wd wp Пошук:

Эканоміка Венесуэлы

Венесуэла — індустрыяльна-аграрная краіна. Грашовая адзінка — венесуэльскі балівар. Прамысловасць дае да 40 % ВУП, сельская гаспадарка — 5 %. Самая багатая нафтай краіна свету. Здабыча і экспарт нафты складаюць аснову эканомікі. Папулістычная палітыка Уга Чавеса і яго спадкаемцы Нікаласа Мадура прывялі да жудаснага эканамічнага крызісу, што распачаўся ў 2013 і цягнецца па сёння. Спыніўся прыток замежных інвестыцый; узраслі беспрацоўе, беднасць, дзіцячая смяротнасць. У венесуэльскіх крамах даўно няма самых неабходных тавараў. Па выніках 2018 інфляцыя склала 1 370 000%[2]. Усё гэта вылілася ў масавую эміграцыю, грамадзянскае супрацьстаянне з вулічнымі пратэстамі і міжнародны палітычны крызіс. Венесуэла — адзін з пяці заснавальнікаў нафтавага картэля АПЕК. Са снежня 2005 Венесуэла — член Меркасур.

Галоўныя асаблівасці і сучасны стан эканомікі

Вядучае месца ў гаспадарчым комплексе займае нафтаздабыўная і нафтахімічная прамысловасць (каля 1/3 ВУП, 70 % даходаў бюджэту, звыш 80 % экспарту). Такім чынам, эканоміка Венесуэлы моцна залежыць ад цаны на нафту на сусветным рынку. Яе высокі ўзровень выліваўся ў гады дабрабыту (1970-я, 2000-я, калі Венесуэла належала да ліку найбольш развітых краін Лацінскай Амерыкі); доўгатэрміновае падзенне цаны прыводзіла да крызісаў (1980-я — 1990-я, 2010-я — ?). Эканамічны дабрабыт пачатку 2000-х суправаджаўся ростам дабрабыту сацыяльнага, нябачаным скарачэннем беднасці, аднак празмерныя нафтавыя грошы выключна траціліся і ніякай «падушкі бяспекі» не стваралася.

Тыповы венесуэльскі супермаркет, 2014

Гэтая няўмелая, папулісцкая сацыяльная палітыка Уга Чавеса і Нікаласа Мадура прывяла — як толькі цана на нафту ўпала чарговы раз — да немінучага і найбольш моцнага ў гісторыі краіны эканамічнага крызісу. Знешнія праявы пачаліся са знікнення з паліц крамаў туалетнай паперы, малака і мукі (на пачатак 2019 гэтыя і многія іншыя тавары застаюцца недасяжнай марай для большасці простых венесуэльцаў). У 2015 годзе падзенне ВУП склала неслабыя 6 %, а ў наступныя 3 гады — катастрафічныя 16, 14 і 18 % адпаведна. ВУП на душу насельніцтва, што ў 2000-х быў на роўных з аргенцінскім, за тры гады ўпаў з 17 да 12 тыс. долараў і наблізіўся да паказчыкаў Балівіі і Парагвая. 2018 стаў працягам рэцэсіі. Інфляцыя дасягнула 1 400 000 %, што ставіць Венесуэлу ў адзін шэраг з Германіяй 1923 і Зімбабвэ канца 2000-х. На думку часопіса The Wall Street Journal, у Венесуэле найгоршая ў свеце сітуацыя з правам уласнасці: экспрапрыяцыя без кампенсацыі тут звыклая з’ява[3].

Фінансы

Фінансавая сістэма краіны перажывае востры крызіс у форме гіперінфляцыі. Афіцыйныя ўрадавыя звесткі па інфляцыі не публікуюцца, але, паводле ацэнак заходніх эканамістаў, у 2018 годзе ўзровень інфляцыі складаў 100 000 %, а рознічныя цэны ўзрасталі прыкладна ўдвая кожны месяц[4]. Паволе даных Нацыянальнай асамблеі (парламента), інфляцыя ў 2018 годзе складала 1 700 000 %[5][6].

Нафтавы сектар

Цэнтр нафтавай ініцыятывы Петракарыбэ Sabana Grande, Каракас

У 2010 годзе геалагічныя адкрыцці дазволілі Венесуэле абысці Саудаўскую Аравію і падняцца на першае месца ў свеце паводле выведаных запасаў нафты. Асноўныя раёны здабычы нафты — упадзіна возера Маракайба і паўночная частка басейна ракі Арынока. Да таго ж Венесуэла мае другія запасы прыроднага газу, праўда, толькі ў заходнім паўшар’і. Нафтавы сектар краіны кантралюецца дзяржаўнай кампаніяй Petroleos de Venezuela (PDVSA), якой належыць сетка з 14 000 аўтазаправачных станцый CITGO (ЗША). Перапрацоўка нафты засяроджана ў гарадах Маракайба, Кабімас, Амуай, Пуэрта-ла-Крус, Каракас. Галоўныя парты па экспарце нафты і нафтапрадуктаў — Маракайба, Амуай, Кабімас. Венесуэла — адзін з пяці заснавальнікаў нафтавага картэля АПЕК. З 2005 года дзейнічае праграма льготных паставак нафты краінам Карыбскага басейна (Петракарыбэ). Гадавая здабыча нафты складае 124 млн т. (2016), гэта 11 месца ў свеце.

Прамысловасць і энергетыка

Гідраэлектрастанцыя імя Сімона Балівара — Гуры

Здабыўная прамысловасць апроч нафтавай: здабываюць таксама золата (другі па важнасці экспартны прадукт), жалезную руду (каля 17 млн.тон, 2013), баксіты, нікелевыя, марганцавыя руды, серабро, алмазы і інш. У зусім невялікіх аб’ёмах вядзецца здабыча каменнага вуглю 4 тыс. т. (1997).

Энергетыка: ГЭС Гуры (адна з наймагутнейшых у свеце) і Макагуа на рэчцы Карані, на долю якіх прыпадае да 3/4 усіх энергетычных магутнасцей краіны. Вытворчасць электраэнергіі 131 млрд кВт * гадзін (2013). У 2016 годзе незвычайна працяглая для рэгіёна засуха, выкліканая Эль-Ніньё, абязводзіла Карані настолькі, што Венесуэла апынулася ў энергетычным крызісе. Каб сэканоміць электрычнасць, урад скараціў колькасць працоўных дзён, прымусіў крамы выкарыстоўваць уласныя генератары[7].

Металургія: На базе радовішчаў баксітаў і жалезных руд + таннай электрычнасці ГЭС Гуры створаны металургічныя камбінаты (выплаўка сталі, алюмінію) ў С’юдад-Гуаяне — раёне новага асваення; яшчэ адзін камбінат працуе ў Маракайба.

Машынабудаванне: вытворчасць аўтамабіляў, трактароў, сельскагаспадарчых машын, электрычнай апаратуры ў Каракасе і Баркісімета.

Развіта вытворчасць цэменту.

Сельская гаспадарка

Сельская гаспадарка не забяспечвае ўнутраных патрэб краіны. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі займаюць 25 % тэрыторыі краіны, асноўны земляробчы раён — поўнач і паўночны захад, жывёлагадоўчы — Льянас (цэнтральная Венесуэла). Пераважае буйное землеўладанне. Галоўныя культуры: кукуруза, рыс, цукровы трыснёг, сорга, бульба, какава, бананы, памідоры, апельсіны, кава. З тэхнічных культур — бавоўнік і сізаль. Гадуюць буйную рагатую жывёлу, свінняў, коз, авечак, птушку.

Да 1970-х Венесуэла спаборнічала з Калумбіяй па вытворчасці кавы, пазней быў зроблены акцэнт на нафтаздабычу і кава адышла на другі план, таму сёння Венесуэла складае ўсяго каля 1 % сусветнага рынку кавы. У апошнія гады адбываецца ўздым вытворчасці какавы (Венесуэла некалі была адным з галоўных вытворцаў, пазней саступіла Заходняй Афрыцы), у краіне вырошчваецца рэдкі гатунак какавы, які лічыцца самым смачным і духмяным у свеце і ідзе на выраб арыгінальнага шакаладу.

Транспарт

Галоўны від транспарту — аўтамабільны. Даўжыня аўтадарог 96 тыс. км, у тым ліку 32 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. Галоўныя аўтамагістралі — Каракас — С’юдад-Балівар, Каракас — мяжа з Калумбіяй. Агульная даўжыня чыгунак складае 447 км (2014), у канцы ХХ ст. было ў паўтара разы больш. Выключнае значэнне мае сетка трубаправодаў: даўжыня нафтаправодаў — 7588 км, газаправодаў — 5941 км, нафтапрадуктаправодаў — 1778 км. Развіты паветраны транспарт (444 аэрапортаў і аэрадромаў, з іх 127 з асфальтаванай паласой). Суднаходства па рацэ Арынока і яе прытоках (7 тыс. км). Па возеры Маракайба могуць хадзіць нават акіянічныя судны. Больш за 100 марскіх і рачных портаў. Найбуйнейшы нафтафы порт — Jose terminal. Галоўны порт краіны для нянафтавых тавараў — Ла-Гуайра (аванпорт Каракаса).

Турызм

Пляж на востраве Маргарыта

Да крызісу 2010-х Венесуэла была папулярным турыстычным напрамкам. І прыродных, і гісторыка-культурных прывабнасцей тут хопіць на шмат тыдняў актыўнага адпачынку. Што да аматараў пляжнага баўлення часу, то іх сустракаў добраўпарадкаваны і шыкоўны востраў Маргарыта.

Замежны гандаль

Экспарт: нафта і нафтапрадукты (каля 85 %), золата, жалезная руда, пракат, баксіты і алюміній, сельскагаспадарчая прадукцыя і рыба. Асноўныя пакупнікі прадукцыі — ЗША (40 % у 2016), Індыя і Кітай (па 20 %), Швейцарыя (7 %). Імпарт: харчовыя тавары, хімікаты і лекі, угнаенні, машыны і абсталяванне. Асноўныя пастаўшчыкі тавараў — ЗША (34 %), Кітай (17 %), Бразілія (8 %)[8].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 Report for Selected Countries and Subjects(англ.)
  2. https://www.bloomberg.com/news/articles/2018-10-09/venezuela-s-2018-inflation-to-hit-1-37-million-percent-imf-says(англ.)
  3. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ve.html Архівавана 12 лістапада 2019.(англ.)
  4. Hyperinflations can end quickly, given the right sort of regime change // The Economist, Jan 31st, 2019
  5. Инфляция в Венесуэле по итогам 2018 года составила около 1 700 000 % // ТАСС, 09.01.2019 (руск.)
  6. Inflation could hit 1,000,000 % in Venezuela — so it’s slashed five zeros from its currency // World Economic Forum (англ.)
  7. https://ria.ru/20160428/1422307013.html(руск.)
  8. http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=236&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&tradeDirection=import&year=2016(англ.)

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Эканоміка Венесуэлы