У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Чаркашын. Алесь Мікалаевіч Чаркашын (27 верасня 1982, Брэст, Беларуская ССР — 28 жніўня 2015, Запарожжа, Украіна) — беларускі грамадскі і ваенны дзеяч, удзельнік вайны на ўсходзе Украіны (Добраахвотніцкі Украінскі Корпус), псеўданім «Тарас». «Народны Герой Украіны» (пасмяротна).
Актыўна ўдзельнічаў у нацыянальным руху Беларусі. Быў членам спартыўна-патрыятычнай арганізацыі «Край», актывістам руху «Зубр». З 2009 года — у арганізацыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», стаў старшынёй Брэсцкага гарадскога аддзялення арганізацыі[1]. Удзельнічаў у Плошчы 2010[2].
Вучыўся ў Таўрычаскім хрысціянскім інстытуце ў горадзе Херсон[1].
У 2014 годзе добраахвотнікам уступіў у шэрагі Добраахвотніцкага Украінскага Корпусу «Правы Сектар», быў байцом Тактычнай групы «Беларусь»[1].
Са студзеня 2015 года браў удзел у антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны. Пазыўны «Тарас». Удзельнічаў у баях за Данецкі аэрапорт, у пасёлку Пяскі, у раёне горада Данецк[1].
Атрымаў цяжкія раненні ў баі з прарасійскімі тэрарыстамі 10 жніўня 2015 года паблізу вёскі Белая Камянка Тэльманаўскага раёна Данецкай вобласці. 28 жніўня 2015 года памёр у шпіталі.
Пахаваны ў вёсцы Камяніца Жыравецкая, Брэсцкі раён, Беларусь.
Пасля смерці засталіся бацькі і двое братоў.