wd wp Пошук:

Апалінарый Гіляравіч Гараўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Гараўскі. Апалінарый Гіляравіч (Гілярыевіч) Гараўскі (23 студзеня 1833, маёнт. Уборкі, Ігуменскі павет у Мінскай губерні (цяпер Мінскай вобласці Беларусі) — 28 сакавіка 1900, г. Санкт-Пецярбург) — руска-беларускі мастак XIX стагоддзя з роду Гараўскіх. Брат Іпаліта і Гілярыя Гараўскіх[3].

Біяграфія

Паходжанне і сям’я

«Мар'яна Якаўлеўна Гараўская» — маці мастака, 1868

Нарадзіўся ў дробнапамеснай шляхецкай сям’і. Бацькі — Гіляр Францавіч і Мар’яна Якаўлеўна Гараўскія. Род карыстаўся гербам «Кораб» (з XVII стагоддзя), вёў свой радавод ад шляхціца Гракала-Гараўскага. У XIX стагоддзі частка прозвішча Гракала выйшла з ужывання. Гараўскія валодалі каля 200 га зямлі, якая дасталася бацьку мастака Гіляру Францавічу ад дзеда і бацькі[4].

У сям’і было тры дачкі і сыны Іпаліт (1828 ― пасля 1864)[3], Апалінар (1833―1900), Карл (1838 ― пасля 1869), Гектар (1843―1893), Гіляр (1847 ― пасля 1875). Карл і Гектар былі прафесійнымі вайскоўцамі, Іпаліт, Апалінар і Гіляр ― мастакамі[5].

Адукацыя

«Партрэт Ф. А. Бруні», 1871

Апалінарый вучыўся ў Брэст-Літоўскім кадэцкім корпусе ў 1842—1850 гадах. Яшчэ ў дзяцінстве паказаў здольнасці да малявання. Вядомы архітэктар Мікалай Бенуа, які бываў у свайго дзядзькі, начальніка кадэцкага корпуса, звярнуў увагу на адоранага хлопчыка і ў 1850 годзе садзейнічаў яго пераводу ў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў[3] з прызначэннем часовай штогадовай дапамогі ў памеры жалавання гвардыі прапаршчыка. У Акадэміі Гараўскі вучыўся ў М. Н. Вараб’ёва(руск.) бел. і Ф. А. Бруні[6] вольнапрыходным вучнем да 1854 года.

Напісаны ў першыя гады вучобы (1852), падчас канікулаў у родавым маёнтку, пейзаж «Балота» зацікавіў акадэмічны савет і быў набыты ва ўласную калекцыю спадкаемцам расійскага стальца. У 1853 годзе А. Гараўскі стварыў карціну «Від Ручэйскага возера блізу горада Таропца», якая прынесла яму малы залаты медаль і была набыта калекцыянерам В. А. Кокаравым(руск.) бел..

За дыпломную работу, выкананую ў 1854 годзе[7], — карціну «Від у Пскоўскай губерні» А. Гараўскі атрымаў вялікі залаты медаль і званне «класнага мастака» з прысваеннем чыну 14 класа згодна «Табелі аб рангах». У гэтым жа годзе А. Гараўскаму быў прысвоены вялікі залаты медаль за пейзаж «Від у маёнтку графа Кушалёва-Безбародкі Краснапольцы ў Пскоўскай губерні».

Восенню 1855 года вярнуўся ў Беларусь, у мястэчка Свіслач. У тым жа годзе ажаніўся з дачкой палкоўніка Міхаіла Бенуа Аляксандрай.

У 1855—1860 гадах як пенсіянер(руск.) бел. атрымаў стыпендыю на ўдасканаленне майстэрства за мяжою, вучыўся ў навучальных установах і студыях ў Жэневе, Дзюсельдорфе, Рыме, Парыжы[7], стажыраваўся ў вядомых еўрапейскіх майстроў, у прыватнасці, у А. Ахенбаха ў Дзюсельдорфе і А. Калама ў Жэневе. Па вяртанні ў Пецярбург у 1860 годзе атрымаў званне акадэміка жывапісу.

Сталае жыццё

І. М. Крамской. «Партрэт А. Гараўскага», 1867

У 1860—1880 г. жыў ва Уборках[7], зімою выязджаў у Пецярбург, дзе ў 1862—1886 г. выкладаў у жаночых і мужчынскіх класах Пецярбургскай рысавальнай школы пры {{нп3|Таварыства заахвочвання мастацтваў|Таварыстве заахвочвання мастацтваў|ru|Общество поощрения художеств}[3]}[7]. У 1860-62 часта наведваў сястру ў маёнтку Брадзец, дзе пісаў пейзажы. Многа вандраваў па Беларусі, Украіне, Расіі і рабіў эцюды, замалёўкі, накіды, збіраючы матэыял для сваіх твораў[7].

Супрацоўнічаў з заснавальнікам Траццякоўскай галерэі П. Траццяковым[3][7], з якім пазнаўміўся ў 1856 годзе. Браты Гараўскія часта наведваліся да яго і падоўгу гасцявалі. Вядома, што П. Траццякоў дапамагаў братам Гараўскім прадаваць карціны, з’яўляўся аб’ектыўным крытыкам і аказваў значны ўплыў на іх творчасць[7]. Браты дапамагалі Траццякову ў фарміраванні мастацкай калекцыі[3]. Так пры пасрэдніцтве А. Гараўскага Траццяковым былі набыты для галерэі славуты «Партрэт скульптара-медальера Ф. Талстога» працы С. Заранкі, палотны У. Баравікоўскага, А. Саўрасава(руск.) бел. і іншых мастакоў. Расійскі збіральнік высока цаніў думку і густ А. Г. Гараўскага[8].

«Партрэт незнаёмкі ў чорным», 1868

У 1869 годзе Акадэмія мастацтваў пасылае Гараўскага на Украіну і ў Беларусь «для дасканаласці сваёй адукацыі і стварэння карцін з народнага побыту тэрмінам на 3 гады, вылучыўшы яму на ўтрыманне па 300 рублёў у год»[3][9][10].

Гараўскі пісаў у Акадэмію з Бабруйскага павета[11]:

" Падарожнічаючы з ранняй вясны, я займаўся здымкай эцюдаў з натуры з рускай прыроды і вывучэннем кароў, цялят, авечак і тыповых фігур, каб злучыць пейзажны род з фігурамі і жывёламі. І ў ліпені месяцы, пісаць з натуры вельмі характэрнае вядомае «Пінскія балоты», ад сырой глебы, зеляніны і тамтэйшага паветра незаўважным чынам атрымаў ліхаманку і рэўматызм у правай назе. Так што вымушаны быў пакінуць распачатую працу і, паправіўшы здароўе, зноў заняўся новымі матэрыяламі, таму і адстаў ад задуманай мною справы, якое пры здароўе паспрабую усімі сіламі ўзнагародзіць. І тады буду мець гонар і задавальненне прадставіць Вашаму правасхадзіцельству і савету Акадэміі мастацтваў працы сваі на разгляд, а ў цяперашні час буду займацца да тых часоў, пакуль холад не прагоніць мяне "
«Старая моліцца», 1872

Палатно «Старая моліцца» (1872) было высока ацэнена І. Рэпіным[8][12][13] і прынесла вядомасць А. Гараўскаму.

У 1874 годзе ўступіў у Таварыства выставак мастацкіх твораў, якое было створана пад заступніцтвам Акадэміі мастацтваў.

У 1875 годзе страціў васемнаццацігадовую дачку, унука і бацьку.

У 1876 годзе пазнаёміўся з А. Трапезнікавым, спадчыннікам купца К. Трапезнікава(руск.) бел..

У 1880 годзе А. Гараўскі набыў маёнтак Кірылавічы, паблізу станцыі Белае (135 км ад Пецярбурга) колішняй Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі.

У 1885—1886 гадах здзейсніў паездку па Сібіры, наведаў Іркуцк[8].

«Партрэт хлопчыка», 1888

Апошнія гады ў летнія месяцы жыў у сваім маёнтку. Да канца дзён захоўваў творчую актыўнасць.

Апалінарый Гараўскі раптоўна памёр 28 сакавіка 1900 года ў Марыінскай бальніцы(руск.) бел. ў Санкт-Пецярбургу ва ўзросце 67 гадоў. Некралогі былі апублікаваны ў выданнях «Новое время» і «Исторический вестник(руск.) бел.». Адпяванне мастака прайшло ў саборы святой Кацярыны(руск.) бел. на Неўскім праспекце, а пахаваны ён быў на Выбаргскіх Рымска-Каталіцкіх могілках(руск.) бел..

Творчасць

«Вячэрні пейзаж», 1855

Творчасць А. Гараўскага разнастайная. Асноўную яе частку складаюць пейзажы, над якімі мастак працаваў практычна ўсё жыццё[3][7]. Жывапісная манера майстра была заснавана на акадэмічных прынцыпах, рэалістычнасці паказу матываў прыроды. Важным для яго з’яўлялася разлічанае, шмат у чым відавое прадстаўленне пейзажнай тэмы. Таму асаблівую ўвагу мастак надаваў кампазіцыйнай пабудове выяў, імкнучыся да ўраўнаважанасці, падзелу паказваемай прасторы на планы[7].

З пейзажных работ характэрныя для творчасці «Від дубовага гая на беразе ракі Свіслач непадалёк ад Бабруйска», «Італьянскі пейзаж з горным возерам», «На радзіме», «Вечар у Мінскай губерні», «Від у ваколіцах Сан-Рэма», «Рака Свіслач». Па меркаванні вядомага даследчыка жывапісу Л. Н. Дробава, Апалінарый Гараўскі быў тыповым прадстаўніком пейзажыстаў 19-га стагоддзя, у творчасці якога знайшлі адлюстраванне дэмакратычныя настроі перадавой беларускай інтэлігенцыі[14]. У Беларусі Гараўскі напісаў свае лепшыя палотны, якім часам даваў даволі доўгія назвы, што, мабыць, не толькі падкрэслівала дакументальнае значэнне малюнкаў той ці іншай мясцовасці, а выступала і своеасаблівым сведчаннем настальгіі па канкрэтных геаграфічныъ пунктах, якія натхнілі яго на напісанне гэтых палотнаў: «Від дубовага гаю блізу Бабруйска», «Пераход статка праз Бярэзіну ў наваколлі Бабруйска перад дажджом» і г. д.

Творы А. Гараўскага адметныя жыццёвай праўдай; лейтматывы: прыгажосць прыроды, народны побыт. Гараўскі цікавіўся народнымі тыпамі, што праявілася ў карцінах «Старая, якая моліцца», «Селянін»[15]. Ён таксама напісаў шэраг партрэтаў, сярод якіх вылучаюцца партрэты К. Ц. Салдацёнкава(руск.) бел., М. І. Глінкі, М. Л. Бенуа, Ф. Бруні, Аляксандра II, А. К. Глазунова, М. І. Глінкі, А. С. Даргамыжскага, А. Вайткевіча[16], М. Галубовіча, імператрыцы Марыі Фёдараўны і інш[3][8].

Спадчына

«Вечар у Мінскай губерні», 1870-я. Паштовая марка РБ 2009 года

Удава А. Гараўскага, Аляксандра, засталася без сродкаў для жыцця з дочкамі, Марыяй і Юліяй, і таму пачала прадаваць працы мастака ў 1900-х гадах бадай што адразу па яго смерці.

Большая частка твораў — 18 карцін — Апалінарыя Гараўскага знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Акрамя гэтага творы мастака знаходзяцца ў Іркуцкім краязнаўчым музеі(руск.) бел., Мурамскім гісторыка-мастацкім музеі(руск.) бел., Рускім музеі, Траццякоўскай галерэі, Стаўрапольскім краявым музеі выяўленчых мастацтваў, музеі «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці», Пензенскай абласной карціннай галерэі(руск.) бел., Кіраваградскім абласным мастацкім музеі(укр.) бел. і іншых.

У 2009 годзе Белпошта выпусціла паштовую марку з выявай карціны А. Гараўскага «Вечар у Мінскай губерні».

Карціна «Замак» захоўваецца ў карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка ў Мінску[17].

Працы ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь

«Канюшына цвіце», 1895
«Замак», 1869

Зноскі

  1. Artists of the World Online, Allgemeines Künstlerlexikon Online, AKL Online / Hrsg.: A. Beyer, B. SavoyB: K. G. Saur Verlag, Verlag Walter de Gruyter, 2009. — doi:10.1515/AKL Праверана 29 верасня 2019.
  2. Apalinary Haraǔski // Grove Art Online / J. Turner[Oxford, England], Houndmills, Basingstoke, England, New York: OUP, 1998. — ISBN 978-1-884446-05-4
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Горавские//Аполлинарий Гиляриевич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 158-159. — 737 с.
  4. РГИА. ― Ф. 1343. ― Оп. 19. ― Д. 3065 ; РГВИА. ― Ф. 400. ― Оп. 12. ― Д. 18689 (1893)
  5. Апалінар Гараўскі = Аполлинарий Горавский = Apalinar Garausky. Минск : Беларусь, 2014. ― ISBN 978-985-01-1111-1
  6. Горавский // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
  7. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 379. — 431 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
  8. 1 2 3 4 Эмануіл Рыгоравіч Іофе. Работа з натуры МАСТАЦТВА. 2013. № 10. с.44-47.
  9. Из прошения в Совет Академии художеств от 28 августа 1867 г. ЦГИАЛ, ф. 789, оп. 14, д. 42, л. 9
  10. ЦДГАЛ. Фонд акадэміі мастацтваў. Воп.14. Спр. 789. Арк. 47.
  11. Гiсторыя беларускага мастацтва у 6 тт. т. 3. Мн., 1989 с. 209—216
  12. П. М. ТРЕТЬЯКОВУ. 28 марта 1813, г. Петербург (руск.)
  13. Орлова М. А. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960. С.23.
  14. Горавский А. Г.
  15. «Новости» от 30 марта 1888, СПб
  16. Партрэт Вайткевіча, намаляваны ў 1853 годзе, быў названы крытыкам А. Майкавым выдатным. Гл. Майков А.(руск.) бел. «Отечественные записки», 1853. No 3. С.42.
  17. Горавский Аполлинарий

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (19):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў Санкт-Пецярбургу
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1833 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з украінскай
Катэгорыя·Памерлі ў 1900 годзе
Катэгорыя·Пахаваныя на Выбаргскіх могілках
Катэгорыя·Памерлі 28 сакавіка
Катэгорыя·Памерлі 10 красавіка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Мастакі Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся 23 студзеня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Нарадзіліся ва Уборках
Катэгорыя·Гараўскія
Катэгорыя·Мастацтва Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся 4 лютага