У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Гусеў. Валянцін Іванавіч Гусеў (6 мая 1911, с. Александрыя, Стаўрапольскі край — 17 ліпеня 1983) — беларускі архітэктар, педагог. Заслужаны архітэктар Беларусі (1969).
Скончыў Маскоўскі архітэктурны інстытут у 1936 годзе. З 1936 года выкладчык БПІ[1]. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны[2].
Працаваў у Белпрампраекце, начальнікам Мінскпраекта[2], у 1953—1959 намеснік старшыні Дзяржбуда Беларусі. У 1959—1978 гадах выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (у 1964—1978 гадах загадчык кафедры інтэр’ера і абсталявання).
Член Саюза архітэктараў СССР з 1969 года.
У творах выкарыстоўваў кампазіцыйныя прыёмы і формы класічнай архітэктуры. Сярод асноўных работ Дом афіцэраў у Бабруйску (1937), фабрыка піяніна ў Барысаве (1937), першыя жылыя пасёлкі на торфапрадпрыемствах у Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай абласцей (1937—1939); праекты аднаўлення і рэканструкцыі разбураных у гады Вялікай Айчыннай вайны Акруговага Дома афіцэраў (1945—1946, з І. Р. Лангбардам) і жылых дамоў па праспекце Ф. Скарыны (1945—1946), адміністрацыйныя будынкі на вуліцах Камуністычнай (1945—1948), Фрунзэ (1948), будынак Упраўлення Беларускай чыгункі (1951, у сааўт.) у Мінску, забудова праспекта Кірава ў Віцебску (1951—1954, у аўтарскім калектыве).
Дакументы дзейнасці (праекты, рэцэнзіі, артыкулы), біяграфічныя дакументы і фотаздымкі (будынкаў, індывідуальныя, у групах) захоўваюцца ў БДАНТД, куды перададзены жонкай[3].