У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ваньковіч.
Юзаф Матэвушавіч Ваньковіч (польск.: Józef Wańkowicz, руск.: Юзеф Матеушевич Ванькович; раней 1788 — пасля 1818) — мінскі павятовы маршалак (1795—1800, 1802—1808), выконваў абавязкі мінскага губернскага маршалка (1800—1802).
Належаў да каталіцкага шляхецкага роду Ваньковічаў гербу «Ліс», які паходзіў з Менскага ваяводства ВКЛ.
Нарадзіўся ў сям’і шляхціца-каталіка Матэвуша Янавіча Ваньковіча, мінскага гродскага суддзі (упамін.1778) і яго жонкі Кацярыны Янішэўскай. Бацька Матэвуш Ваньковіч адносіўся да сярэднезаможнай каталіцкай шляхты Менскага ваяводства ВКЛ, дзе і займаў мясцовыя земскія пасады. Маці таксама паходзіла з сярэднезаможнай шляхты Менскага ваяводства.
Юзаф Ваньковіч ажаніўся са шляхцянкай-каталічкай Марыянай Лускінай, ад якой меў сыноў: Станіслаў Юзафавіч Ваньковіч (1794—?), паручнік (1831); Казімір Юзафавіч Ваньковіч (01.04.1796—?), ажэнены з Кацярынай Любашчынскай, служыў засядацелем II дэпартамента Галоўнага суда Мінскай губерні, у 1817 у Віленскім універсітэце выдаткаваў 6 злотых 20 грошаў на помнік Тадэвушу Касцюшку, быў членам масонскай ложы.
У 1788 упамінаецца, што Юзаф Ваньковіч займаў пасаду мінскага гродскага пісара. Быў выбраны паслом на Чатырохгадовы сейм 1788—1792 гадоў ад Менскага ваяводства. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і ўваходжання зямель ВКЛ у склад Расійскай імперыі, Ваньковіч быў выбраны на пасаду мінскага павятовага маршалка і быў першым мінскім павятовым маршалкам (1795—1800, 1802—1808).
У час, калі расійскі імператар Павел І (1796—1801) адмяніў прынцыповыя пункты «Даравальнай граматы дваранству» (1785), у выніку якіх не прадугледжвалася пасада губернскага маршалка (прадвадзіцеля дваранства) у сістэме дваранскага самакіравання, абавязкі кіраўніка дваранскай суполкі губерні падчас дваранскіх сходаў выконваў па выбару дваран губерні адзін з павятовых маршалкаў. У 1797—1799 абавязкі губернскага маршалка выконваў Міхал Ежавіч Бярновіч, слуцкі павятовы маршалак (1795—1802). Пасля яго Юзаф Матэушавіч Ваньковіч быў выбраны выконваць абавязкі мінскага губернскага маршалка (1800—1802), пакінуўшы пасаду мінскага павятовага маршалка. З аднаўленнем дзейнайсці «Даравальнай граматы дваранству» (1785) у поўным аб’ёме паводле маніфесту расійскага імператара Аляксандра І (1801—1825) ад 2 красавіка 1801, на пасаду мінскага губернскага маршалка на чарговых дваранскіх выбарах быў выбраны Станіслаў Аляксандравіч Ваньковіч, а Юзаф Ваньковіч быў выбраны мінскім павятовым маршалкам і займаў гэту пасаду да 1808.
Атрымаў расійскі чын стацкага саветніка, ордэн Святой Ганны 2 ступені і ордэн Святога Станіслава.
Валодаў маёнткамі ў Мінскім павеце Мінскай губерні.