктар Беларускага кааператыўнага банку ў Вільні, цераз які праходзілі з СССР грошы, прызначаныя на падтрымку дзейнасці БСРГ (1925—1926); член КПЗБ (1926). У студзені 1927 г. арыштаваны і абвінавачаны па працэсе Грамады, у астрозе мяняе свае палітычныя погляды і робіцца арганізатарам і прапагандыстам супрацоўніцтва з санацыяй (1928—1936). На судовым працэсе супраць Грамады апраўданы. Настроіў супраць сябе многіх дзеячаў заходнебеларускага нацыянальнага руху, якія ў маі 1934 — снежні 1935 г. правялі над ім грамадскі суд. Пад псеўданімам Эра друкаваўся ў беларускіх кнігах-календарах, газеце «Родны край» (1933—1936). У 1936 годзе вымушаны пакінуць Вільню і пераехаць у Лодзь.

Радаслаў Астроўскі выступае на 2-м Усебеларускім кангрэсе ў 1944 годзе

З пачаткам вайны актыўна супрацоўнічаў з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Увосень 1941 г. прыехаў у Мінск, працаваў у цывільнай адміністрацыі; пасля быў бургамістрам у Смаленску, Бранску, Магілёве. Са снежня 1943 года прэзідэнт Беларускай Цэнтральнай Рады, стварэнне якой было дазволена немцамі, якія пачалі цярпець паразы на ўсходнім фронце, і спадзяваліся набыць сімпатыі беларусаў, каб потым мабілізаваць іх супраць Чырвонай Арміі; адзін з галоўных арганізатараў у чэрвені 1944 г. 2-га Усебеларускага кангрэса. Пасля вайны — палітычны дзеяч на эміграцыі, жыў у Заходняй Германіі на вуліцы Фольксгартэнштрасэ 1 у Лангенфельдзе[2], з 1956 г. у Саўт-Рыверы ў ЗША. Кіраўнік і ідэолаг «бэцээраўскай» плыні беларускай эміграцыі. Памёр 17 кастрычніка 1976 года ў Бентан-Харбар, Мічыган.[3] Пахаваны на могілках Св. Еўфрасінні ў Саўт-Рыверы.

Зноскі

  1. Эстонскі гістарычны архіў. 402.12.63, арк. 141, № 24833.
  2. http://www.foia.cia.gov/sites/default/files/document_conversions/1705143/OSTROWSKY%2C%20RADISLAW_0012.pdf Архівавана 16 красавіка 2016.
  3. Магільны камень надпіс Архівавана 8 мая 2016.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (23):
Выкладчыкі БДПУ імя Максіма Танка
Нарадзіліся ў Клецкім раёне
Удзельнікі Першага Усебеларускага з’езда
Нарадзіліся 6 лістапада
Асобы
Нарадзіліся ў Слуцкім павеце
Члены Таварыства беларускай школы
Выпускнікі Слуцкай гімназіі
Нарадзіліся 25 кастрычніка
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Выпускнікі Тартускага ўніверсітэта
Артыкулы са спасылкамі на Вікікрыніцы
Выкладчыкі Віленскай беларускай гімназіі
Члены Беларускай цэнтральнай рады
Нарадзіліся ў 1887 годзе
Выпускнікі СПбДУ
Памерлі ў Мічыгане
Члены Беларускай народнай самапомачы
Пахаваныя на Беларускіх могілках у Саўт-Рыверы
Выкладчыкі Слуцкай гімназіі
Памерлі ў 1976 годзе
Удзельнікі Другога Усебеларускага кангрэса
Памерлі 17 кастрычніка