Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр — тэатр у Мінску, размешчаны па вуліцы Мяснікова, 44. Адзін з двух беларускіх музычных тэатраў (разам з Дзяржаўным тэатрам оперы і балета Беларусі).
Створаны ў 1970 годзе. Адкрыўся 17 студзеня 1971 года спектаклем “Пяе «Жаўранак»” кампазітара Юрыя Семянякі. Да 2000 года меў назву «Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Беларусі».
У тэатры пастаўлена больш ста спектакляў. У тым ліку, твораў нацыянальнай класікі: аперэты (Юрый Семяняка «Паўлінка», Рыгор Сурус «Несцерка» і «Судны час»), мюзіклы (Уладзімір Кандрусевіч «Шклянка вады» і «Джулія») і інш.
Будынак тэатра быў пабудаваны ў ліпені 1981 года. Кіраўнік архітэктурнага праекта — А. Ткачук, калектыў праекта: архітэктар У. Тарноўскі[2], інжынер В. Кацнельсон.
Будынак мае асіметрычную кампазіцыю з раўнацэннымі фасадамі, што абумоўлена яго размяшчэннем у гістарычнай забудове і ўключэннем у аб’ём будынка былога клуба тонкасуконнага камбіната. У прыбудаваным новым аб’ёме знаходзяцца глядзельная зала на 800 месцаў і развітая сцэнічная група памяшканняў. Архітэктурнае і колеравае вырашэнне фасадаў пабудавана на кантрасце глухіх плоскасцей сцен, абліцаваных белым вапняком, з певялікімі вітражамі і з цёмнага каменю цокалем.
Галоўны ўваход вырашаны ў выглядзе параднага партала з бронзавай скульптурнай групай «Музы» (скульптар Л. Зільбер). Статуі вынесены на кансолях над уваходам, уносяць у архітэктуру будынка пластычнасць і адухоўленасць[2].
Інтэр’ер багата дэкарыраваны: выкарыстаны светлы мармур, гіпсавыя ўстаўкі, залацістае шкло, латунь, габеленавая заслона (мастакі А. Кішчанка і А. Більцюкова), дэкаратыўныя рэльефы на партале сцяны калонах фае (архітэктар А. Ткачук, скульптар Ю. Якубовіч)[2].
Перад будынкам — фантан з дэкаратыўнымі маскамі (скульптар М. Бяляеў). У двары бронзавая дэкаратыўная кампазіцыя «Батлейка» (скульптар Л. Зільбер;). Традыцыйныя персанажы старажытнага беларускага тэатра лялек выкананы ў народнай, гратэскавай манеры[2].