wd wp Пошук:

Эмар

Сучасны выгляд

Эмар (араб. إيمار‎‎), у нашы дні Тэль-Мескенэ (араб. تل مسكنة‎‎) — помнік археалогіі на месцы старажытнага горада бронзавага веку за 80 км на паўднёвы ўсход ад Алепа на поўначы Сірыі.

Гісторыя

Эмар вядомы з сярэдзіны 3 тысячагоддзя да н. э. як важны гандлёвы цэнтр паўночнай Месапатаміі. Яго месцазнаходжанне ў верхняй плыні Еўфрата з’яўлялася стратэгічным, паколькі злучала ніжнюю Месапатамію з Міжземнамор’ем і Малой Азіяй. Падчас археалагічных раскопак на месцы горада было знойдзена 1170 клінапісных тэкстаў. Большасць з іх была складзена на акадскай мове, каля 100 тэкстаў — на хурыцкай, 2 тэкста — на хецкай.

Тэксты з Мары XVIII ст. да н. э. паведамляюць, што Эмар уваходзіў у склад амарэйскай дзяржавы Ямхад. У XIII ст. да н. э. увайшоў у склад Хецкай імперыі. Выяўлены гандлёвыя і палітычныя сувязі горада з Ісінам, Асірыяй, Эблай і г. д. Эмар перастаў існаваць каля 1187 г. да н. э. у перыяд катастрофы бронзавага веку.

Даследаванне

Археалагічныя раскопкі на месцы Эмара былі ўпершыню праведзены 2 французскімі групамі вучоных у 19721976 гг. у сувязі з будаўніцтвам вадасховішча Эль-Асад, якое павінна было затапіць рэшткі помніка. Пасля будаўніцтва дамбы на Еўфраце вада пакрыла яго частку, астатні Эмар апынуўся на паўвостраве. З 1976 г. да 1992 г. помнік не ахоўваўся, не аднойчы рабаваўся марадзёрамі. З 1992 г. знаходзіўся пад аховай сірыйскага дэпартамента старажытнасцей, у 1996 г. — пачатку 2000-х арганізоўваліся сумесныя раскопкі сірыйскіх і нямецкіх археолагаў. Пасля іх заканчэння месца было закансервавана.

Рэшткі старажытнага Эмара прадстаўлены 3 археалагічнымі пластамі. Найбольш важныя знаходкі: храм Баала, рэзідэнцыя валадара, «ніжні горад» з храмам М2 (магчыма, для шанавання Астарты) і домам жраца, дзе знаходзілася школа і была знойдзена значная частка клінапісных тэкстаў.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Хецкае царства
Катэгорыя·Археалагічныя аб’екты ў Сірыі
Катэгорыя·Гарады Месапатаміі
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96