wd wp Пошук:

Васіль Парфянкоў

Васіль Парфянкоў (30 жніўня 1983, Мінск — 26 чэрвеня 2022, паблізу Лысычанска, Украіна) — беларускі грамадскі актывіст, палітвязень Беларусі.

Біяграфія

Нарадзіўся 30 жніўня 1983 года ў Мінску, скончыў 9 класаў мінскай школы № 163, працаваў аўтаслесарам у мінскім аўтапарку № 7[2].

Быў актывістам незарэгістраванай Беларускай Партыі Свабоды. Актыўна ўдзельнічаў у абароне Курапатаў у 2002 годзе, калі мінскія ўлады мелі планы зруйнаваць крыжы-помнікі ахвярам сталінізму дзеля пашырэння МКАД. Падчас абароны Курапатаў, калі невядомыя падпалілі намёт абаронцаў, Васіль выратаваў ад пажару двух чалавек[3].

Браў удзел у акцыях пратэсту разам з «Маладым Фронтам» і «Зубрам». Затрымліваўся міліцыяй і адбываў адміністрацыйныя тэрміны ў ізалятары на Акрэсціна за грамадскую актыўнасць[3].

Падчас выбараў 2010 года актыўна ўдзельнічаў у грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», быў актывістам штаба Уладзіміра Някляева, збіраў подпісы за яго, праводзіў агітацыю. Удзельнік Плошчы-2010[3].

У 2014 г. эміграваў ва Украіну.

Пераслед за грамадскую дзейнасць

Затрыманы ў Мінску 4 студзеня 2011 г. па падазрэнні ў дачыненні да «масавых беспарадкаў» 19 снежня 2010 г. Праз трое сутак апынуўся ў мінскім СІЗА-1 па вул. Валадарскага як удзельнік крымінальнай справы па арт. 293[3].

17 лютага 2011 г. суд Фрунзенскага раёна Мінска за ўдзел у акцыі 19 снежня 2010 года пакараў Парфянкова 4 гадамі калоніі строгага рэжыму. 22 сакавіка 2011 года службовыя асобы ў справе Парфянкова: Вольга Комар, суддзя суда Фрунзенскага раёна Мінска, і Антон Загароўскі, пракурор, — былі ўнесены ў Чорны спіс Еўрасаюза[4].

Адбываў пакаранне ў калоніі г. Оршы[3].

Напісаў прашэнне аб памілаванні на імя А. Лукашэнкі. У прашэнні ён не прызнаў сябе вінаватым, абмежаваўся просьбай выпусціць яго[5].

11 жніўня 2011 г. памілаваны А. Лукашэнкам і вызвалены[6].

29 мая 2012 года В. Парфянкова асудзілі на 6 месяцаў калоніі за парушэнне ўмоваў прэвентыўнага нагляду. Падставай для гэтага стаў яго ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны. 24 ліпеня Мінскі гарадскі суд не задаволіў касацыйную скаргу В. Парфянкова. 9 жніўня Васіль Парфянкоў быў узяты пад варту і адпраўлены адбываць пакаранне ў калонію ў Баранавічах[6].

Вызвалены 9 лютага 2013 года. Узяты пад прэвентыўны нагляд міліцыі[7] на паўгады[8].

12 ліпеня 2013 г. Парфянкову ў чарговы раз было прад’яўленае новае абвінавачванне па артыкуле 421 Крымінальнага кодэксу РБ — парушэнне ўмоваў прэвентыўнага нагляда[7].

Справа была перададзеная ў суд, але судовага працэсу па ёй не адбылося — быў выкарыстаны іншы спосаб уздзеяння: 21 верасня 2013 г. пасля адбыцця 5-суткавага адміністрацыйнага арышту, да якога В. Парфянкоў быў прысуджаны «завочна»[3], яго даставілі з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў у Першамайскае РУУС Мінска(бел. (тар.)) бел., адкуль накіравалі ў лячэбна-працоўны прафілакторый (ЛПП) у Светлагорску на 12 месяцаў для прымусовага лячэння ад алкагалізму[7].

Суд за парушэнне ўмоваў прэвентыўнага нагляда (па абвінавачванні 12 ліпеня 2013 г.) мусіў адбыцца 28 лістапада 2013 г., але паколькі ў судзе высветлілася, што Васілю Парфянкову не паведамілі пра дату суда за пяць дзён да яго пачатку, як таго патрабуе працэсуальнае заканадаўства, ён быў перанесены на 5 снежня[8].

5 снежня 2013 г. суд Першамайскага раёна Мінска (суддзя — Леанід Яроменка) асудзіў грамадскага актывіста за парушэнне правіл прэвентыўнага нагляду да 1 года пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыма[7]. Папярэдне на суд В. Парфянкоў быў дастаўлены пад канвоем са Светлагорска ў Мінск[9].

Адбываў пакаранне ў ПК-9 у г. Горкі. Большую частку зняволення правёў у памяшканні камернага тыпу і штрафным ізалятары — агулам 267 дзён[10].

На ўвесь час зняволення В. Парфянкоў быў пазбаўлены спатканняў і перадач ад сваякоў[11].

Быў вызвалены 5 снежня 2014 г.[12]

Эміграцыя ва Украіну

19 снежня 2014 г. Васіль Парфянкоў разам з сям’ёй — жонкай і 11-месячным сынам — з’ехаў ва Украіну[11]. Там запісаўся ў добраахвотны батальён Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў[13]. У верасні 2015 г. добраахвотнік Васіль Парфянкоў быў паранены ў баявым сутыкненні пад вёскай Пяскі недалёка ад Данецка[14]. У лютым 2016 года Тактычная група «Беларусь» прызнала Парфянкова франтавіком[15].

У 2022 годзе падчас уварвання Расіі ва Украіну зноў ваяваў на баку Украіны.[16] Уступіў у батальён «Волат» палка Каліноўскага. Імаверна загінуў 26 чэрвеня ў баях пад Лысычанскам[17].

Узнагароды

Лаўрэат Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека Хартыі’97 за 2014 год[18].

Гл. таксама

Зноскі

  1. https://charter97.org/en/news/2015/11/10/177714/
  2. За права на выбар. Партрэты асуджаных. Плошча-2010. / Рэд. А.Лапцёнак.— Праваабарончы цэнтр «Вясна» / —Вільнюс: Gudas, 2011. — 142 c. — (C.39).
  3. 1 2 3 4 5 6 Васіль Парфянкоў
  4. Поўны спіс 208 беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЕС (бел.) . Наша Ніва (11 кастрычніка 2011). Архівавана з першакрыніцы 22 кастрычніка 2017.
  5. Вызваленыя палітвязні прыбываюць у Мінск. Выйшлі Парфянкоў, Яроменак, Мацукевіч, Дрозд, Казакоў, Грыбкоў, Сакрэт, Квяткевіч
  6. 1 2 Вызваленне палітвязня Парфянкова чакаецца ў суботу а 11-й гадзіне
  7. 1 2 3 4 ПАРУШЭННЕ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ Ў 2013 ГОДЗЕ
  8. 1 2 Васіль Парфянкоў: «Я — не злачынца, не злодзей, а звычайны беларус..»
  9. Прызначаная дата суду над Васілём Парфянковым(недаступная спасылка)
  10. Васіль Парфянкоў: Не страшна калі ты адзін, страшна, калі ты нуль(недаступная спасылка)
  11. 1 2 Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Снежань 2014 года
  12. Палітзняволены Васіль Парфянкоў на волі
  13. Былы палітвязень Васіль Парфянкоў ваюе ва ўкраінскім батальёне АУН
  14. Васіль Парфянкоў у шпіталі ў Адэсе
  15. Тактычная група «Беларусь» прызнала Парфянкова і Лобава франтавікамі
  16. Беларускі добараахвотнік ва Украіне: уначы нашы збілі верталёт
  17. Полк Каліноўскага выступіў з заявай па стратах, імаверна, трое ваяроў загінулі
  18. Хартыя’97 назвала лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў 2022 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Асобы, якія памерлі менш за год таму
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з тарашкевіцы
Катэгорыя·Палітвязні Беларусі
Катэгорыя·Памерлі 26 чэрвеня
Катэгорыя·Памерлі ў Луганскай вобласці
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1983 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінску
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Полк Каліноўскага
Катэгорыя·Удзельнікі вайны на ўсходзе Украіны
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся 30 жніўня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных